На «Беларусь 3» в цикле «Апошнi дзень» вспомнят Арчила Гомиашвили и Ролана Быкова

На скрыжаваннях лёсу

На «Беларусь 3» у цыкле «Апошнi дзень» успомняць Арчыла Гамiяшвiлi i Ралана Быкава, а радыёканал «Культура» прадставiць у эфiры сумесны праект з Нацыянальным мастацкiм музеем

На наступным тыднi самая культурная кнопка айчыннай тэлепрасторы пакажа ў эфiры чарговыя выпускi папулярнага дакументальнага цыкла «Апошнi дзень». У аўторак у 08:20 гледачы даведаюцца пра зменлiвы лёс вядомага грузiнскага акцёра Арчыла Гамiяшвiлi, а назаўтра ў цэнтры ўвагi праекта апынецца яшчэ адна зорка савецкага экрана — Ралан Быкаў. Канал «Культура» Беларускага радыё, у сваю чаргу, прэзентуе сумесны з Нацыянальным мастацкiм музеем пазнавальны праект «Дыялогi пра культуру: Перасоўнiкi» пра жыццё i творчасць знакамiтых мастакоў-перасоўнiкаў.

У 1971 годзе фiльм «12 крэслаў» з Арчылам Гамiяшвiлi ў ролi Астапа Бэндэра стаў лiдарам савецкага кiнапракату. 
regnum.ru

«Камандаваць парадам буду я!» 

Вядомы факт: Арчыл Гамiяшвiлi працаваў мастаком-афармiцелем на адным са спектакляў Рускага тэатра iмя Аляксандра Грыбаедава ў Тбiлiсi, калi нечакана за дзень да прэм’еры адзiн з акцёраў цяжка захварэў. Замены не было: больш з трупы гэтую ролю нiхто не ведаў. Што рабiць? Адмяняць спектакль?.. Але нечакана высветлiлася, што Арчыл, якi падчас рэпетыцый працаваў над дэкарацыямi, паспеў вывучыць усе словы i запомнiць мiзансцэны. Рэжысёру нiчога не заставалася, як замянiць хворага акцёра дылетантам. А праз шмат гадоў (зноў зусiм выпадкова!) нiкому не вядомага акцёра заўважыў Леанiд Гайдай. Менавiта так згодна з кiнематаграфiчным паданнем з’явiўся эталонны Астап Бэндэр савецкага экрана. 

Усе супадзеннi выпадковыя

Шмат выпадковасцей было i ў жыццi Ралана Быкава. Казалi, што ў 13 гадоў у хлопчыка адкрыўся дар прадбачання. Здарылася гэта ў эвакуацыi ў Ёшкар-Але, калi бабуля, якая часта варажыла знаёмым, захварэла. Ралан падахвоцiўся раскiнуць карты. Прачытаўшы iх, заявiў суседцы: «Твой муж праз тры днi вернецца дадому». Жанчына заплакала i пабегла дахаты, а бабуля адвесiла ўнуку добрую аплявуху. Аднак праз тры днi мужчына сапраўды вярнуўся з фронту. I ўвесь горад займаў чаргу да юнага прадказальнiка. Зрэшты, для яго гэтая «гульня» дрэнна закончылася… Працяг гiсторыi — у сераду ў 08:25. 

Да юбiлею перасоўнiкаў

У першы месяц зiмы канал «Культура» Беларускага радыё сумесна з Нацыянальным мастацкiм музеем Рэспублiкi Беларусь прэзентуе слухачам спецыяльны праект «Дыялогi пра культуру: Перасоўнiкi» да 150-годдзя з дня адкрыцця першай экспазiцыi рускага Таварыства перасоўных мастацкiх выстаў. З гэтай нагоды ў Нацыянальным мастацкiм музеi адкрыўся цiкавы праект «Перасоўнiкi. Рэалiзм. Асвета. Бiзнес».

У сумесную з каналам «Культура» праграму ўключаны радыёсустрэчы з навуковымi супрацоўнiкамi музея, куратарамi ды экскурсаводамi. Кожная перадача будзе прысвечана асобнай тэме — партрэту, побытаваму жывапiсу, пейзажу, бiзнесу ў дзейнасцi перасоўнiкаў, уплыву мастакоў таварыства на iншыя вiды мастацтва. Дырэктар канала «Культура» Уладзiмiр Трапянок адзначае:

— Супрацоўнiцтва «Культуры» з Нацыянальным мастацкiм музеем пастаянна развiваецца. Мы асвятляем у эфiры часовыя выставачныя праекты, запрашаем музейных супрацоўнiкаў на перадачы, дзе гутарым пра фонды, шэдэўры з калекцыi ўстановы, асаблiвасцi нацыянальнага выяўленчага мастацтва. Наш новы падкаст — гэта сучасная форма ўзаемадзеяння з музеем, гiбрыдны праект, заклiканы прыцягнуць увагу беларусаў да сапраўднага мастацтва, здольнага натхняць i ўзвышаць чалавека.

Спецыяльны праект «Дыялогi пра культуру: Перасоўнiкi» складаецца з шасцi выпускаў i стане выходзiць па чацвяргах y 12:30. Таксама падкасты радыёсустрэч будуць размешчаны на YouTube-канале, у сацыяльных сетках «Культуры» i Нацыянальнага мастацкага музея.

leonovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter