На сямi ўзгорках расце

Да Радашковiч, гарадскога пасёлка Маладзечанскага раёна, што на Мiншчыне, дабiрацца са сталiцы даволi зручна. Нейкiя паўтары гадзiны на электрычцы, дваццаць хвiлiн аўтобусам — i я ў горадзе. Зрэшты, гэты населены пункт так назаве далёка не кожны, хто прыедзе сюды ўпершыню. Радашковiчы з iх вузенькiмi вулiцамi, абсаджанымi каштанамi i лiпамi, утульнымi плошчамi, дзе, здаецца, у кожным куточку дыхае сама гiсторыя, больш нагадваюць старадаўняе беларускае мястэчка.

Карэнныя жыхары асаблiва зараз, калi Радашковiчы рыхтуюцца адзначыць свой 560-гадовы юбiлей, узгадваюць, што раней гэта быў даволi буйны горад. У 1569 годзе паселiшча атрымала магдэбургскае права. Праз Радашковiчы тады праходзiў i знакамiты вiленскi шлях, што злучаў Вiльню з Мiнскам. У складзе Расii, куды Радашковiчы ўвайшлi ў 1793 годзе, яны з’яўлялiся заштатным горадам Вiлейскага павета, а потым i цэнтрам воласцi. Да Вялiкай Айчыннай гарадок быў раённым цэнтрам, а ў 60-я, калi колькасць насельнiцтва значна зменшылася, Радашковiчы было вырашана далучыць да Маладзечанскага раёна.

Заўтра ствараецца сёння
Сёння мястэчка жыве прыкладна гэтак жа, як i большасць невялiкiх пасяленняў Беларусi. Але з уключэннем Радашковiч у Дзяржаўную комплексную праграму развiцця рэгiёнаў, малых i сярэднiх гарадскiх пасяленняў на 2007—2010 гады мясцовыя жыхары спадзяюцца, што з цягам часу iх жыццю змогуць пазайздросцiць нават мiнчукi.
Значныя змены ў жыццi пасёлка адбываюцца ўжо зараз. Па словах старшынi Радашковiцкага пасялковага Савета Сяргея Уласава, распрацавана праграма развiцця пасёлка на блiжэйшыя пяць гадоў, згодна з якой тут пачнецца будаўнiцтва аграгарадка. Увогуле, апошнiм часам у пасёлку з’яўляецца шмат новых пабудоў. Сяргей Iванавiч i сам дзiвiцца таму, як расце колькасць жадаючых атрымаць зямельныя ўчасткi: “Яшчэ год таму чэргаў не было, а сёння ўжо 42 чалавекi гатовы пачаць будаўнiцтва. Людзi бачаць рэальную дапамогу з боку дзяржавы, з упэўненасцю глядзяць у будучыню”.
Вядзецца работа i па стварэннi жыллёвага кааператыва для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, iх у пасёлку каля 180. А праз два месяцы ўжо будзе здадзены дом для маладых i мнагадзетных сем’яў. Узводзяцца дамы ў чатырох новых мiкрараёнах Радашковiч. Летась праз увесь пасёлак быў праведзены прыродны газ, а сёлета будуць заменены ўсе лiнii электраперадачы, цеплатрасы. Дарэчы, хутка будзе вырашана пытанне i з забеспячэннем насельнiцтва гарачай вадой у мiжацяпляльны сезон.
Значная ўвага надаецца добраўпарадкаванню дарог. Так, у Радашковiчах 52 вулiцы агульнай працягласцю больш за 30 кiламетраў, з якiх заасфальтавана пакуль што толькi 18. Але дзякуючы таму, што на добраўпарадкаванне тэрыторыi пасёлка сёлета выдаткавана звыш за 850 мiльёнаў рублёў, Радашковiчы стануць яшчэ больш утульнымi, запэўнiў старшыня пасялковага Савета. Вырашаны праблемы з транспартным забеспячэннем. Цяпер аўтобусы i маршруткi курсiруюць па ўсіх напрамках 38 разоў на дзень.
Клопат пра людзей
Сёння ў Радашковiчах пражывае каля 30 мнагадзетных сем’яў. Гэта досыць многа для населенага пункта з колькасцю жыхароў усяго пяць тысяч 800 чалавек. Выхавальнiцы мясцовых дзiцячых садкоў здзiўляюцца, калi задаеш пытанне пра змяншэнне колькасцi дзяцей у групах. Для Радашковiч такая тэндэнцыя нехарактэрная. З кожным годам развiваецца сфера культуры i адпачынку. Так, у мясцовай школе мастацтваў (у будучым годзе, дарэчы, пачнецца ўзвядзенне новага будынка) сёння займаецца каля 150 дзяцей i падлеткаў. У цэнтры культуры i адпачынку найбольшай папулярнасцю карыстаюцца гурткi па фiтнесу, фларыстыцы, бiсерапляценню, этыкету. У хуткiм часе павiнна з’явiцца i трэнажорная зала.
Самым балючым пытаннем, па словах Сяргея Уласава, застаецца занятасць насельнiцтва. У пасёлку дзейнiчаюць Радашковiцкi керамiчны завод, ААТ “Белмастацкерамiка”, санаторыi “Сасновы бор”, “Багатыр”, “Брыганцiна”, “Зорны”, 11 дзiцячых аздараўленчых лагераў, дзве школы, два дзiцячыя садкi, дзве бiблiятэкi, цэнтр культуры i адпачынку, цэнтр дзiцячай творчасцi “Маладзiк”, школа мастацтваў, кiнатэатр, палiклiнiка, бальнiца, 11 магазiнаў. Але, на жаль, з 3 тысяч 723 чалавек працаздольнага насельнiцтва на мясцовых прадпрыемствах занята ўсяго дзве тысячы. Астатнiя вымушаны шукаць работу ў iншых гарадах, а хтосьцi зусiм нiдзе не працуе. “Але дзякуючы распрацаваным комплексным праграмам, бiзнес-плану па дапаўненню працоўных месцаў на iснуючых у пасёлку прадпрыемствах спадзяёмся, што нам ўдасца палепшыць сiтуацыю з занятасцю насельнiцтва, — гаворыць Сяргей Iванавiч. — У гэтым годзе пачне работу кандытарскi цэх у старым будынку хлебазавода, якi выкупiў ва ўласнасць прыватны прадпрымальнiк. Там з’явiцца яшчэ каля 40 вакансiй. Больш за 100 працоўных месцаў прапануе ААТ “Белметпласт”, а таксама новае прадпрыемства па рамонту аўтамабiльнага электраабсталявання. Пашырае вытворчасць Радашковiцкi керамiчны завод. У мiнулым годзе прадпрыемства перавыканала прагнозныя паказчыкi ў два-тры разы. Гэта спрыяе стварэнню новых працоўных месцаў. Чаго нельга сказаць, на жаль, пра ААТ “Белмастацкерамiка”.
Гэту праблему абвастрае яшчэ адна, не менш важная. Як i чым дапамагчы перасяленцам з горада Мiнска, большасць з якiх вядуць асацыяльны лад жыцця? Людзi, што пакутуюць ад алкагалiзму, становяцца ахвярамi рыэлтараў, якiя, абяцаючы вялiкую суму грошай ад размену кватэры ў Мiнску на меншую ў Радашковiчах, пакiдаюць сваiх клiентаў фактычна з пустымi кiшэнямi.
Беларуская Швейцарыя
Радашковiцкая зямля прываблiвае да сябе не толькi светлай перспектывай раз-вiцця. Заварожвае яна i сваёй незвычайнай прыгажосцю
кожнага, хто хаця б раз наведваўся сюды. Прырода, у якой гарманiчна спалучаюцца лясы, азёры, узгоркi, падабаецца людзям розных нацыянальнасцей, што жывуць тут.
А захапiцца i сапраўды ёсць чым. Кажуць, каб убачыць усе Радашковiчы, як на далонi, дастаткова ўзняцца на адно з узвышшаў, на якiх i размясцiўся пасёлак. Нездарма гэтыя мясцiны, як i суседнюю Лагойшчыну, называюць беларускай Швейцарыяй. Адметныя гэтыя мясцiны i тым, што тут у Святатроiцкiм касцёле ў 1882 годзе хрысцiлi Янку Купалу. Беларускi пясняр адзiн час працаваў у мясцовай управе. У Радашковiчах у будынку, дзе сёння месцiцца пажарная часць, упершыню быў пастаўлены спектакль па п’есе Янкi Купалы “Паўлiнка”. Некалi ў мястэчку жыў пiсьменнiк Ядвiгiн Ш. (Антон Iванавiч Лявiцкi). У Радашковiцкай гiмназii вучыўся Максiм Танк. Да нашых дзён захаваўся дом, у якiм жыў публiцыст i грамадскi дзеяч Бранiслаў Тарашкевiч. У Радашковiчах ён пазнаёмiўся з дзяўчынай, якая стала потым яго жонкай. Калiсьцi памiж двума ставамi, утворанымi на рэках Гуйка i Вязынка, стаяў драўляны замак, якi формай нагадваў няправiльны чатырохвугольнiк. З усiх бакоў замак акружала вада.
Ля Радашковiч у гады Вялiкай Айчыннай вайны здзейснiў свой подзвiг Мiкалай Гастэла. Музей паветраных i вогненных таранаў, што дзейнiчае пры агульнаадукацыйнай школе-iнтэрнаце для дзяцей-сiрот i дзяцей, якiя засталiся без апекi бацькоў, з 1978 года наведала каля 30 тысяч чалавек. А нядаўна расiйскiм камiтэтам па культуры музей быў узнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага за прапаганду подзвiгаў лётчыкаў-герояў. Карацей кажучы, турыстам ёсць што паказаць i расказаць. Шкада, што ў Радашковiчах гэта сфера паслуг зусiм пакуль што не развiта. А гэта магло б прынесцi значныя сродкi ў мясцовы бюджэт.
...Вярталася з Радашковiч з упэўненасцю ў тым, што праз колькi гадоў каларытнае беларускае мястэчка, у якiм ужо сёння кiпiць работа па рэалiзацыi комплексных праграм развiцця, абавязкова дасягне пастаўленых мэт i стане не менш прывабным месцам на Зямлi, чым тая ж Швейцарыя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter