На што надвор’е варожыць

Раней май вясельным месяцам не быў: яго лічылі неспрыяльным для заключэння шлюбу. Цяпер жа, як паказвае статыстыка, вяселляў у апошні месяц вясны ніколькі не менш, чым у іншыя. Таму не лішнім будзе нагадаць некаторыя вясельныя прыкметы, звязаныя з надвор’ем, бо ў маі і ў пачатку лета яно кожны дзень можа мяняцца.

У адпаведнасці са старажытнымі светапогляднымі ўяўленнямі дарога вясельнага поезда нагадвала сабой шлях казачнага героя, на якім яму даводзілася пераадольваць шматлікія перашкоды. Таму ў некаторых мясцінах дарогу ад парога хаты нявесты і да царквы мялі венікам і пасыпалі попелам, палілі вогнішчы паабапал дарогі. Кожная дэталь або на першы погляд нейкая драбнічка, з якой сутыкнуліся ўдзельнікі вясельнага поезда, напаўнялася глыбокім сэнсам. Асабліва кепскім лічылася сустрэць на шляху да шлюбу пахавальную працэсію. І наадварот, калі ў дзень вяселля ў сям’і кагосьці з маладых ацялілася карова, ажарабілася кабыла і г. д., гэта прадказвала шчаслівае і доўгае сумеснае жыццё.
Важная роля ў прадказанні характару будучага жыцця маладой пары надавалася надвор’ю ў дзень вяселля. Шматлікія збіральнікі народных традыцый у розныя часы і ў розных мясцінах фіксавалі інфармацыю пра тое, што дождж або снег у дзень вяселля прадказвалі шчаслівае жыццё маладых: “Калі ў час вяселля ідзе вялікі снег ці дождж — маладыя будуць багатыя”. Пра надвор’е ў дзень вянчання меркавалі і так: “Яснае надвор’е — шчаслівае жыццё, дождж — багацце, гром — няшчасце”.
Хацелася б звярнуць увагу яшчэ на адзін вельмі цікавы і важны аспект, які датычыцца нашых адносінаў да нявесты ва ўмовах кепскага надвор’я. Вельмі часта можна бачыць такія сцэны падчас вясельнага абраду. Картэж машын пад’ехаў да нейкай рытуальнай мясціны — помніка, Вечнага агню, свяшчэннай крыніцы, маладыя выходзяць з машыны, каб пакласці кветкі. А ў гэты час пачынае церушыць дождж, адкрытая лёгкая сукенка нявесты не ратуе ад павеву халоднага ветру. Уважлівы і далікатны жаніх або нехта з дружак, сяброў маладых аддаюць свой пінжак, каб прыкрыць плечы маладой. Не адзін раз даводзілася чуць ад прадстаўнікоў старэйшага пакалення, што так рабіць ні ў якім выпадку нельга. Наўмыснае пранікненне чужароднага элемента, не прадугледжанага традыцыяй, у адзенне нявесты можа справакаваць, па народных уяўленнях, непажаданыя наступствы, напрыклад з’яўленне іншага мужчыны ў жыцці маладой. Так што лепш пры выбары вясельнага строю прадугледзець і такую дэталь, як накідка ці палярына, якая будзе і аздобай сукенкі, і засцеражэ ад холаду.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter