На тонкіх струнах душы

Спявак з Беларусі выканае песні знакамітага Джо Дасэна

Спявак з Беларусі выканае песні знакамітага Джо Дасэна

Уладзімір Александровіч — уладальнік цудоўнага баса-барытона — атрымаў такую цікавую прапанову ў час свайго выступлення ў Рыме. «Да мяне падышоў чалавек і пачаў нешта гаварыць па-французску. Я далёка не ўсё разумеў, але злучальным словам стала імя Джо Дасэна. Потым перакладчыца растлумачыла, што гэтыя людзі — сваякі знакамітага спевака і яны хацелі б надаць яго песням новае жыццё. Складанасць у тым, што вельмі цяжка перадаць тонкі пранікнёны лірызм, асаблівасці голасу і манеры выканання Джо. І яго блізкія хацелі б, каб песні прагучалі так, як былі напісаны для яго, і зрабіць гэта з аркестрам», — расказвае Уладзімір.

Такая незвычайная прапанова вельмі захапіла спевака. Праз два месяцы ён быў у Парыжы і паказаў некалькі твораў на французскай мове. Плануецца, што гэты складаны і арыгінальны праект убачыць свет у 2015 годзе, а першы канцэрт пройдзе на сцэне знакамітага кабарэ «Мулен Руж».

У гэтым кантэксце нельга не сказаць некалькі слоў і пра самога Уладзіміра Александровіча. У свой час ён скончыў Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя Міхала Клеафаса Агінскага. Зараз гэта вядомы оперны спявак, лаўрэат 17 міжнародных конкурсаў. У час міжнароднага конкурсу маладых камерных і оперных спевакоў у Хельсінкі яго заўважыў Муслім Магамаеў, які быў членам журы, і параіў уключыць у свой рэпертуар такія вядомыя песні, як «Мелодыя», «Благаслаўляю цябе» і іншыя, што былі візітнай карткай самога Магамаева. Уладзімір выслаў запісы спеваку і атрымаў адабрэнне. З той пары многія свае канцэрты ён пачынае з выканання гэтых песень. Так у яго рэпертуары з’явілася класічная эстрада. Жаданне асвойваць розныя бакі вакальнай творчасці прывяло яго да амаль бесперапыннай вучобы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter