Как никогда рано: наш корреспондент вместе с коммунальщиками подключала отопление в домах

На цёплым баку восенi

У гэтым годзе надвор’е б’е рэкорды — і па спякоце, і па холадзе. Летась, нагадаю, батарэі пачалі грэць  з 1 кастрычніка, а сёлета ўжо ў верасні запускаем цяпло, бо ноччу па краіне ўжо фіксуюцца замаразкі і днём сонейка не сагравае. Таму ацяпляльны сезон стартаваў раней, чым звычайна. У паня-дзелак пачалі саграваць батарэі ў дзіцячых садах, школах, медустановах, музеях і іншых сацыяльных аб’ектах, а ўчора з самай рані-цы  — у жылфондзе. Карэспандэнт «Р» ра-зам са спецыялістамі падключала ацяпленне ў дамах. Здымайце шарсцяныя шкарпэткі!

Галоўны інжынер Лілія Канцавенка і рабочы па комплексным абслугоўванні Яўген Ардзевіч уключаюць ацяпленне.

Мінгарвыканкам сваё слова стрымаў: паабяцалі 24 верасня пачаць ацяпляльны сезон жылфонду — зрабілі. Аднак калі ў вашым доме яшчэ холадна, не трэба нервова мацаць батарэі: поўнае ўключэнне ацяплення адбудзецца на працягу пяці дзён, а на працягу 10 дзён — наладка ўсіх сістэм. Так што вось-вось сагрэюцца ўсе. Цімафей Крэмез, намеснік генеральнага дырэктара па эксплуатацыі жыллёвага фонду і вытворчых пытаннях ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» распавёў:

— Ёсць графік, узгоднены з УП «Мінсккамунцепласетка» і філіялам «Мінскія цеплавыя сеткі» РУП «Мінскэнерга», дзе вызначана штодня запускаць 1/5 частку жылога фонду — 20 працэнтаў. Адначасова ўсюды запусціць ацяпленне фізічна і тэхнічна немагчыма. Зараз назіраем, наколькі ў нас стабілізаваліся гідраўлічныя параметры: калі ўсё дазволіць паскорыць працэс уключэння ацяплення, то мы гэта зробім, аднак прытрымлівацца будзем пяцідзённага запуску.

Мы знаходзімся на вуліцы Шугаева, 17б у цеплавузле 19-павярховага дома. Напэўна, у кватэрах яшчэ зябка — зараз выправім гэта. У апошнія дні ўсе работнікі, якія падтрымліваюць надвор’е ў нашых дамах, працуюць з 8 да 20 гадзін. Спецыялісты дзяржаўнага прадпрыемства «ЖЭУ № 6 Першамайскага раёна г. Мінска» таксама былі падрыхтаваныя да ацяпляльнага сезона.

— А 6-й раніцы глянуў на тэрмометр: за акном -2 градусы. Холадна! У гэтым годзе як ніколі рана ўключаем цяпло, самі радуемся, — кажа дырэктар ДП «ЖЭУ № 6 Першамайскага раёна г. Мінска» Мікалай Нікалаеў. — У адзін момант ва ўсіх дамах уключыць цяпло тэхнічна і фізічна немагчыма, ды і не трэба. Такія нагрузкі кацельні не вытрываюць. Усё робіцца акуратна і паступова.

Ведаеце, калі пачалі падрых­тоўку да асенне-зімовага перыяду спецыялісты? Як толькі скончылі папярэдні ацяпляльны сезон — у канцы красавіка, калі адключылі батарэі. Ажно да жніўня займаліся заменай цеплаізаляцыі, запорнай арматуры, пераварваннем стаякоў, прамываннем, прачысткай, навядзеннем парадку.

Цяпло ў першую чаргу паступае ў дзіцячыя садкі, школы, бальніцы і на іншыя аб’екты сацсферы.

— Усе слабыя месцы, якія выявілі на працягу ацяпляльнага сезона, выпраўляюцца. Толькі пасля падпісваюцца пашпарты гатоўнасці — значыць, жыллёвы фонд падрыхтаваны да запуску цяпла, — працягвае Мікалай Нікалаеў. Галоўны інжынер Лілія Канцавенка і рабочы па комплексным абслугоўванні Яўген Ардзевіч завядуць катрынку цяпла. Яўген падыходзіць да трубаправодаў падачы цяпла і зваротнай падачы, якія забяспечваюць правільную цыркуляцыю гарачай вады. Два рухі — рабочы пракруціў рычагі аднаго і другога трубаправода — усё, пайшла гарачанькая!

Так проста і так складана. Мала запусціць, патрэбны яшчэ час на рэгуляванне аўтаматыкі і распаветрыванне сістэм ацяплення ў кватэрах, калі такое ў кагосьці здараецца.

Не магу не спытаць у спецыя­лістаў, што рабіць, калі ў адным пакоі батарэі гарачыя, а ў другім — ледзь-ледзь цёплыя? Мікалай Нікалаеў тлумачыць:

— У адным пакоі ацяпленне ідзе на падачу цяпла, а ў другім — адваротная падача цяпла, таму навобмацак другая батарэя будзе халаднейшай. Сукупна паветра ў кватэры будзе аднолькавае. Норма тэмпературы ў памяшканні — ад 18 да 25 градусаў цяпла.

Калі ж на вуліцы раптам пацяплее ці, наадварот, пахаладае,  то падачу цяпла адрэгулюе аўтаматычная сістэма. Дарэчы, ацяпляльны сезон, які традыцыйна пачынаецца з сацыяльнай сферы, стартаваў 23 верасня ў Магілёўскай, Мінскай, Віцебскай абласцях, у Гродзенскай і Гомельскай абласцях — з 24 верасня, у Брэсцкай вобласці ацяпленне ўключаць сёння. Тэрміны падачы цяпла ў жылыя дамы будзе вызначаць надвор’е. 
Уключэнне ацяплення ў жылфондзе Мінска пачалося з 24 верасня. Работы па распаветрыванні і наладцы сістэм ацяплення могуць заняць да 10 дзён.
kasel@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter