В Ельске проходит региональный фестиваль гармонистов «Грай, гармонік!»

На сенакосах ці на жніве душа пяе

Раз у два гады ў Ельску праходзіць рэгіянальны фестываль гарманістаў «Грай, гармонік!»

Ельскi раён


У раёне 67 населеных пунктаў, дзе пражывае 16,5 тысячы чалавек. Больш за 7 тысяч з іх — жыхары вёсак. На тэрыторыі раёна пражывае звыш за дзесяць нацыянальнасцей.


На Ельшчыне 35 устаноў клубнага тыпу, 20 бібліятэк, ёсць свой Краязнаўчы музей, дзе сабрана каля трох тысяч экспанатаў, а таксама дзіцячая школа мастацтваў з філіяламі ў аграгарадках Кочышчы, Зашыр’е, Добрынь. Пры ўстановах культуры ў раёне дзейнічаюць 207 клубных фарміраванняў.


19 калектываў раёна маюць званні народны, узорны, аматарскі.


Раз у два гады ў Ельску праходзіць рэгіянальны фестываль гарманістаў «Грай, гармонік!»


Прамежнае становішча вёскі Казлы, аддаленасць ад буйных цэнтраў паспрыялі захаванню традыцыйнай, у тым ліку і спеўнай, мастацкай культуры. Менавіта тут працуе калектыў Казлоўскага фальклорнага гурту, песням якога ў 2009 годзе быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Загадчыца Казлоўскага сельскага клуба і мастацкі кіраўнік гурту Соф’я Шаціла адзначае, што спевы заўсёды былі неад’емнай часткай традыцыйнага вясковага побыту. Дык і сёння, дзе б ні былі жанчыны (а ў гурце іх пяць) — на сенакосах, жніве, — песня побач з імі. Тыя, хто зараз у калектыве, усё жыццё працавалі. Сама Соф’я Іванаўна па адукацыі аграном, Марыя Козел (самая старэйшая) — даярка, як і Валянціна Ляўкоўская. Піонія Сугак усё жыццё працавала паляводам. І менавіта гэта любоў да песні і працы згуртавалі іх. 


У рэпертуары фальклорнага гурту каля 50 песень. Іх каштоўнасць у тым, што яны застаюцца нязменнымі на працягу таго часу, колькі існуюць. 


Калектыў удзельнічаў у шматлікіх конкурсах не толькі на Ельшчыне, але і па-за межамі раёна. Не абыходзіўся без Казлоўскага гурту і фестываль «Зов Полесья», дзе ён выступаў двойчы. Пераемнік  эстафеты ў гэтым годзе — калектыў гурту «Валошкі». 


— Так, напрыклад, песня «Эх, загудзелі, зашугалі правады» з’явілася тады, калі ў вёсцы праводзілі святло. І такіх прыпевак — люстэрак падзей — у нашым спісе шмат, — распавядае мастацкі кіраўнік гурту Ганна Ляўкоўская. 


Тэмы для іх народ браў з самога жыцця: пра каханне гаротнае, пра жніво. Якое жыццё, такія і песні...


Вёсак няма, а фартухі гараць «гарынню»



Незвычайнасць падворка «Ельскі фартушок» у тым, што экспанаты, сабраныя ў раённай цэнтральнай бібліятэцы, зрабілі жыхары тых вёсак, якіх… няма. Яны не існуюць на карце нашай краіны. Справа ў тым, что за чвэрць стагоддзя колькасць населеных пунктаў раёна пасля аварыі на ЧАЭС зменшылася з 80 вёсак да 66. 14 з іх зніклі назаўжды, гэта Кузьмічы, Шышкі, Патапы, Пагарэлае, Глазкі, Везцы, Шыя, Асавы і іншыя.


Каб зберагчы памяць пра тую Ельшчыну, якая паціху зыходзіць у нябыт, пра прыгожых і ўмелых майстрых-рука- дзельніц, супрацоўнікі раённай цэнтральнай бібліятэкі па крупіцах збіраюць унікальную калекцыю, дзе кожны экспанат — гэта жывая памяць пра чалавека і яго малую радзіму.


— ХХ стагоддзе шмат чаго змяніла ў сялянскім побыце. Даматканыя ручнікі, абрусы, традыцыйны касцюм і яго асобныя элементы замянілі фабрычныя вырабы. Аднак беражлівыя жыхары нашых вёсак захавалі старыя рэчы, таму што разам з імі жыве памяць аб продках, — лічыць дырэктар цэнтральнай бібліятэкі Надзея Суткаленка.


— Шкада, але назаўжды адышоў той час, калі дзяўчаты рыхтавалі пасаг сваімі рукамі, калі маладая жонка павінна была прынесці ў дом мужа не менш чым сем ручнікоў. У скрыні з пасагам дзяўчыны павінна было знаходзіцца 12 фартухоў, і ў кожнага вырабу было сваё прызначэнне: ручнік як абярэг, асобны фартух на кожны з 12 асноўных рэлігійных свят, — расказвае Надзея Анатольеўна.


У жаночым народным касцюме гэтай дэталі надзялялася асаблівая ўвага. Фартух — прадмет гонару кожнай жанчыны, бо гэта першы элемент адзення, які яна зрабіла сваімі рукамі. Ніз фартушка часцей за ўсё ўпрыгожваўся карункамі як ручной, так і фабрычнай работы. Канцы ручнікоў таксама былі аздоблены карункамі, якія на Ельшчыне маюць назву «зубы», а ў вёсцы Карма Ельскага раёна гэты элемент упрыгажэння называюць «рушэўкай». 


Адрозніваецца ў гэтай вёсцы і форма фіранкі і для чырвонага кута ў сялянскай хаце. Кармянскі кут уяўляе сабой суцэльнае палотнішча, расшытае вяночкамі ці букецікамі кветак, альбо асобнымі вялікімі кветкамі. Верх фіранкі  абавязкова ўпрыгожаны брыжам з зубчатымі краямі, абвязанымі каляровай ніткай. Цікава, што на Ельшчыне такую каляровую нітку называюць «гарынню».


Вось і гараць яркія, цёплыя, рознакаляровыя, як вясёлка, вышытыя ўзоры на фартухах, ручніках і сарочках... Як напамін пра назаўжды пайшоўшыя  ельскія вёскі.


Напоі са скляпка. А яшчэ?



На падворку «Сакавіты рай» у гэтым годзе можна не толькі пачаставацца смачным напоем, але і навучыцца яго рабіць. Сустрэнуць  гасцей у сваім імправізаваным садзе гаспадары — «муж» ды «жонка». І правядуць усіх жадаючых у «Сакавіты рай». Тут і брусніцы ў кошыках, і гародніна са сваіх участкаў... Усім гэтым адразу ж можна і пачаставацца. Такое адчуванне, быццам на самой справе трапіў у райскі сад.

Сваё майстэрства на падворку пакажуць Вольга ЗДОР, Кацярына НІКІЦІНА і Наталля НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ.


Далей выстава сокавыціскалак — ад старажытных да сучасных. Ёсць нават сярод іх і самаробныя экспанаты. Гаспадар і гаспадыня праводзяць тут майстар-клас па вытворчасці соку. Кожны можа паўдзельнічаць у гэтым працэсе. 


Побач шчодрае кола, у якім кампазіцыя з садавіны ды гародніны. З усяго гэтага можна прыгатаваць смачны сок. А яшчэ скляпок, і гаспадыня частуе ўсіх сваімі запасамі. За невялікія грошы можна набыць нешта і сабе.


Зацікавяць сваёй працай і мясцовыя майстры, якія будуць плесці саламяныя і берасцяныя вырабы, вышываць, а майстар Раман Раменікаў пакажа, як з пенаблокаў можна зрабіць фігуры для ўпрыгожвання прысядзібнага ўчастка. У канцы падворка, як і ва ўсіх садах, змайстравана… возера. У ім плаваюць не толькі лебедзі, а яшчэ і ружовыя фламінга. Сапраўдны Ельскі рай!

Падрыхтавала Таццяна БІЗЮК, «СГ».


Фота аўтара і з архіва Ельскай раённай бібліятэкі

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter