Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларускія ансамблі з Тальяці далучаюць да сваіх канцэртаў іншыя гурты

На сцэне разам з сябрамі

У зімовую пару нам усім патрэбныя станоўчыя эмоцыі. Вось мы і зладзілі 25 лютага ў Палац культуры, мастацтва й творчасці канцэрт “Добрым людзям — добрыя песні”   як сіламі творчых гуртоў Мясцовай грамадскай арганізацыі “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман” з гарадской акругі Тальяці, так і нашых партнёраў. А гледачоў сабралася  шмат: больш за 1200. Вядучых было трое: я, юная Марыя Шылкіна, удзельніца ансамбля беларускай песні “Зорачкi”, ды Аляксандр Батракоў. І ўдалося нам з першых жа хвілін сваімі добрымі словамі ды ўсмешкамі стварыць у зале атмасферу даверу й дабрыні.

У канцэртных праграмах беларускіх гуртоў з Тальяці адметная рэжысура

Народны ансамбль беларускай песні “Купалiнка” выканаў свае новыя песні. У ансамблі нашым цяпер утварыліся цікавыя дуэты ў складзе Ірыны Сычовай і Яўгеніі Гуськовай, а таксама Ірыны Сычовай і Алены Марозавай. Мы падрыхтавалі ды ўпершыню паказалі сумесны праект “Купалiнкі” з узорным харэаграфічным ансамблем “Лицей”. Так бадзёра прагучала песня “Полька-весялуха” , што многія гледачы аж на месцах прытанцоўвалі.

У канцэртнай праграме гучалі таксама песні ў сумесным выкананні ансамбляў “Купалiнка” й “Зорачкi”. А нашы партнёры — гурт “Лицей” з мясцовага Ліцэя мастацтваў ды “Жигулевские зори” з Палаца культуры, мастацтва й творчасці запалілі залу новымі танцамі. Прыемным сюрпрызам для гледачоў стала й з’яўленне на сцэне хору малодшых класаў дзіцячай школы мастацтваў “Гармония”. Вось такія ў нас таленавітыя сябры — розных узростаў.

Гледачы былі  задаволены: доўга не адпускалі са сцэны юных выканаўцаў. Дзякавалі беларусам, якія зладзілі такі прыгожы канцэрт. Нам жа — заўсёды прыемна дарыць людзям радасць.

А ў першы дзень каляндарнай вясны гурты беларускай суполкі паўдзельнічалі ў маштабным праекце — Гарадскім фестывалі “Счастье”: ён праходзіў ва Універсальным спарткомплексе “Олимп”. Усе лепшыя гурты горада прымалі ўдзел! Рыхтуемся таксама да чарговага мерапрыемства: 18 сакавіка ў гімназіі №48 імя Героя Расіі Алега Далгова правядзём канцэрт, пакажам новыя песні, кампазіцыі. 25 сакавіка — сустрэча ў Дзіцячай бібліятэцы №12 Аўтазаводскага раёна. Праводзім спачатку пазнавальна-забаўляльную праграму “Бабуліны казкі” для дзяцей і бацькоў, а потым у нас — майстар-клас: навучым усіх рабіць беларускія кветкі-васількі.

Калі ж заглядваць крыху далей, то ўжо рыхтуемся адзначыць 1 красавіка ў Палацы культуры, мастацтва й творчасці Дзень яднання народаў Беларусі ды Расіі. А 15 красавіка збіраемся ў Самару: на Фестываль славянскіх народаў. Могуць нас і яшчэ некуды запрасіць з мэрыі: мы ж на пад’ём лёгкія.

Людміла Дзёміна, старшыня праўлення суполкі “Нёман”

Голас Радзімы № 10 (3562), чацвер, 15 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter