На скрыжаванні трактаў і эпох

Карэспандэнт “НГ” даведалася, як у Глыбокім рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменства

Карэспандэнт “НГ” даведалася, як у Глыбокім рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменства

Для горада Глыбокае, што ў Віцебскай вобласці, прыняць сёлета эстафету сталіцы беларускага пісьменства адначасова і ганарова, і адказна. Усё ж такі 2012-ы аб’яўлены Годам кнігі, а значыць, свята, якое запланавана на 2 верасня, павінна прайсці сапраўды на ўзроўні. Карэспандэнт “НГ” завітала на Віцебшчыну за месяц да ўрачыстасці і даведалася, як рыхтуецца Глыбокае да свята, што новага з’явілася ў горадзе, на чым у Дзень пісьменства праедзе вялікі князь літоўскі Альгерд і чаму будзе вучыць маленькіх гасцей свята Язэп Драздовіч.

Аўра духоўнасці

“Падобна на будаўнічую пляцоўку”, — першае, што я падумала, трапіўшы ў Глыбокае. Яно і нядзіўна. Да свята засталося менш за месяц. І, вядома, яго гаспадарам хочацца сустрэць гасцей як мае быць. Тут рамантуюцца дарогі, добраўпарадкоўваюцца плошчы і зоны адпачынку, на вачах змяняюцца рэстараны і гасцініцы, прыгажэюць кветнікі і паркі... Работы вядуцца больш як на ста гарадскіх аб’ектах.

— Мы справядліва заслужылі права быць сталіцай пісьменства. Глыбоцкі раён мае багатую культурна-гістарычную і духоўную спадчыну. Больш за шэсцьдзясят помнікаў гісторыі архітэктуры, старажытнае гарадзішча, россып курганоў, велічнасць храмаў — усё гэта складаецца ў адмысловую аўру духоўнасці і старажытнасці, — гаворыць старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег МОРХАТ. — Ніколі ў Глыбокім не праводзіліся мерапрыемствы такога ўзроўню, як рэспубліканскае свята пісьменства. Але горад жыў марай, што такое можа здарыцца. І таму рыхтавацца пачаў загадзя. Напярэдадні свята мы здалі СШ № 1, стаматалагічную паліклініку, кнігарню “Глобус”, амаль скончылі рэканструкцыю гарадскога стадыёна, якую горад чакаў больш за дваццаць гадоў. Ужо цяпер маем магчымасць праводзіць тут спаборніцтвы, канцэрты, сустрэчы... З’явілася і яшчэ адна прыемная для глыбаччан навінка — басейн. Толькі ўявіце сабе, з 90-х гадоў у Глыбокім яго не было. Дзеці нават навучыцца плаваць не маглі. А між іншым прыклад Марыны Шкерманковай, якая родам з Глыбокага, сведчыць пра тое, што ў нас ёсць таленавітая моладзь, якая гатова змагацца і дасягаць вышынь у спорце.

На тэрыторыі цэнтральнай бальніцы пачата будаўніцтва часоўні ў гонар Святога Панцеляймона-лекара, куды змогуць прыходзіць і хворыя, і ўрачы. Падумаць, пагутарыць са святаром, памаліцца аб выздараўленні...

Востраў адпачынку

Яшчэ адзін будынак, які атрымаў напярэдадні свята жыццё, праўда, “другое” — гарадскі Дом культуры, узведзены ў Глыбокім яшчэ ў 50-х гадах. Вось-вось ён павінен адкрыцца пасля рэканструкцыі. У ДК ужо распакоўваюць новую мэблю, укручваюць апошнія лямпачкі, а артысты на ўсю моц рэпеціруюць на “свежанькіх” інструментах. Не інакш як прыгажуном Глыбоцкі ДК цяпер і не назавеш. Яркі будынак бела-аранжавага колеру нагадаў мне нечым палац у стылі віленскага барока. Асабліва прыцягнула ўвагу дабудоўка арыгінальный формы.

— Гэта танцавальная зала, — тлумачыць дырэктар Глыбоцкага ДК Тамара КАЛАНТАЙ. — Праект эксперыментальны. Па ўнікальнасці інжынернага рашэння зала не мае аналагаў у краіне.

На ўзвядзенне аб’екта зрасходавана каля трох мільярдаў беларускіх рублёў. Зала насычана сучаснай асвятляльнай тэхнікай і здольная ўмясціць некалькі соцень наведвальнікаў. Добрае месца для адпачынку глыбоцкай моладзі. І, дарэчы, не адзінае, якое з’явілася ў горадзе.

— Чаго сёння больш за ўсё не хапае? — разважае Алег Віктаравіч. — Сустрэч, зносін, вяселля, масавых мерапрыемстваў і месцаў, дзе людзі маглі б дружна бавіць час. І вось дзякуючы жыхарам горада і нашым прадпрыемствам, з’явіўся дзіцячы гарадок “Брыганціна”. У гэты праект спачатку ніхто не верыў. На беразе возера Кагальнае было проста балота, зарослае кустамі і дрэвамі. Але мы даказалі, што разам можна здзейсніць вялікія справы. Не перастаючы, даносяцца з берага возера радасць і смех.

Букі і ведзі

Скончыўшы дзіцячы гарадок, мясцовыя ўлады ўзяліся за парк адпачынку ў пойме ракі Крывая.

— Засяваем газоны, будуем мосцікі, усталёўваем лаўкі, — расказвае Алег Морхат. — Выкапалі восем прудзікаў, дзе можна будзе парыбачыць дарослым з дзецьмі. А то дагэтуль і адпачыць не надта было дзе. У нас галоўная плошча заўсёды больш на аўтастаянку была падобная. Не было дзе ні з каляскай прайсціся, ні з дзецьмі прагуляцца. Зараз і галоўная плошча вырысоўваецца, і дадатковыя месцы адпачынку з’яўляюцца. Яны проста неабходныя гараджанам. Чалавек толькі тады будзе працаваць, калі адпачне добра, — лічыць старшыня райвыканкама.

Хіба таму глыбаччан адрознівае такая стараннасць і працавітасць? Глянеш на іх падворкі з дагледжанымі газонамі, кветнікамі, арыгінальнымі скульптурамі львоў ды буслоў — можна пазайздросціць. Ды і ў падрыхтоўку роднага горада да свята кожны стараецца ўнесці сваю лепту. Хутка тут з’явяцца бюсты і мемарыяльныя дошкі выбітным глыбаччанам — заснавальніку беларускага тэатра Ігнату Буйніцкаму, беларускаму грамадскаму і палітычнаму дзеячу Вацлаву Ластоўскаму, стваральніку дзяржаўнай мовы Ізраіля — іўрыту Эліэзэру Бэн-Іегуду, мастаку і фалькларысту Язэпу Драздовічу, пісьменніку Лявонцію Ракоўскаму і іншым. А ў рамках праекта “Літарынка” ля кожнай арганізацыі і прадпрыемства будуць устаноўлены літары старажытнага алфавіта арыгінальнай формы.

І Альгерд на кані

Гасцям Дня пісьменства ў Глыбокім, упэўнена, будзе сапраўды ўтульна. А яшчэ — цікава і займальна. Праграма свята вельмі насычаная.

— У Дзень беларускага пісьменства Глыбокае ператворыцца ў скрыжаванне пяці трактаў, — расказвае начальнік аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама Таццяна МАЛАТОЎНІК. — На тракце “Ад агню да пяра” можна будзе пазнаёміцца з развіццём пісьменнасці ад старажытнасці да сучаснасці. Мы ўбачым архаічныя спосабы здабычы агню, пачуем старажытныя спевы, зазірнём у майстэрню па перапісе кніг. На Тракце нацыянальных культур прадставяць сваіх майстроў, танцы, песні і адметнасці кухні рускія, украінцы, яўрэі, палякі, армяне, латышы і літоўцы. На Турыстычным тракце адбудзецца выстаўка турыстычных маршрутаў, а на тракце “Шчодрыца” пройдзе прэзентацыя падворкаў сельсаветаў і гаспадарак Глыбоцкага раёна.

З’явіцца ў Глыбокім і гістарычны Альгердаў тракт, на якім можна будзе адчуць атмасферу XIV—XVI стагоддзяў. На Віленскім, Глыбоцкім, Полацкім і Смаленскім пасадах госці змогуць пазнаёміцца з гісторыяй і культурай гэтых гарадоў, стаць удзельнікамі старажытных панскіх гульняў і забаў, паглядзець рыцарскі турнір, наведаць гандлёвыя рады, а яшчэ сустрэцца з фундатарамі Глыбокага Корсакам і Зяновічам, а таксама вялікім князем літоўскім Альгердам, які праскача па тракце на кані.

— У гарадку “Брыганціна” разам з дзецьмі паспрабуем памаляваць у стылі Язэпа Драздовіча, — расказвае Тамара Малатоўнік. — Майстар-клас, дарэчы, правядзе сам знакаміты мастак. Перанясецца з мінулага і яшчэ адзін наш зямляк — бацька беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі. Але, вядома, галоўным персанажам свята будзе кніга. Менавіта ёй мы будзем аддаваць пашану і нізка кланяцца ў Дзень беларускага пісьменства.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter