Усё часцей Брэстам цікавяцца інвестары

На скрыжаванні інтарэсаў

Усё часцей Брэстам цікавяцца інвестары — як зручным горадам для ўкладання сродкаў у вытворчасць, будаўніцтва, турызм, гандаль.
Напярэдадні Новага 2015 года з мэтай наладзіць супрацоўніцтва і абмяняцца досведам у Брэст прыязджала дэлегацыя са Славакіі ў складзе 28 чалавек.

— Гэта іх асабістая ініцыятыва прыехаць у наш горад, — падзяліўся дэталямі старшыня Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Рагачук.

Сярод дэлегатаў — бізнесмены, прадпрымальнікі, дэпутаты, настаўнікі і дырэктары школ. 
 Госці са Славакіі наведалі спартыў­ныя аб’екты, брэсцкую сярэднюю агульнаадукацыйную школу №1, вытворчыя прадпрыемствы, музеі, Белавежскую пушчу і Брэсцкую крэпасць. 
У лістападзе ў Брэсце гасцявала дэлегацыя з горада-пабраціма Кувордэна з Нідэрландаў. Госці наведалі Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі. Пагутарылі яны і з прадстаўнікамі Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці, чый праект “Брэст-2019” па стварэнні гістарычна-культурнага комплексу на пустуючых тэрыторыях, якія акаляюць мемарыяльны комплекс, даўно выклікае цікавасць у галандцаў. Справа ў тым, што ў Кувордэне таксама ёсць крэпасць, якая знаходзіцца ў гістарычнай частцы горада. Па выніках сустрэчы дамовіліся аб магчымасці пераняць галандскі досвед і атрымліваць практычныя кансультацыі па пытанні рэгенерацыі фартыфікацыйнай спадчыны.



У Брэста больш за 30 гарадоў-пабрацімаў. У Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі, Францыі… Культурныя сувязі, як правіла, выліваюцца ў эканамічнае супрацоўніцтва. Сёння ў Брэсце зарэгістравана больш за 300 прадпрыемстваў з замежным і сумесным капіталам. Прадстаўлены 30 краін свету. Большасць (74) — з Польшчы. Суседзі наладзілі ў прыгранічным горадзе шэраг вытворчасцяў, адкрылі гандлёвыя прадпрыемствы, транспартныя.

У Брэсце інвестары актыўна будуюць. Адным з яркіх будаўнічых праектаў з’яўляецца гандлёва-офісны цэнтр “Дыдас Персія”. Фірма з іранскім капіталам вырашыла даўняе пытанне з даўгабудам. Іранцы перабудавалі гасцініцу на вуліцы Савецкай. Цяпер замест цагляных сцен з вокнамі, якія зеўралі пустэчай, — найпрыгажэйшы будынак. “Мы таксама хочам мець дачыненне да надання гораду прыгожага аблічча”, — сказаў прэзідэнт і заснавальнік фірмы NMT доктар Джамшыд Аміназад. 

Дзясяткі прадпрыемстваў стварылі ў Брэсце расійскія бізнесмены, немцы, італьянцы, чэхі… У горадзе працуюць таксама прадпрыемствы з капіталам з Аўстрыі, Швейцарыі, Канады, Вялікабрытаніі, Латвіі, Літвы. Нават Гібралтар і княства Ліхтэйнштэйн прадстаўленыя. 
У 2015 годзе да ліку аддаленых краін, якія знайшлі цікавасць у Брэсце, можа далучыцца і Інданэзія. Нядаўна ў абласным цэнтры пабывала афіцыйная інданэзійская дэлегацыя. Тавараабарот паміж Інданэзіяй і Брэсцкай вобласцю ў 2014 годзе склаў усяго 178 тысяч долараў ЗША. Гэта — імпарт. З Інданэзіі на Брэстчыну пастаўляліся тканіна, ніткі і швейная фурнітура. Экспарт пакуль нулявы. 
Старшыня Рэгіянальнага савета па інвестыцыях Правінцыі Заходняя Суматра Масрул Зайн лічыць, што сітуацыю трэба выпраўляць. Выступаючы ў Брэсцкім аблвыканкаме, Масрул Зайн запрасіў у Інданэзію брэсцкіх бізнесменаў і будаўнікоў — узводзіць падвесны мост. Госць адзначыў, што шмат чуў аб прымяненні ў Беларусі новых тэхналогій. У выніку візіту падпісаны пратакол аб намерах паміж Брэстчынай і Заходняй Суматрай. 



А ў канцы года ў Брэсце прайшоў яшчэ і беларуска-харвацкі эканамічны форум.
Прадстаўнікоў харвацкіх кампаній пазнаёмілі з умовамі вядзення бізнесу ў свабоднай эканамічнай зоне “Брэст”. Галоўным вынікам форуму стала падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж СЭЗ “Брэст” і СЭЗ горада Вараждзіна. Адміністрацыі абедзвюх СЭЗ будуць развіваць супрацоўніцтва, каб для больш эфектыўна спрыяць прадпрыемствам, арганізацыям і фірмам сваіх краін у пытаннях знешнеэканамічнай дзейнасці.

Што прынёс у эканоміку Брэста і вобласці мінулы год? У 2014-м вырас экспарт малака і малочных прадуктаў, значна павялічыўся экспарт рыбы і морапрадуктаў, а таксама агародніны і фруктаў. 
Характэрна, што павялічыўся экспарт тавараў у краіны Еўрасаюза. Былі адкрытыя новыя рынкі збыту. Упершыню ажыццёўлены пастаўкі адзення ў Паўднёвую Афрыку і Чарнагорыю, дзіцячых цацак — у Боснію і Герцагавіну, абсталявання — у Панаму і Тайланд, касметыкі — у Ліван.
У планах на наступны год — працягнуць мадэрнізацыю прамысловых прадпрыемстваў і стварыць новыя. Плануецца, у прыватнасці, развіццё рэсурсаэфектыўных і імпартаёмістых вытворчасцяў (у тым ліку з удзелам замежных інвестараў) на Брэсцкім электралямпавым заводзе. 
Запланаваны аб’ём інвестыцый у 2015 годзе ў Брэсцкую вобласць — 195 мільёнаў долараў. Колькі прыпадзе на Брэст? Пакажа час. 

Прыцягваць бізнес у Брэст, у іншыя гарады рэгіёна — адна з задач дыпламатаў. У Брэсце ўжо дзейнічаюць консульскія ўстановы Польшчы, Расіі, Украіны, Казахстана, Манголіі, працуюць Ганаровыя консулы Ісландыі і Чэхіі. У 2014 годзе колькасць Ганаровых консульстваў павялічылася. Адкрыты, напрыклад, прадстаўніцтвы Францыі і Венгрыі. 

Консул Францыі ў Беларусі Крыстаф Брамуле, адкрываючы Ганаровае консульства сваёй краіны, вылучыў важную ролю Брэста ў развіцці двухбаковых адносінаў:

— Геаграфічнае становішча, а таксама статус горада — самага галоўнага на аўтамабільнай восі, якая злучае Парыж з Масквой, ствараюць усе перадумовы для пастаянных абменаў. І хоць прысутнасць французкай дыяспары ў рэгіёне вельмі нязначная, мы вельмі спадзяёмся, што наяў­насць французкага прадстаўніцтва ўнясе свой уклад у яе развіццё. З дзясятка тысяч французаў, якія прыязджаюць у Беларусь з турыстычнымі або дзелавымі мэтамі, значная частка прыпадае менавіта на Брэст. 
У снежні адкрыта Ганаровае консульства Венгрыі. Як адз­начыў у сваім выступленні пасол Венгрыі ў Беларусі Вілмаш Сіклавары, гэта стала магчымым дзякуючы пашырэнню супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. У прыватнасці, у апошнія гады развіваюцца гандлёвыя адносіны, што адлюстравалася ў росце тавараабароту на 20 працэнтаў. У 2015 годзе венгерскія прадпрыемствы прымуць удзел у міжнароднай выставе “Белагра”, а таксама ў міжнароднай выставе-кірмашы “Брэст. Садружнасць”. Магчыма, на выставе-кірмашы ў Брэсце адбу­дзецца заключэнне выгадных кантрактаў. 

Застаецца дадаць, што ўсе Ганаровыя консулы — вядомыя за межамі Беларусі бізнесмены. Каму як не ім развіваць эканамічныя і культурныя інтарэсы, гарады ў блізкіх і далёкіх краінах? 

Валянціна Казловіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter