На шляху мадэрнізацыі

Сталі вядомыя арганізацыі, якія атрымаюць крэдыты Банка развіцця

Зацверджаны пералік арганізацый, якія рэалізуюць інвестпраекты за кошт крэдытных рэсурсаў Банка развіцця

Урад Беларусі зацвердзіў пералік арганізацый, якія рэалізуюць інвестыцыйныя праекты па будаўніцтве, рэканструкцыі, мадэрнізацыі і тэхнічным перааснашчэнні аб’ектаў за кошт крэдытных рэсурсаў ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». Такое рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў ад 27 лютага 2013 года № 132, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.

Размова ідзе аб будаўніцтве і мадэрнізацыі аб’ектаў у адпаведнасці з рашэннямі Прэзідэнта Беларусі або ўрада, у тым ліку аб праектах, рэалізацыя якіх пачалася ў 2012 годзе. У пералік увайшлі 67 арганізацый і аб’ектаў, агульная патрэбнасць у іх фінансаванні ў 2013 годзе складае больш як Br 2 трлн.

Сярод іх — ААТ «Аршанскі мясакансервавы камбінат», які вядзе рэканструкцыю вытворчасці кансерваў для дзяцей, будаўніцтва малочна-таварнай фермы на 720 галоў у СВК «Дварэцкі» Лунінецкага раёна, рэканструкцыя і мадэрнізацыя агароднінасховішча (бульбасховішча) у ПСУП «Дукора-Агра» Пухавіцкага раёна. СЗАТ «Сервалюкс» пашырае прамысловы комплекс па вырошчванні куранят-бройлераў у Магілёўскім раёне. СТАА «Данпрад» у Валожынскім раёне стварае вытворчасць беконнай свініны магутнасцю 11 тыс. т мяса ў жывой вазе ў год.

У пералік увайшлі праекты па будаўніцтве і рэканструкцыі ў рэгіёнах малочна-таварных ферм, птушнікаў, інкубатараў, мясакамбінатаў, агароднінасховішчаў, камбікормавых цэхаў, рыбных гаспадарак.

Пастанова прынята ў мэтах удасканальвання ўмоў фінансавання дзяржаўных праграм і сацыяльна значных інвестыцыйных праектаў.

Гэтым дакументам унесены дапаўненні і змяненні ў прынятыя раней рэспубліканскія праграмы — развіцця малочнай галіны ў 2010—2015 гадах і праграму рэканструкцыі, тэхнічнага перааснашчэння і будаўніцтва комплексаў па вырошчванні свіней у 2011—2015 гадах. Удакладнены аб’ёмы фінансавання некаторых праектаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter