На роднай мове i жывым гукам

У нядзелю ў гарадскiм палацы культуры Маладзечна адбыўся  фiнальны канцэрт Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песнi. Удзел у iм прыняў 21 спявак – па трое ад кожнай вобласцi i Мiнска, абраныя ў вынiку двух папярэднiх рэгiянальных тураў

Лепшыя  маладыя  выканаўцы  беларускай  эстраднай  песнi  выступяць  на  фестывалi  «Маладзечна-2007»

У нядзелю ў гарадскiм палацы культуры Маладзечна адбыўся  фiнальны канцэрт Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песнi. Удзел у iм прыняў 21 спявак – па трое ад кожнай вобласцi i Мiнска, абраныя ў вынiку двух папярэднiх рэгiянальных тураў. Усе канкурсанты спявалi ў суправаджэннi Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга. 

Традыцыя пошуку новых галасоў даўно iснуе ў гэтым знакамiтым калектыве. Аматары нацыянальнай эстраднай музыкi памятаюць, якой папулярнасцю карыстаўся некалi маладзечанскi конкурс маладых выканаўцаў. Але ўжо некалькi гадоў, як ён не праводзiўся, i сёлета, паводле слоў Мiхаiла Фiнберга, адраджаўся практычна з нуля. Тое, што гэта неабходна, маэстра ўпэўнены. Конкурс, лiчыць ён, дазволiць маладым спевакам павысiць узровень выканальнiцкага майстэрства i сцэнiчнай культуры, а разам з тым дапаможа адрадзiць лепшыя традыцыi жанра беларускай эстраднай песнi, якая сёння «атручана» непрафесiяналiзмам. 

— Сёння песнi пiшуць усе, i нават той, хто не ведае нот, без ценю сумнення лёгка называе сябе кампазiтарам. Паўсюдна гучыць фанаграма. У краiне ўсяго некалькi калектываў могуць зрабiць канцэрт беларускай нацыянальнай музыкi, — абурана гаворыць маэстра. 

У Маладзечне канкурсанты выконвалi песнi толькi прафесiянальных беларускiх кампазiтараў, толькi на беларускай мове i, зразумела, жывым гукам.

Лепшых з iх вызначыла кампетэнтнае журы на чале з кампазi­тарам народным артыстам Беларусi Эдуардам Зарыцкiм. Вынесены вердыкт быў такi. Гран-пры конкурсу атрымала Алеся Кульша (на здымку) з Маладзечна, першую прэмiю — Настасся Пагаржэльская з Бабруйска, другую – Iрына Вярковiч з Фанiпаля, трэцюю – Павел Перавошчыкаў з Гомеля. 

Праўда, вынiкi конкурсу публiчна ў зале не аб’яўлялiся, што выклiкала расчараванне i здзiўленне гледачоў. Як патлумачылi арганiзатары, урачыстае ўзнагароджванне лаўрэатаў адбудзецца ў чэрвенi ў рамках IХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песнi i паэзii «Маладзечна-2007». Разам з памятнымi падарункамi чацвёра пераможцаў атрымаюць права выступiць са сваiмi нумарамi ў канцэрце з прафесiйнымi беларускiмi эстраднымi выканаўцамi. 

А наогул, у конкурсе, вiдаць, нiхто не прайграў. Хаця б таму, што ўсе яго ўдзельнiкi атрымалi выдатную магчымасць выпрабаваць свае творчыя сiлы, шырока заявiць пра сябе i свой талент (выступленнi пакажа Першы тэлеканал) i папрацаваць са знакамiтым аркестрам. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter