Новы кіраўнік Белага дома працягвае здзіўляць сваімі першымі крокамі на пасадзе кіраўніка Злучаных Штатаў

На старт!

Феномен Трампа сапраўды існуе. Новы кіраўнік Белага дома працягвае здзіўляць сваімі першымі крокамі на пасадзе кіраўніка Злучаных Штатаў не толькі абывацеляў, але і ўвесь істэблішмент. Нягледзячы на масавыя акцыі пратэсту і выпады палітычных апанентаў.

У амерыканскіх СМІ згадвалася, што “знешнепалітычныя ініцыятывы новай адміністрацыі ЗША наткнуцца на жорсткае супраціўленне амерыканскіх эліт, упэўненых у тым, што Штаты павінны заставацца адзіным “цэнтрам сілы” сучаснага свету”.

І вось першыя дзеянні ў адказ. Рэспубліканец Джон Макейн — першая ластаўка ў гэтым “коле супраціўлення”. Ён упэўнены: рашэнне аб выхадзе ЗША з пагаднення па Трансціхаакіянскім  партнёрстве (ТЦП) — вялікая памылка і выгадна толькі Кітаю, які ўмацуе ўласны эканамічны патэнцыял, дамінуючы ў рэгіёне. Узнікла і ініцыятыва сенатара Эдварда Маркі і члена Палаты прадстаўнікоў Тэда Лью, якую яны ўнеслі ў кангрэс ЗША. Сутнасць законапраекта — прэзідэнта Дональда Трампа трэба пазбавіць права на прэвентыўны ядзерны ўдар (так, відаць, яму не давяраюць).  

А пакуль Трамп становіцца галоўным антыглабалістам і пачынае энергетычную рэвалюцыю ў ЗША. Прэзідэнт падпісаў указ аб аднаўленні будаўніцтва на тэрыторыі ЗША нафтаправодаў Keystone и Dakota Access (рэалізацыя гэтых праектаў раней была спынена), каб дамагчыся энергетычнай незалежнасці ад Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты, скараціць рэгуляванне ў энергетыцы, зрабіць моцны штуршок у галіне здабычы шэльфавага газу і нафты. Калі гэта атрымаецца, плюс узрасце здабыча нафты ў саміх Штатах і будзе фактычна забаронены яе імпарт на тэрыторыю краіны — сусветны нафтавы рынак чакаюць новыя вялікія ўзрушэнні.

У полі зроку новай амерыканскай адміністрацыі — тэма мігрантаў. Мяркуецца, што згодна перадвыбарчым абяцанням Трампа можа адбыцца дэпартацыя з амерыканскай тэрыторыі 11 мільёнаў нелегалаў і распачнецца будаўніцтва “антымігранцкай сцяны” на мяжы з Мексікай. Гаворыцца і аб часовым спыненні прыёму бежанцаў, адмене выдачы віз грамадзянам шэрагу краін Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі.       

Нагадаю, у сваёй інаўгурацыйнай прамове Дональд Трамп запэўніў амерыканцаў: яго прыярытэтам стане росквіт ЗША і вяртанне ўлады народу. Па вобразным выказванні канцлера Германіі Ангелы Меркель (пасля абрання новага кіраўніка ЗША): свет уваходзіць у новую гістарычную эпоху, якая зменіць старое светаўладкаванне, і павінен быць гатовы да вельмі неспакойных часоў.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter