На возе мінулага ў будучыню не прыедзеш

Былы стратны завод паспяхова адраджаецца ў якасці новага вытворчага падраздзяленняСтарэйшае пакаленне жыхароў Шчучынскага раёна, канечне, памятае, што “каронкай” Вялікага Мажэйкава быў абоза-колавы завод. Аднак прадпрыемства прыйшло ў заняпад, што называецца, ляжала на лапатках. Закрыць стратную вытворчасць азначала пакінуць без працы каля сотні мужчын-кармільцаў, якім у сельскай мясцовасці наўрад ці пашчасціла б знайсці дастойную работу.

Тады было прынята саламонава рашэнне: далучыць праблемны заводзік да прадпрыемства, якое ўпэўнена і дынамічна развівалася. Так з’явілася вытворчае падраздзяленне “Вялікае Мажэйкава” Шчучынскай МПМК-167, дырэктар якой Валерый Лявонавіч Жоль праявіў дальнабачнасць і не пабаяўся ўкласці сродкі ў дастаткова выгадную справу. Мудрасць такой стратэгіі пацвердзіў час. Ды і стаўка на кадры была зроблена вельмі правільна. Узначаліць падраздзяленне запрасілі Генадзя Іванавіча Паўловіча — чалавека думаючага, прагрэсіўнага, добрага арганізатара і выдатнага прафесіянала.
Канечне, цяжкасцей і цяпер хапае. Але за чатыры гады кіпучай дзейнасці і новых падыходаў да справы з’явіліся досыць важкія рэзультаты. А па выніках мінулага года сярод аналагічных падраздзяленняў у сістэме “Гроднааблсельбуд” мажэйкаўцы занялі першае месца ў вобласці. За дынамічнае развіццё. За ўмелую арганізацыю вытворчасці і ўпэўненае расшырэнне сферы дзейнасці. І няхай тут яшчэ дастаткова праблем, аднак яны — вырашальныя. Гэта акрыляе людзей. А сапраўдных майстроў тут нямала.
— Вось знаёмцеся: Аляксандр Білічэнка — чалавек, у якога залатыя рукі, — прадстаўляе Генадзь Паўловіч дастаткова маладога станочніка шырокага профілю.
Аказваецца, гэта ён — Аляксандр Мікалаевіч, майстраваў, вырэзваў па ўласнам лякале элегантны флюгер-шпіль на шчучынскай гарадской вежы. Той самай, з гадзіннікам, якой так ганарацца жыхары райцэнтра. І стыльныя дзверы ў вежу, і імпазантная арка перад гарадскім скверам, і “пушкінскія” лавачкі ў адноўленым з нагоды нядаўняга юбілею Шчучыне — усё гэта выраблена майстрамі з Мажэйкава. А тратуарнай пліткай “мажэйкаўскай фармоўкі” вымашчаны літаральна ўвесь Гродзенскі заапарк, пэўная частка шчучынскіх вуліц, а цяпер і мастаўчане тут свой вялікі заказ размясцілі.
— Мы актыўна развіваем самыя розныя бакі вытворчасці, — тлумачыць Генадзь Іванавіч. — Вырабляем усё, што патрабуецца МПМК-167 для бесперабойнай комплекснай работы на любым будаўнічым аб’екце. Да прыкладу, летась наладзілі выпуск жалезабетонных вырабаў: фундаментных блокаў, кольцаў, агароджаў і гэтак далей. Развіваем участак металаапрацоўкі, арганізавалі вытворчасць шчытавых мазанітавых дзвярэй.
МПМК-167 працягвае ўкладваць у развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы падраздзялення “Вялікае Мажэйкава” значныя сродкі, і самае галоўнае — ад гэтага ёсць рэальная аддача. Уся прадукцыя рэнтабельная і запатрабаваная. Летась выпушчана яе на суму тры мільярды рублёў. Аб’ёмы вытворчасці павялічыліся ў паўтара раза практычна пры той жа колькасці работнікаў.
Генадзь Іванавіч з задавальненнем паказвае нядаўна набытую за 42 тысячы еўра замежную сушылку апошняга пакалення, якая здольна ўмясціць 50 кубоў дошак і праз тыдзень выдаць першакласны будаўнічы матэрыял. З такога робяць у тым ліку і мазанітавыя дзверы, якія атрымалі высокую ацэнку на выставе будматэрыялаў у Мінску.
Многае з абсталявання тут умела мадэрнізуюць, аднаўляюць сваімі сіламі, канструююць.
— Узяць станок для абрэзкі. Ён каштуе прыкладна 15 тысяч еўра, а мы яго, лічы, самі зрабілі, — паказваюць нам рабочыя.
Работа станочнікаў Дзмітрыя Мікульчыка і Аляксандра Жыжнеўскага — заключнае звяно ў вырабе міжпакаёвых дзвярэй.
— Паглядзіце, якія яны якасныя і прыгожыя, — не без гонару за сваю працу гаворыць Дзіма.
Адчуваецца, што работа маладому чалавеку падабаецца, што выконвае ён сваю справу сумленна. Дарэчы, Дзмітрый — жыхар Шчучына. Выходзіць, не толькі горад дае працоўныя месцы вёсцы, але і наадварот.
Спецыяліст па арганізацыі вытворчасці Валерый Баравік пэўны час працаваў у Мінску, у фірме па вырабу мэблі, але вярнуўся ў родныя мясціны. Кажа, работа і тут цікавая, прыносіць задавальненне, а размерана-спакойны рытм правінцыяльнага жыцця яму больш даспадобы, чым сталічная мітусня. Вось такі жыццёвы расклад.
На вытворчасці ў “Вялікім Мажэйкаве” мы гутарылі з многімі людзьмі, і ніхто з іх не пашкадаваў, што менавіта такі лёс напаткаў былы абоза-колавы завод. “На возе мінулага ў будучыню не заедзеш”, — жартавалі нашы суразмоўцы. І ўсё ж асабіста мне крышачку шкада, што, напэўна, ужо ніхто на Шчучыншчыне не зробіць гэткі ладны, дыхтоўны сялянскі вазок, на якім “ехаў дзедка на кірмаш...” Зрэшты, гэта — так, настальгія...
Мы заходзім у новы клас па тэхніцы бяспекі, у абсталяванне якога МПМК-167 уклала 35 мільёнаў рублёў. Камп’ютар, наглядная агітацыя, усе ўмовы для вучобы, мэта якой — безаварыйная праца. Што й казаць, ідуць у нагу з часам тамтэйшыя працаўнікі.
Між іншым, калі пісаліся гэтыя радкі, кіраўнік вытворчага падраздзялення “Вялікае Мажэйкава” Генадзь Паўловіч і майстар металаапрацоўчага ўчастка Л.І.Макарчук знаходзіліся ў ... Парыжы на прэстыжнай выставе будматэрыялаў. А тое, што прывезеныя з-за мяжы новыя ідэі будуць абавязкова так ці іначай рэалізоўвацца, сумніву не падлягае. Менавіта энтузіясты рухаюць прагрэс, а значыць, эпоха Рэнесанса ў “Вялікім Мажэйкаве” толькі пачынаецца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter