На вышыні «Неба»

На дзіцячым «Еўрабачанні» упершыню перамагла Украіна

Упершыню на дзіцячым “Еўрабачанні” перамагла прадстаўніца Украіны

12-гадовы мінчанін Ягор Жэшка з песняй “А мора-мора...” стаў дзявятым сярод дванаццаці юных ўдзельнікаў дзіцячага конкурсу “Еўрабачанне-2012”, які завяршыўся ў Амстэрдаме. На гэты раз пальма першынства дасталася 10-гадовай прадстаўніцы Украіны Анастасіі Петрык з песняй “Неба”. Яна набрала самую большую колькасць балаў па выніках галасавання журы і тэлегледачоў — 138 — і прынесла сваёй краіне першую за сем гадоў удзелу ў дзіцячым “Еўрабачанні” перамогу ў гэтым конкурсе.

У тройку лідараў трапілі таксама калектыў з Грузіі “The Funkids” — другое месца (103 балы) і армянская група “Compass Band” — трэцяе месца (98 балаў).

Выступленне Ягора Жэшкі з песняй “А мора-мора...” было ацэнена толькі 56 баламі. Найбольшую іх колькасць — 10 — ён атрымаў ад Украіны, ні аднаго бала — ад Галандыі. Па 7 балаў паставілі Азербайджан, Арменія і Грузія, 4 балы — Расія, па 2 балы — Албанія, Бельгія і Малдова. Па 1 балу далі Ізраіль, Швецыя і дзіцячае журы. Плюс да таго 12 бонусных балаў ад арганізатараў песеннага шоу, якімі адразу заахвочваюцца ўсе без выключэння юныя выканаўцы.

На думку педагога па вакале беларускага канкурсанта, мастацкага кіраўніка арт-групы “Беларусы” Валерыя Шмата, з улікам стану здароўя Ягора (перад конкурсам хлопчык сур’ёзна хварэў), і ён, і ўся каманда ў цэлым зрабілі ўсё, што маглі, па максімуму, на сцэне дзеці адпрацавалі выдатна.

“Канечне, мы рабілі стаўку на вакал, на тое, што будзе адмысловае вакальнае шоу, але чалавек мяркуе, а Гасподзь распараджаецца. Тое, што залежала ад голасу, атрымалася не цалкам. І вакальна Анастасія Петрык была мацнейшай. Хаця, на мой погляд, яе нумар не дзіцячы, у ім больш цемры, чым святла”, — цытуе БЕЛТА словы Валерыя Шмата.

Тым не менш менавіта прадстаўніцы Украіны падчас галасавання паставілі максімальна большы бал — 12 — беларускія гледачы. Расія атрымала ад нашай краіны 10 балаў, Арменія — 8, Швецыя — 7, Грузія — 6, Ізраіль — 5, Малдова — 4, Бельгія — 3, Азербайджан — 2, Галандыя — 1, Албанія — 0.

Нагадаем, што ў дзіця-чым “Еўрабачанні” Беларусь удзельнічае ўсе дзесяць гадоў ад пачатку існавання гэтага конкурсу і даволі паспяхова.

Двойчы юныя прадстаўнікі нашай краіны станавіліся яго трыумфатарамі — Ксенія Сітнік у 2005 годзе і Аляксей Жыгалковіч — у 2007-м. Другое месца ў 2006 годзе заняў Андрэй Кунец, трэцяе ў 2011-м — Лідзія Заблоцкая, а першаадкрывальніца ад Беларусі на дзіцячым “Еўрабачанні-2003” Вольга Сацюк па выніках конкурсу была чацвёртай. Але, думаецца, незалежна ад занятых месцаў і набраных балаў, удзел у дзіцячым “Еўрабачанні” становіцца яркай падзеяй, новым вопытам і яшчэ адным крокам наперад у творчым лёсе юных таленавітых выканаўцаў.

--------------------------------------

О гора, гора,

альбо Чаму песня “А мора-мора...” Ягора Жэшкі не стала пераможнай

А на гэта пытанне, бадай, ніхто і не адкажа. Усё, здаецца, складвалася адмыслова: і матыў запамінальны, і хлопец з арыгінальным голасам стараўся, і падтанцоўка была на ўзроўні. Але не склалася ўжо ў чарговы раз.

З больш чым 50 краін Еўропы ўдзел у дзіцячым “Еўрабачанні-2012” прынялі толькі 12 прадстаўнікоў. Малавата будзе. А чаму? Падае інтарэс? Мажліва.

А ўжо наперадзе фінал дарослага “Еўрабачання-2013”, які мае адбыцца ў Швецыі. Хто паедзе ад Беларусі — інтрыга. Як вядома, Польшча і Партугалія адмовіліся прымаць удзел у фэсце: няма грошай. У нас ёсць. А ці будзе плён? Няма адказу. Пакуль што.

Не хачу паказацца песімістам, але, на мой погляд, трэба пачакаць, пакуль зусім дарослай стане Ксенія Сітнік і ў чарговы раз дакажа “бабулi” Еўропе, што талент — заўжды талент. Ну што, пачакаем?

Мік. МІРГАРОДСКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter