На вясельную ўрачыстасць — у музей

У Палацы Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі ўжо прызвычаіліся да таго, што маладыя пары выбіраюць музей месцам правядзення адной з самых радасных падзей у жыцці — рэгістрацыі шлюбу
У Палацы Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі ўжо прызвычаіліся да таго, што маладыя пары выбіраюць музей месцам правядзення адной з самых радасных падзей у жыцці — рэгістрацыі шлюбу

Усё часцей з такой просьбай звяртаюцца і расіяне: прыкладна раз у месяц тут рэгіструецца расійская пара з суседняй Бранскай вобласці і не толькі. А вось жаданне пары з далёкай Іспаніі ўзаконіць свае адносіны менавіта ў Гомелі для супрацоўнікаў музея было хоць і прыемнай, але ўсё ж нечаканай навіной. Маладых іспанцаў прынялі з беларускай гасціннасцю: арганізавалі вясельную ўрачыстасць “князь і княгіня”, прагулку па старым парку і фотасесію ў велічных інтэр’ерах палаца.

Інфармацыю пра гомельскі музей іспанцы знайшлі ў інтэрнэце, які сёння музейныя ўстановы Беларусі актыўна выкарыстоўваюць у сваёй рабоце. А тое, што грамадзяне краіны, дзе сваіх не менш велічных замкаў хоць гаць гаці, выбралі менавіта Палац Румянцавых-Паскевічаў, робіць гонар гомельскім музейшчыкам.

 У тым, што беларускія музеі трымаюць высокую марку, можна было пераканацца на другім Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, які прайшоў у Гомелі. Свае экспазіцыі на выставе прадставілі больш за 90 арганізацый. Як адзначыла госця форуму, галоўны захавальнік Калінінградскага гістарычна-мастацкага музея Ірына Эйдэльман (і з ёй нельга не пагадзіцца), усе экспазіцыі эксклюзіўныя, цікавыя, даюць добры спажытак як для прафесіяналаў, так і для наведнікаў. Дарэчы, Ірына і яе калегі ўжо пастаянныя партнёры некаторых беларускіх музеяў. Выстаўлялі экспазіцыі ў Мінску і Брэсце, а тут, на форуме, прапанову аб супрацоўніцтве калінінградцам зрабілі калегі з Полацка.

— Гэта выдатны горад, калыска гісторыі славянства, і мы будзем супрацоўнічаць з задавальненнем, — адказала на прапанову беларусаў Ірына Эйдэльман.

Шматлікія этнаграфічныя экспазіцыі, непадобныя адна да адной, суседнічалі на форуме са стэндамі аб сярэднявечных рыцарах, беларускіх магнатах і сціплых буржуа, воінах розных часоў. Асабліва шырока была прадстаўлена тэматыка Вялікай Айчыннай вайны: ад прадметаў салдацкага начыння да гарматы, ля якой салдаты на прывале выконвалі пад гітару песні ваенных гадоў. І гэта зразумела — набліжаецца святая дата 70-годдзя Вялікай Перамогі. Не была абдзелена ўвагай іншая вайна, якая змяніла свет, Першая сусветная, стагоддзе пачатку якой адзначала летась уся Еўропа. У ліку іншых экспанатаў музейшчыкі са Смаргоні прадставілі даволі рэдкі экзэмпляр — утыканую шыпамі пáліцу “маргенштэрн”: салдаты кайзера выкарыстоўвалі яе ў акопных баях. Зброю гэту адкапала на сваім агародзе мясцовая жыхарка. Нямала было ўсяго “савецкага”, якое сёння ў свеце таксама ў асаблівым трэндзе.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter