НА СУСТРЭЧУ З РОДНЫМ СЛОВАМ

Запрашае ўсіх чытачоў «НГ» Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Русакевіч

У наступную нядзелю, другога верасня, старажытны Шклоў стане сапраўднай сталіцай беларускага напісанага і друкаванага слова — горад будзе прымаць Дзень беларускага пісьменства. Свята, якое параўнальна нядаўна з’явілася ў нашым календары, вельмі хутка стала адным з самых шануемых і самых папулярных. Дакрануцца душой да беларускага жывога слова, сустрэцца з тымі, хто да стварэння гэтага слова мае непасрэднае дачыненне, — пісьменнікамі, выдаўцамі, журналістамі — людзі едуць з усёй краіны. Да таго ж свята штогод праводзіцца ў адным са старажытных беларускіх гарадоў, і гэта дае магчымасць яго шматлікім удзельнікам і гасцям далучыцца да гісторыі роднага краю, адчуць сябе сваім на гэтай зямлі (сталіцамі Дня пісьменства ўжо былі слаўныя гарады Полацк, Тураў, Навагрудак, Мір, Нясвіж і Заслаўе, Пінск і Мсціслаў, Камянец і Орша). Мінулагоднюю эстафету ў Паставаў прыняў Шклоў — горад, значны для беларускага пісьменства не толькі ў мінулых стагоддзях, але і ў самай што ні ёсць сучаснасці — тут завяршаецца будаўніцтва фабрыкі газетнай паперы (пакуль каштоўная сыравіна для стварэння летапісу нашых дзён закупляецца ў суседняй Расіі).
Традыцыйна галоўным арганізатарам свята, разам з органамі мясцовай улады тых вобласці і горада, дзе праводзяцца асноўныя мерапрыемствы, з’яўляецца Міністэрства інфармацыі. Таму і пытанні аб тым, чым будзе адметны Дзень пісьменства ў Шклове, чым гатовыя здзівіць на ім беларуская кніга і прэса, “Народная газета” адрасавала міністру інфармацыі Беларусі Уладзіміру РУСАКЕВІЧУ.
— Уладзімір Васільевіч, як вы лічыце, чаму Дзень беларускага пісьменства за даволі невялікі тэрмін набыў такі аўтарытэт сярод людзей, якія, дзе б ён ні праводзіўся, прыязджаюць на свята з усіх куткоў Беларусі?
— Нічога дзіўнага ў тым няма. Для беларусаў слова, веды, пісьменства, духоўныя каштоўнасці заўсёды былі невычэрпнай крыніцай жыццёвага аптымізму, апорай у пераадоленні ўсіх цяжкасцей і перашкод. Невыпадкова менавіта Беларусь стала радзімай многіх выдатных асветнікаў, дзеячаў культуры, літаратараў і навукоўцаў сусветнага ўзроўню. Многія з іх, дарэчы, унеслі неацэнны ўклад у культуру і навуку іншых народаў і лічацца там “сваімі” выдатнымі дзеячамі. Кнігі, як і стваральнікі пісьмовага слова, у беларусаў спрадвеку ў пашане. У нас проста павінна было з’явіцца такое свята! І ў 1998 годзе Прэзідэнт падпісаў Указ, які ўстанавіў святкаванне Дня беларускага пісьменства. Гэтае свята ў шэрагу іншых займае асаблівае месца, бо яно мае на мэце прапаганду духоўных здабыткаў нашага народа, найперш мовы і айчыннай літаратуры. Дзень беларускага пісьменства аб’ядноўвае ўсіх тых, хто нераўнадушны да роднага слова, нагадвае пра неабходнасць захавання і развіцця багацейшай культурнай спадчыны Беларусі, далейшага паглыблення векавых сувязей з культурамі братніх славянскіх народаў.
— Для чытача гэта перш за ўсё свята, яму галоўнае — не заблукаць сярод мноства выданняў. Для саміх жа выдаўцоў, пісьменнікаў, нас, журналістаў — гэта яшчэ і адказная справаздача перад самым строгім суддзёй — гэтым самым чытачом. З чым мы ідзем да яго на справаздачу сёлета?
— Прапанаваць ёсць што, на любы чытацкі запыт і густ. Мяркуйце самі: сёння ў Беларусі зарэгістраваны 1244 перыядычныя выданні (703 газеты, 503 часопісы, 34 бюлетэні, 3 каталогі, 2 альманахі), ліцэнзіі на ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці маюць 646 арганізацый розных форм уласнасці. Летась усяго выдадзена 11 569 назваў кніг і брашур агульным тыражом пяцьдзесят два мільёны экземпляраў. Унушальныя лічбы, ці не так? Калі казаць пра гэты год... У першым паўгоддзі пабачылі свет 6945 назваў кніг і брашур тыражом больш за дваццаць сем з паловай мільёнаў экземпляраў, што ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 6,4 працэнта больш па назвах і на 3,8 менш па тыражу. Карацей, прадукцыя стала больш разнастайнай...
— А як у гэтай станоўчай статыстыцы выглядаюць дзяржаўныя выдавецтвы?
Сёлета за першыя паўгода шасцю дзяржаўнымі выдавецтвамі выпушчана 298 назваў тыражом амаль тры мільёны экземпляраў. У агульным аб’ёме выпушчанай кніжнай прадукцыі. Прадукцыя дзяржаўных выдавецтваў займае 4,3 працэнта па назвах і 10,5 —  па тыражу. Гэта нямала для шасці выдавецтваў, пагадзіцеся.
— Але нярэдка чуваць галасы скептыкаў, што ў моры кніжнай прадукцыі вельмі сціпла выглядае па тыражах і назвах беларускамоўная кніга...
— Дазвольце з вамі не пагадзіцца. Зноў жа назаву лічбы. На беларускай мове у першым паўгоддзі ў краіне выдадзена 467 назваў кніг, агульны тыраж якіх складае каля 2 мільёнаў экземпляраў, што пры практычна аднолькавым тыражы амаль на адзінаццаць працэнтаў больш па назвах у параўнанні з мінулагоднім перыядам. Цікавасць да беларускага слова застаецца высокай, і выдавецтвы стараюцца задавальняць запыты чытача.
— А што чытачу патрэбна больш за ўсё? Якія кнігі самыя папулярныя?
— Кніжнае “поле” Беларусі, калі разглядаць выпуск літаратуры па мэтаваму прызначэнню, можна прадставіць наступным чынам. Самымі запатрабаванымі (і адпаведна выдаваемымі) традыцыйна застаюцца вучэбныя выданні. У першым паўгоддзі выдадзена 2 424 найменні падручнікаў, вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў агульным тыражом восем з паловай мільёнаў. Не зніжаецца і выпуск літаратурна-мастацкіх, у тым ліку дзіцячых, выданняў. За 6 месяцаў 2007 года выпушчана 1 691 кніга тыражом больш за дзесяць мільёнах экземпляраў.
— Ні для кога не сакрэт: на нашым кніжным “полі” вельмі актыўна “растуць” канкурэнты беларускіх выданняў, найперш расійскія выдаўцы. Кнігі расійскай “вытворчасці” проста запаланілі нашы кнігарні. Ці не варта было б, на вашу думку, неяк  абмежаваць іх завоз і продаж, і тым самым даць магчымасць больш актыўна развівацца айчынным выдавецтвам?
— Прадукцыя расійскіх выдавецтваў, безумоўна, займае значнае месца на кніжным рынку Беларусі — ад 85 да 90 працэнтаў у агульным асартыменце. І гэта відавочна, калі прыняць да ўвагі, што ў Расіі штогод выдаецца ў 10 разоў больш кніг, чым на Беларусі. Без разнастайнай па тэматыцы прадукцыі расійскіх выдавецтваў сёння немагчыма ўявіць айчынны кніжны гандаль. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што ў сярэднім асартымент кніжных магазінаў складае 20—25 тысяч назваў, а ў такіх буйных сталічных кнігарнях, як “Светач” і “Цэнтральная” — каля 50 тысяч назваў. Айчынныя выдаўцы пры ўсім жаданні не змогуць забяспечыць неабходны асартымент і задаволіць патрэбы ўсіх катэгорый насельніцтва. Таму, на наш погляд, неабходна не “сцішаць” “кніжную плынь” расійскіх выдавецтваў, а больш актыўна працаваць з айчыннай кнігай, праводзіць мэтанакіраваную яе прапаганду, тым больш, што нам ёсць што прапанаваць чытачу. Да прыкладу, сёлета ўбачылі свет такія унікальныя выданні, як “Гісторыя беларускага мастацтва”, “Мужчынскі касцюм на Беларусі”, энцыклапедыя “Блакітны скарб Беларусі”, чацвёрты том энцыклапедыі “Республика Беларусь”, “Туристская энциклопедия Беларуси”, трохтомнік “Современная Беларусь”. У атрымаўшай прызнанне і папулярнасць сярод чытачоў серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” выйшла кніга, прысвечаная Міхаілу Фінбергу. Да 125-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры распачаты выпуск Збору твораў Якуба Коласа (у 20 тамах). Выдадзены першыя два тамы. У серыі “Бібліятэка школьніка” выйшлі кнігі Якуба Коласа “Песні жальбы. Казкі жыцця” і Янкі Купалы “Мая малітва”. Для дзяцей-інвалідаў па зроку рэльефна-кропачным шрыфтам Брайля выдадзена кніга Якуба Коласа “Міхасёвы прыгоды”. У выдавецтве “Мастацкая літаратура” Году дзіцяці прысвечаны выпуск кніг цэлай серыі кніг для маленькіх чытачоў... Карацей, канкурыраваць на кніжным рынку мы можам — не колькасцю, а якасцю. А якасці ў нас надаецца вельмі вялікае значэнне. Нездарма конкурс “Мастацтва кнігі”, пераможцы якога будуць узнагароджаныя на свяце, сёлета займеў статус Нацыянальнага.
— Вызначаць пераможцаў было складана?
— Несумненна, таму што якасць беларускага кнігадрукавання з кожным годам паляпшаецца. І ўсё ж лепшых з лепшых вызначыць удалося. Конкурс праводзіўся па 20 намінацыях: Гран-пры, дванаццаці тэматычных, чатырох спецыяльных і трох персанальных.
 У намінацыі Гран пры перамога прысуджана кнізе “Маці, мама, матуля...”, выпуск якой прысвечаны Году маці (выдавецтва “Мастацкая літаратура”). У намінацыі “Лепшае літаратурна-мастацкае выданне” пераможцай прызнана кніга М. Гусоўскага “Песня пра зубра” (“Мастацкая літаратура”), у намінацыі “Лепшае вучэбнае выданне” — вучэбна-метадычны комплекс для 1-га класа “Китайский язык”, у намінацыі “Лепшы падручнік” — “Геаграфія Беларусі” для 10-га класа (выдавецтва “Народная асвета”), лепшым фотаальбомам прызнаны фотаальбом “Сердце Беларуси — Минщина” (выдавецтва “Рифтур”), у намінацыі “Лепшая дзіцячая кніга” пераможцай стала кніга Р. Баравіковай “Казкі астранаўта” (РВУ “Літаратура і Мастацтва”), лепшым даведачным выданнем прызнана кніга “Мифы народов мира” (выдавецтва “Харвест”), пераможцам у намінацыі “Лепшае выданне па выяўленчаму мастацтву” стаў альбом “Напалеон Орда”, лепшым навуковым выданнем прызнана кніга А. Лакоткі “Историко-культурные ландшафты Беларуси”, лепшым масава-палітычным выданнем — трохтомнік “Современная Беларусь”  (выдавецкі дом “Беларуская навука”), у намінацыі “Лепшае энцыклапедычнае выданне” перамога прысудажана энцыклапедыі “Блакітны скарб Беларусі” (выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”), “Минск. Книга жизни” — перамагла ў намінацыі “Лепшае навукова-папулярнае выданне” (Мінская фабрыка каляровага друку), лепшым духоўна-асветніцкім выданнем прызнана “Біблія для дзяцей” (“Харвест”).
У спецыяльных намінацыях пераможцамі сталі: “Выдавецкі дэбют” — выданне “Почтовые марки Республики Беларусь — 2006” (Белпошта); “За ўвасабленне наватарскай ідэі” — фотаальбом “Чарнобыль” (“Рифтур”); “Я познаю мир” — серыя пазнавальнай літаратуры для дзяцей, падрыхтаваная выдавецтвам “Белфаксиздатгрупп”; “За прапаганду чытання” — тэлеперадача “Слова пісьменніка” (тэлеканал “Лад”).
 У персанальных намінацыях перамаглі: Павел Татарнікаў — намінацыя “Лепшы ілюстратар 2006 года”; Зміцер Герасімовіч — “Лепшы дызайнер кнігі”; Сяргей Плыткевіч — “Лепшы фотамастак 2006 года”.
Пераможцам у кожнай намінацыі будуць ўручаны ганаровыя дыпломы і знакі-сімвалы “Залаты фаліянт”.
Дарэчы, з гонарам хачу адзначыць, што на IV Міжнародным конкурсе “Мастацтва кнігі” дзяржаў-удзельніц СНД, які адбыўся 9—10 жніўня ў Маскве, 10 выданняў, з 42 прадстаўленых нашай краінай, узнагароджаны дыпломамі рознай ступені. Пастаянныя ўдзельнікі конкурсу кнігавыдаўцы Расіі атрымалі 3 дыпломы, Украіны — 5.
— Чым яшчэ будзе адметнае свята ў Шклове?
— Перш чым казаць непасрэдна пра Шклоў, хачу нагадаць, што апошнім часам свята істотна пашырыла свае межы. Яно праводзіцца не толькі ў “сталіцах”, дзе праходзяць асноўныя мерапрыемствы. Урокі ў школах, сустрэчы з літаратарамі, навукоўцамі, дзеячамі культуры па тэматыцы свята адбываюцца па ўсёй краіне. Усе гэта дазваляе гаварыць пра свята як пра важную падзею культурнага жыцця ўсёй краіны.
Дамінантамі Дня беларускага пісьменства ў Шклове, акрамя ўжо згаданай урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”, будуць Фестываль кнігі і прэсы, і ўзнагароджанне пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы мастацкі твор 2006 года”. Дарэчы, апошні з названых конкурсаў, заснавальнікамі якога выступілі міністэрствы інфармацыі, адукацыі і культуры, Мінскі гарвыканкам і Саюз пісьменнікаў Беларусі, праводзіўся сёлета ўпершыню.
Як ніколі раней, у Шклове будуць шырока прадстаўлены культурныя здабыткі вобласці, дзе сёлета ладзіцца свята — Магілёўшчыны. На “Вуліцы духоўнасці, асветы і культуры” будуць прадстаўлены тэматычныя пляцоўкі: “Тэатральны фальварак”, “Магілёўшчына музейная”, “Магілёўшчына бібліятэчная”, “Магілёўшчына літаратурная”, “Газетныя выданні Магілёўшчыны” і іншыя. У Гарадскім парку на працягу ўсяго дня будуць праходзіць літаратурна-музычныя мерапрыемствы “Свята дзяцінства”.
Сярод іншых цікавых момантаў варта азначыць адкрыццё раённага краязнаўчага музея і помніка Сямёну Зорычу, які быў заснавальнікам славутага шклоўскага тэатра.
Традыцыйна да Дня беларускага пісьменства дзяржаўныя выдавецтвы рыхтуюць кнігі, прысвечаныя святу. Сёлета — гэта фотальбом “Шклоў” (выдавецтва “Беларусь”), а таксама кнігі “Мой Магілёў” серыя “Твае гарады, Беларусь” і “Адсюль выток, адсюль натхненне. Шклоўшчына літаратурная” серыя “Беларусь літаратурная” (“Мастацкая літаратура”). На “Фестывалі кнігі і прэсы” будзе прадстаўлена больш за 30 экспанентаў-выдаўцоў. Цікавай абяцае стаць рэтраспектыўная выстава выданняў Янкі Купалы і Якуба Коласа, падрыхтаваная Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі. Экспазіцыю “Магілёўшчына: мінулае і сучаснасць” рыхтуе Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна. Музей беларускага кнігадрукавання прадставіць на свяце выставу кніг-лаўрэатаў усіх 47 конкурсаў “Мастацтва кнігі”.
Акрамя таго, госці свята азнаёмяцца з работай рэдакцый вядучых рэспубліканскіх грамадска-палітычных, літаратурна-мастацкіх і адукацыйных выданняў. Шырока будзе прадстаўлена ўся прэса Магілёўшчыны.
— Уладзімір Васільевіч, традыцыйна гасцямі свята з’яўляюцца замежныя дэлегацыі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаваныя ў Беларусі. Традыцыя не парушыцца?
— Ні ў якім разе. Сёлета Шклоў наведаюць пісьменнікі і журналісты з Расіі, Украіны, Балгарыі, Сербіі. Сярод гасцей свята будуць дыпламаты з братніх славянскіх краін, а таксама В’етнама, Венесуэлы, ЗША, Індыі, Казахстана, Кубы, Кыргызстана, Лівіі, Малдовы, Палесціны, Славакіі, Таджыкістана, Туркменістана, прадстаўнікі міжнародных структур СНД і АБСЕ.
Хочацца зазначыць, што самымі жаданымі і пачэснымі гасцямі на свяце будуць тыя, дзеля каго мы працуем. Таму хачу запрасіць усіх чытачоў: прыязджайце другога верасня ў Шклоў. У вас будзе магчымасць непасрэднай шчырай гутаркі з выдаўцамі, пісьменнікамі і журналістамі, падчас якой вы зможаце не толькі атрымаць аўтограф любімага аўтара, але і выказаць свае заўвагі, прапановы і пажаданні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter