Хочаш у Антарктыду?» — першапачаткова прапанову сябра Павел Шаблыка з Маладзечна ўспрыняў як жарт

На той канец свету

Хочаш у Антарктыду?» — першапачаткова прапанову сябра Павел Шаблыка з Маладзечна ўспрыняў як жарт. Але ў Інстытут прыродакарыстання НАН, які і шукаў такога спецыяліста, звярнуўся. Выпускніка-геолага ўзялі ў штат, і зараз 24-гадовы хлопец самы малады у нашай краіне палярнік, які на днях адправіцца на Паўднёвы полюс.

Фота з асабістага архіва Паўла ШАБЛЫКА
Фота з асабістага архіва Паўла ШАБЛЫКА

На вуліцы каля нуля, мы ідзём па заснежаным Мінску. Паша глядзіць у вячэрняе неба, усміхаецца: «Хачу нацешыцца змрокам, а то ў Антарктыдзе будзе паўднёвы дзень. А я ж сава па натуры, як без ночы жыць, не ведаю». 

Разам з ім на Паўднёвы полюс адправяцца яшчэ чатыры чалавекі. Экспедыцыя працягнецца са снежня па красавік, асноўныя рэчы і абсталяванне палярнікі ўжо адправілі. Дарэчы, шлях на другі край зямнога шара няблізкі: самалётам у Паўднёва-Афрыканскую рэспубліку, а адтуль два тыдні на караблі да Антарктыды. 

«Пяць месяцаў будзем рыхтаваць пляцоўку для першага модуля айчыннай палярнай станцыі і працаваць над сваімі праектамі, — кажа малады навуковец. — Я, напрыклад, спецыяльным прыборам буду даследваць магнітную абстаноўку і расколіны ў льдзінах». Да паездкі хлопец паўтара года вывучаў усё гэта ў тэорыі, зараз пяройдзе да практыкі.

А яшчэ за ім роля галоўнага па кухні. Гатаваць, прызнаецца, любіць, нават поварам у кафэ працаваў. Вось толькі пра асартымент прадуктаў, што будзе з сабой, чуў няшмат — крупы ды кансервы, таму не можа пакуль вызначыцца са спісам рэцэптаў. «Хоць мне здаецца, суровыя мужчыны-палярнікі ўсё з’ядуць», — усміхаецца.

— Вы ўжо добра знаёмыя? — пытаю.

— Не вельмі, у асноўным перасякаліся ў цэнтры палярных даследаванняў ды на медаглядзе. Падчас сустрэч яны мне шмат расказваюць пра паездку. Папярэджваюць: складаней за ўсё будзе ў сакавіку—красавіку, калі пачнуцца моцныя ветры і снегапады. З-за іх бачнасць бывае метра паўтара, і можна заблудзіцца. 

Але Паша вырас у турыстычных паходах, таму да цяжкасцей гатовы. Калі маці была ім цяжарная, смела плавала на байдарках. Ды і сын экстрэмалам вырас не меншым. Напрыклад, ужо два гады яны з сябрамі 31 снежня ўзбіраюцца на вышэйшую кропку Украінскіх Карпат. Да таго ж, да экспедыцыі інженер-геафізік спецыяльна атрымаў правы і навучыўся ездзіць на квадрацыкле і снегахо-дзе. 
Заходзім у кафэ. Пьём гарачую гарбату, працягваем размаўляць пра холад. 

— А як блізкія адрэагавалі на паездку? — цікаўлюся.

— З родных у мяне толькі старэйшы брат, і ён мяне падтрымлівае і зайздросціць. Шкада, у Антарктыдзе не будзе пастаяннага доступу да інэрнэту, і мы зможам звязвацца толькі раз у месяц. Рады за мяне і сябры. Яны, што цікава, зараз робяць чырвона-зялёныя флажкі, на якія змяшчаюць свае здымкі, і просяць завезці такія «прывітанні» ў Антарктыду.

Увогуле ж, рэчаў малады палярнік з сабой бярэ няшмат: камп’ютар, тры кнігі, вязаныя шкарпэткі ды два кілаграмы кавы. Астатняе, кажа, выдадуць на месцы.

— І ўсё ж, чаго табе ў Мінску не сядзіцца?

— Холаду баюся, вось і ўцякаю на поўдзень. У Антарктыдзе зараз лета, сярэдняя тэмпература -15. Хаця можа быць і -5. Лічы, цяплей, чым тут у студзені. А калі сур’ёзна, то шанец трапіць у такую паездку выпадае раз у жыцці. 

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

panteleeva_katya@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter