Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла прэзентацыя рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове

На роднай мове

У пару 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў вернікаў розных хрысціянскіх канфесій з’явілася магчымасць чытаць Евангелле і на беларускай мове. Пра вынік шматгадовай саборнай перакладчыцкай дзейнасці членаў Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы ў супрацы з Біблейскім таварыствам у Беларусі мы пісалі: 15 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы прэзентаваўся “Новы Запавет Госпада Нашага Ісуса Хрыста” на сучаснай беларускай мове (гл. “Высокае слова” . — ГР, 30.11.2017). 

І вось прыйшла яшча адна добрая вестка: 19 снежня мінулага года ў Нацыянальнай бібліятэцы была прэзентацыя і рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове. На сайце НББ пададзены фотарэпартаж з падзеі, ёсць у інтэрнэце і грунтоўнае выступленне на прэзентацыі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Першы поўны афіцыйны пераклад на сучасную і камунікатыўную беларускую мову кніг Новага Запавету падрыхтаваны за 15 гадоў Рыма-каталіцкім касцёлам у Беларусі.  Грунтоўную працу здзейснілі рупліўцы Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. 

За аснову ж для перакладаў Евангелля былі ўзяты найноўшыя крытычныя выданні Новага Запавету “Novum Testamentum Graece” (1993 і 2012 гадоў), якія падаюць грэчаскія тэксты паводле найстаражытнейшых і найлепшых рукапісаў.

Голас Радзімы № 1 (3553), субота, 6 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter