Троицкий фестиваль в Гервятах Островецкого района собрал сотни гостей из Беларуси и Литвы

На свята да суседзяў

У  мінулыя выхадныя ў Гервятах Астравецкага раёна было па-асабліваму прыгожа і ўрачыста. Сюды і ў будні прыязджае нямала гасцей — як-ніяк Гервяцкі касцёл, пабудаваны ў 1899—1903 гадах у неа-гатычным стылі, лічыцца адным з самых прыгожых у нашай краіне. А 15—16 чэрвеня тут яшчэ адзначалі ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы — міжнароднае свята, якое прэтэндуе стаць брэндам раёна.

ostrovets.by

Троіцкі фэст у Гервятах штогод збірае сотні гасцей з розных куткоў Беларусі і Літвы. Сёлета на свята, піша ostrovets.by, прыбылі старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін і яго намеснік Віктар Свіла, пасол Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Андрус Пулокас, епіскап вільнюскі Арунас Панішкайціс, шматлікія літоўскія музычныя калектывы і гэтак далей.

Чаму так шмат гасцей з Літвы? Справа не толькі ў суседстве краін. Трэць насельніцтва Гервяцкага сельсавета — літоўцы па нацыянальнасці. У Гервяцкім касцёле нават служба вядзецца на літоўскай мове. А фэст толькі пацвярджае добрасуседства беларусаў і літоўцаў. Дарэчы, сёлетні фестываль незвычайны.

— Мы дзякуем Богу за свабоду і мірнае жыццё і прысвячаем гэтую ўрачыстасць 75-годдзю вызвалення Беларусі і Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — адзначыў у прывітанні гасцям пробашч гервяцкай парафіі ксёндз Эліяс Анатоліюс Маркаўскас

Па традыцыі свята адкрылі ўрачыстай імшой, якая завяршылася працэсіяй вакол касцёла. Пасля госці фэсту ўсклалі кветкі ля помніка загінулым воінам, якія аддалі сваё жыццё падчас Вялікай Айчыннай вайны за мірную будучыню. Упрыгожылі свята выступленні беларускіх і літоўскіх артыстаў, у тым ліку Сяргея Славянскага, Анжалікі Пушновай, Таццяны Коршун, а таксама «Горад майстроў», які раскінуўся ля прыкасцёльнай плошчы. Тут можна было пачаставацца салодкімі пеўнікамі і пернікамі, набыць на памяць вырабы з гліны, лазы і саломкі.

Яркай падзеяй сёлетняга свята стала прэзентацыя выставы і альбома вядомага фотамастака Валерыя Вядрэнкі. Над серыяй работ «Містэрыі Гервят» майстар працаваў каля дзесяці гадоў, у тым ліку здымаў касцёл у розныя поры года і сутак. Каля сарака шырокафарматных работ з гэтай серыі мастак падарыў падчас свята касцёлу. А гэта значыць, што экспазіцыя цяпер будзе дзейнічаць у храме пастаянна.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter