Стартовал новый сезон “Белорусских уикэндов”: известные фильмы в белорусской озвучке собирают в Беларуси полные залы

На вялікіх экранах – “Уладар пярсцёнкаў”

Праект “Беларускія ўікэнды” — з’ява ўнікальная. Упершыню ў нашых кінатэатрах сусветнавядомыя фільмы загучалі на беларускай мове. Гледачы могуць адчуць каларыт роднага слова ў знакамітай камедыі “Адзін дома”, амерыканскай меладраме “Гэта цудоўнае жыццё”, баевіку з непаўторным Брусам Уілісам “Цвёрды арэшак” і шмат іншых. Жанры на любы густ: ад сямейных і дзіцячых фільмаў, анімацыі да прыгодніцкіх камедый, баевікоў і драм.


“Беларускія ўікэнды” прайшлі выпрабаванне часам: у 2016 годзе фільмы праекта паглядзелі 4,8 тысячы чалавек, у 2017-м кіназалы з карцінамі на беларускай мове сабралі 21 тысячу аматараў кіно, а агульная колькасць гледачоў у 2018-м ужо перавысіла 25 тысяч чалавек. Некаторыя фільмы праекта паставілі асабістыя рэкорды: стужку “Шторм: палаючы ліст” наведалі 12 тысяч гледачоў. Чароўная гісторыя аб сяброўстве “Мой сябар жырафа” і анімацыйны фільм пра спрытнага ліса “Неверагодны містар Фокс” сталі лідарамі мінскага кінапракату.

— Кіно на роднай мове запатрабавана,
— упэўнены Андрэй Кім, кіраўнік праекта “Беларускія ўікэнды”. — Гэта пацвярджаюць поўныя кіназалы — яблыку няма дзе ўпасці. З кожным годам усё больш людзей цікавяцца нашым праектам. Сёлета аматараў роднай мовы і цікавых фільмаў чакае шмат сюрпрызаў. Усе карты раскрываць не буду. Адзін з самых грандыёзных планаў — агучыць і паказаць фантастычную кінатрылогію “Уладар пярсцёнкаў”. Справа не простая: усе часткі ідуць больш за 12 гадзін, каб зрабіць агучку, патрэбна шмат сіл і часу. Але ўпэўнены — усё атрымаецца!

Па традыцыі перакладам і агучкай фільма зоймецца кампанія “Кінаконг” пры падтрымцы velcom.

Стужкі адбіраюцца вельмі пільна. Стваральнікі праекта падкрэсліваюць: важна, каб карціна была не толькі камерцыйна паспяховай, але дарыла станоўчыя эмоцыі, дабрыню і цудоўны настрой.

Андрэй Кім успамінае, як у самым пачатку праекта было нялёгка прабіць сцяну непаразумення. Усё ж такі пераклад, якасная закадравая агучка, рэклама, ліцэнзіі каштуюць нямала. А вось аптымізму ў пытанні “Ці будуць глядзець кіно на роднай мове?” многім не хапала. Але справа пайшла ўгару.

— Кінатэатры бачаць, што беларускамоўныя версіі маюць поспех, і больш ахвотна ідуць насустрач, — кажа Андрэй Кім. — Першыя паказы былі бясплатныя. Мы баяліся, што з-за ўводу кошту на білеты глядацкі інтарэс спадзе, але марна. Аншлагі паказалі — цікавасць вельмі вялікая. Супрацоўнікі кінатэатраў кажуць, што напярэдадні гледачы тэлефануюць дзень і ноч, каб толькі трапіць на паказ.


Новы сезон праекта афіцыйна адкрылі на мінулым тыдні на камернай сцэне Купалаўскага тэатра. Невялікую і ўтульную пляцоўку на адзін вечар ператварылі ў кіназалу і студыю для агучкі. Кожны жадаючы мог праявіць талент і “падараваць” свой голас знакамітаму акцёру.

На імпрэзу таксама завіталі акцёры Сяргей Жбанкоў, Павел Харланчук, Святлана Цімохіна, Наталля Кот-Кузьма. Менавіта іх галасамі “размаўляюць” шматлікія персанажы беларускамоўных стужак.

Стартаваў новы сезон “Беларускіх уікэндаў”. Гледачоў чакае шмат кінасюрпрызаў на роднай мове.

— Вопыт агучкі — вялікі падарунак для артыста, — упэўнена Святлана Цімохіна, актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. — У тэатры цябе выбіраюць на ролю, арыентуючыся на твой знешні выгляд, тыпаж, сюжэт п’есы, а тут у межах аднаго фільма можна іграць голасам маленькага хлопчыка, бабулі, прынцэсы... Палітра для акцёрскай працы неабмежаваная.

На імпрэзе гледачам паказалі кароткаметражны фільм “Пацвярджэнне”. Чорна-белую стужку амерыканскага рэжысёра Курта Кені кампанія “Кінаконг” два гады таму першай агучыла на беларускую мову. З яе і пачалася гісторыя праекта “Беларускія ўікэнды”.


Для гледачоў новы сезон пачаўся ў выхадныя. Дзеці і дарослыя з захапленнем сачылі за галоўным героем трагікамедыі “Форэст Гамп”, прыгодамі падлеткаў у фэнтэзі “Хронікі Нарніі: Леў, вядзьмарка і гардэроб”, перажывалі за офіснага служачага ў “Таемным жыцці Уолтэра Міці”.

Стужкі выбіралі невыпадкова. Менавіта яны сталі пераможцамі па выніках народнага галасавання. Дарэчы, у сацсетках існуе суполка “Кінаконг: кіно па-беларуску”, у якой ужо больш за 10 тысяч удзельнікаў. Арганізатары запэўніваюць: ад голасу кожнага залежыць “кінаменю” 2019 года. Тут можна знайсці шмат каментарыяў з падзякамі. Адна з удзельніц форуму піша: “На жаль, у мяне не атрымліваецца хадзіць на ўсе фільмы “Беларускіх уікэндаў”, але кожнае наведванне — свята! “Падынгтан”, “Форэст Гамп”, “Маленькі прынц”, “Уолтэр Міці”, “Рыбка Поньё” і іншыя вядомыя фільмы на беларускай мове. Такую поўную залу ў кінатэатры я бачыла толькі на прэм’ерах “Марвэл”.
Два гады таму фільмы на роднай мове былі даступныя толькі ў адным сталічным кінатэатры. Сёння найлепшыя карціны сусветнага кінематографа ў прафесійнай беларускай агучцы можна паглядзець нават у невялікіх гарадах краіны. За два гады роднае слова з вялікіх экранаў гучала ў 40 гарадах Беларусі, ахапіўшы больш за 60 кінатэатраў.
kristinahilko@sb.by

Фота прадастаўлены арганізатарамі праекта
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter