На цёплым баку горада

У Гомелі завяршыўся інвестыцыйны праект па рэканструкцыі найстарэйшай ЦЭЦ

Мадэрнізацыя ЦЭЦ-1 гомельскіх цеплавых сетак доўжылася амаль два гады. Таму нават дождж, які падчас урачыстага адкрыцця ліў як з вядра, настрою энергетыкам не сапсаваў. Занадта шмат выдаткавана сіл, каб хвалявацца з-за капрызаў нябеснай канцылярыі.

Электрастанцыя была пабудавана яшчэ ў 1923 годзе і на сваім вяку пабачыла нямала.

Павіншаваць работнікаў прадпрыемства са знакавай падзеяй прыехалі віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык, старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік, прадстаўнікі кампаній, якія праводзілі рэканструкцыю. Неабходнасць у ёй наспела даўно. Сама электрастанцыя была пабудавана яшчэ ў 1923 годзе і на сваім вяку пабачыла нямала. У гады вайны, да прыкладу, яе ўзарвалі падпольшчыкі. 

Але галоўнай перадумовай рэканструкцыі сталі тэмпы развіцця Гомеля. А менавіта Навабеліцкага раёна, які знаходзіцца на левым беразе Сожа. У апошнія гады тут растуць мікрараёны-новабудоўлі, у сувязі з чым узнікла неабходнасць павелічэння магутнасцей цеплазабеспячэння.

Тэндар выйграла Кітайская машынабудаўнічая інжынірынгавая карпарацыя, у паслужным спісе якой дзясяткі аб’ектаў, у тым ліку ў нашай краіне. Раней кітайскія партнёры ўжо займаліся рэканструкцыяй Бярозаўскай і Лукомльскай ГРЭС. Прычым абедзве былі здадзены раней за тэрмін.

Кошт комплекснага будаўніцтва перавысіў 46,5 мільёна долараў. Большая частка сумы прыйшлася на абсталяванне.

Аднак работы на гомельскай ЦЭЦ-1 сталі сур’ёзным выклікам. Шчыльна да яе праходзяць буйная аўтамагістраль і чыгунка, паблізу жылы сектар, рака і мост. Складаныя тэхнічныя задачы даводзілася вырашаць на кожным кроку. Кошт комплекснага будаўніцтва перавысіў 46,5 мільёна долараў. Большая частка сумы прыйшлася на абсталяванне.

Вынік уражвае нават візуальна. Заходзім у пабудаваны з нуля новы блок – будынак вышынёй са шматпавярховы дом. Унутры канструкцыі з тысяч тон сталі і галоўныя агрэгаты – кацёл-утылізатар, газавая і паравая турбіны. За кошт гэтага ЦЭЦ-1 павысіць прадукцыйнасць і зможа абслугоўваць Цэнтральны, Навабеліцкі і часткова Савецкі раёны Гомеля.

Другі і не апошні плюс – скарачэнне спажывання прыроднага газу. Па разліках, эканомія складзе 20 тысяч тон умоўнага паліва ў год. Што ў сваю чаргу дасць магчымасць знізіць бюджэтную нагрузку на датацыю розніцы ў тарыфах. У сувязі з гэтым Уладзімір Сямашка нагадаў пра даручэнне Прэзідэнта – адыход ад перакрыжаванага субсідзіравання павінен ажыццяўляцца паэтапна. У цеснай прывязцы да рэальнага росту заробкаў і пенсій.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір ДВОРНІК, віцэпрэм'ер Уладзімір СЯМАШКА, прадстаўнік кітайскай кампаніі, міністр энергетыкі Уладзімір ПАТУПЧЫК націскаюць стартавую кнопку на адкрыцці новага блока Гомельскай ЦЭЦ-1.

Дадатковы бонус – паляпшэнне ўмоў працы энергетыкаў. Асабліва тых, каму даводзіцца несці вахту круглыя суткі. Інтэр’ер дыспетчарскай выкананы ў стылі хай-тэк, на сценах плазменныя экраны. Дзяжурная змена знаходзіцца перад маніторамі, не адрываючыся ад іх нават у прысутнасці шматлікай дэлегацыі.

Кажучы пра перспектывы галіны ў цэлым, Уладзімір Сямашка пазначыў прыярытэты развіцця. Сярод іх павелічэнне долі мясцовых відаў паліва і аднаўляльных крыніц энергіі, стварэнне ўласнай атамнай энергетыкі. Глабальная мэта – новая эканоміка энергасістэмы, якая зробіць яе больш эфектыўнай, а таксама забяспечыць энергетычную бяспеку краіны.

Фота аўтара і БЕЛТА.

proleskovskiy77@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости