
Дапамагаць супрацоўнікам міліцыі сачыць за бяспекай дзяцей будуць таксама педагогі і бацькі школьнікаў. З 1 па 7 верасня абсалютна ва ўсіх установах краіны пройдзе «Тыдзень бяспекі дарожнага руху». Супрацоўнікі органаў унутраных спраў прымуць удзел ва ўрачыстых лінейках, прысвечаных пачатку навучальнага года, або правядуць тэматычныя класныя гадзіны.
— Падчас «Тыдня бяспекі» міліцыянеры будуць дзяжурыць паблізу школ і ў месцах інтэнсіўнага руху дзяцей, — удакладняе Аляксандр Бруй. — Нарады ДПС пракантралююць выкананне правілаў бяспечнай перавозкі дзяцей, спынення і стаянкі транспартных сродкаў, будуць прадухіляць парушэнні і з боку пешаходаў, якія падаюць дрэнны прыклад юным удзельнікам дарожнага руху.
А 31 жніўня па ўсёй краіне пройдзе «Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху» пад дэвізам «У новы навучальны год — бяспечных усім дарог!». На бацькоўскіх сходах і падчас сустрэч у працоўных калектывах міліцыянеры растлумачаць прычыны і наступствы ДТЗ з удзелам дзяцей, нагадаюць аб правілах бяспечнай перавозкі непаўналетніх і адказнасці за парушэнні ПДР.
Зараз ДАІ Мінска завяршае абследаванне вуліц і дарог каля ўстаноў адукацыі.
— Для павышэння бяспекі руху дзяцей праз праезную частку да школ у 174 месцах нанесена больш за 450 надпісаў «Школа», надпісы «Сляды» размешчаны ў 14 кропках, — працягвае Аляксандр Бруй. — Таксама мы падрыхтавалі прапановы па абсталяванні 17 новых нерэгулюемых пешаходных пераходаў.
Усяго ж для павышэння бяспекі дарожнага руху ў Мінску з пачатку года ўстаноўлена 5 святлафораў і больш за 5,5 кіламетра абмежавальных пешаходных агароджаў, інфармацыйныя шчыты «Увага — дзеці», «Школа», у 27 месцах размешчаны штучныя няроўнасці на праезнай частцы з абмежаваннем хуткасці да 40 км/г.
Ілья НОВІКАЎ