На сцэну выклiкаюцца «Суседзi»

Рэдкiх энтузiястаў сабраў харавы калектыў, што ў шостым мiкрараёне Бабруйска

Рэдкiх энтузiястаў сабраў харавы калектыў, што ў шостым мiкрараёне Бабруйска

Усё пачалося з гуртка, якi аб’яднаў самую актыўную ветэранскую частку мiкрараёна. Сустракалiся, бо не замыкацца ж у чатырох сценах, абменьвалiся навiнамi, арганiзоўвалi святочныя “агеньчыкi”. А потым i выспела песня: адзiн распачаў, iншыя падхапiлi. I тут высветлiлася, што ў многiх адметныя галасы. “А чаму б нам не аб’яднацца ў харавы калектыў?” – узнiкла iдэя.

Назву хор атрымаў “Суседзi”. Спачатку ў iм было дзесяць чалавек, потым пятнаццаць, дваццаць. Да аднаго музыкi неўзабаве далучыўся другi. То паасобку, то дуэтам акампанiравалi. Даволi зладжана атрымлiвалася. А тут якраз i кiраўнiк знайшоўся ў асобе Ганны Бяланавай, якая мае спецыяльную харавую i дырыжорскую адукацыю. Праўда, жыла Ганна Аляксееўна ў iншым раёне, але гэта не перашкаджала дабiрацца да месца: “Бачыла, якiя сабралiся энтузiясты, як iх не падтрымаць!” Пачалi рэгулярна, раз на тыдзень, збiрацца на рэпетыцыi. Яўка заўжды стопрацэнтная, нават калi нехта недамагае — iдзе: “Я ж, — кажа, — тут адыходжу душой i целам!” А потым i на памяшканне разжылiся ў дзiцячым спартыўным клубе “Спадарожнiк”. Весялей пайшлi справы. Якiя песнi выконваюць? Пераважна народныя, на ваенныя тэмы, тое, што падабаецца слухачам. Пастаянна абнаўляецца рэпертуар, нехта далучаецца да хору, сваё ўносiць.

Узрост удзельнiкаў хору – ад 60 до 80 гадоў. Здавалася б, немаладыя людзi, але па iх гэтага i не заўважаеш. “Песня малодзiць, — кажуць, — наша захапленне ёю. Спяваем i ў хоры, i дома. Пастаянна трэнiруемся, бо, выходзячы на сцэну, павiнны быць добра падрыхтаванымi”.

Ну а цяпер давайце больш пiльна прыгледзiмся да ўдзельнiкаў хору. Адны з самых аўтарытэтных i паважаных – муж i жонка Самкнулавы. Данiiл – музыкант, Ульяна – салiстка. I таму, i другому пад восем дзесяткаў набягае, а яны на гэтыя гады нiколькi не выглядаюць. Вясёлыя, усмешлiвыя, яшчэ i з жартачкамi.

Пётр Дзяброў – салiст, мае адметны голас. Украiнец па нацыянальнасцi, ён разам з беларускiмi выконвае свае нацыянальныя песнi. Сам падбiрае рэпертуар. I не ўявiць калектыў без гэтага выканаўцы!

Добрая падтрымка харыстам – музыка Леанiд Блажэвiч, якi адразу схоплiвае тое, што ад яго патрабуецца. А каб быць пастаянна ў форме, бярэ кансультацыi ў выкладчыкаў музычнай школы, вопытных спецыялiстаў. Увогуле, вельмi цiкавы i як чалавек, суразмоўца, гэткае аб’яднальнае звяно.

Нельга не адзначыць i Зiнаiду Стрэльчык, прызнанага майстра размоўнага жанру. Калi яна на сцэне – слухачы i смяюцца, i рагочуць, цёплыя словы адабрэння выказваюць. Зiнаiда Iванаўна ўдзельнiчае i ў разнастайных тэатралiзаваных сцэнках, якiя, апрача ўсяго, ставяць “Суседзi” ў час канцэртных выступленняў.

Ды кожны з удзельнiкаў хору заслугоўвае добрых слоў. Тым больш што працуюць на грамадскiх пачатках. Самая высокая плата – гэта дзякуй. Вялiкi дзякуй! Сапраўдныя энтузiясты, для якiх галоўнае – несцi радасць людзям!

“А дзе ж выступаюць сама­дзейныя артысты?” – спытаеце вы. Ды адрасоў хапае: перш за ўсё гэта бiблiятэка № 4, з якой падтрымлiваюць цесныя сувязi, школы № 10 i 32, ветэранскiя i маладзёжныя аўдыторыi. Нядаўна прынялi ўдзел у занальным аглядзе клубаў па iнтарэсах, якi праводзiўся ў гарадскiм Палацы мастацтваў, – усюды iх прымаюць вельмi прыязна. Таму што песнi ад душы i для душы.

А ў заключэнне – слова кiраўнiку хору Ганне Бяланавай:

— Ведаеце, я не думала i не гадала, што адкрыю для сябе новую старонку – работу з хорам. Яна прыносiць сапраўдную радасць i задавальненне. Бо ты бачыш людзей захопленых, як яны маладзеюць сэрцам i душой, становяцца непазнавальнымi. Прыемна гэта ўсведамляць. Я проста ўдзячна лёсу, што ён знайшоў мне такi цiкавы занятак. А як нас сустракаюць – стоячы! Гэта дарагога каштуе. Мы прыносiм радасць не толькi сабе, але i рознай аўдыторыi, тым, хто нас слухае. I гэта, можа, самая вялiкая для нас радасць!

На здымку: хор у час аднаго з выступленняў.

Фота: Аляксандр АНТАШКЕВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter