На расу гусей гнала...

У Белай Дуброве Касцюковіцкага раёна можна пачаставацца запечанай гуссю, падслухаць “сакрэты” вырошчвання птушак і павадзіць карагоды на старажытным “гусіным свяце”

У Белай Дуброве Касцюковіцкага раёна можна пачаставацца запечанай гуссю, падслухаць “сакрэты” вырошчвання птушак і павадзіць карагоды на старажытным “гусіным свяце”

Чым больш падарожнічаю па Беларусі, тым больш здзіўляюся, наколькі ўнікальныя нашы рэгіёны. Што ні куточак — то свая традыцыя ці звычка. Вось і Касцюковіцкі раён уразіў. Чым бы вы думалі? “Гусіным святам” — унікальным абрадам, які ў 1998 годзе аднавілі ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Белая Дуброва” Беладубраўскага сельскага Дома культуры. І хоць традыцыйна свята праводзілася 31 студзеня — на Апанаса, ахоўніка гусей, — пакаштаваць румяную гусь з печы ды паслухаць абрадавыя песні пра яе можна не толькі ў гэты зімні час. За пятнаццаць гадоў “гусінае свята” стала сапраўдным мясцовым брэндам, з якім гасцей і турыстаў Касцюковіцкага раёна гатовы з радасцю пазнаёміць.

Белы пух на Апанаса

Уставала ранюсенька,
Умывалась бялюсенька,
Уставала, кужаль слала,
На расу я гусей гнала, —
спяваюць удзельніцы ансамбля “Белая Дуброва” на зялёным лузе за багата накрытым сталом ля імправізаванай печкі. Заўважаю сярод іх не толькі дарослых жанчын, але і маладых дзяўчат-школьніц. Аказваецца, народную культуру ў Белай Дуброве любяць і паважаюць ад старога да малога. Першыя расказваюць, другія — пераймаюць.
— Пра “гусінае свята” мы чулі яшчэ ад нашых бабуль і прабабуль — раней яно было вельмі папулярнае ў вёсцы. Размяшчаецца Белая Дуброва на рацэ Беседзь. Кругом лугі і зеляніна — гэта ж раздолле для гусей. Таму вырошчвалі іх ледзь не ў кожнай хаце, — расказвае кіраўнік калектыву Людміла Чукіла. — Многія беладубровенскія гаспадынькі і цяпер трымаюць гусей. Толькі вось “гусінае свята” да нядаўняга часу было вядома не ўсім — забыліся вяскоўцы на мясцовую традыцыю. Нам захацелася яе аднавіць. Распыталі пра свята ў старажылаў, многія з якіх ужо нават не ходзяць, запісалі абрадавыя песні і народныя прыкметы.
Традыцыйна адзначалася свята ў апошні дзень студзеня на Апанаса, якога лiчылi ахоўнiкам гусей. Адсюль і назва — “гусiнае свята”. Менавiта з гэтага дня гусей, каб яны набiралi вагу, пачыналi кармiць зернем, бульбай, мякінай льняной. І прыглядалiся да надвор’я. Мяцеліца ў гэты дзень нагадвала белы пух і як бы прадказвала, што выведзецца багата гусянят. На свята праводзіўся кірмаш, ставіліся гандлёвыя рады.

Гусь — “зладзейка”

І цяпер беладубровенскія гаспадынькі рыхтуюцца да свята з усёй руплівасцю і гасціннасцю — застаўляюць прылаўкі загадзя прыгатаванымі па мясцовых рэцэптах стравамі, у асноўным з гусяціны, спяваюць песні, “спрачаюцца”.
— А ў мяне гусь самая лепшая! — крычыць, выйшаўшы на луг, адна.
— Ды якая там твая гусь. Ты на маю глянь! — пярэчыць другая.
 У спрэчцы, самі таго не заўважаючы, жанчыны выдаюць сакрэты вырошчвання і прыгатавання страў з гусей. Мне ўдалося “падслухаць”, да прыкладу, што, каб выгадаваць добрую гусь на продаж, яе варта зашыць у парафінавы мяшок, пакінуўшы свабоднай адну глотку і праз варонку карміць птушку гарэхамі і разынкамі. Такая гусь “мужнее” літаральна на вачах. Скажу вам, у тых, хто трапляе на “гусінае свята”, ёсць добрая магчымасць даведацца шмат цікавага пра гусей і штосьці нават узяць сабе на заўвагу. Раптам захочацца заняцца вырошчваннем гэтай хатняй птушкі?! Праўда, справа гэта не з простых.
— Праца вельмі крапатлівая, — расказвае Таццяна Яраш. — Гаспадыня вырошчвае да ста гусей! — І пасвіць трэба, і на раку выводзіць, і сачыць, каб варона якая не сцягнула ці суседская гусь не ўкрала з твайго панадворку гусяня.
— Як гэта ўкрала? — здзіўляюся я.
— А вось не вывеліся ў яе гусяняты — яна прыходзіць і забірае маіх. А пасля разбярыся — дзе чые гусяняты ў вёсцы? Таму робім праколы на лапках у маленькіх гусянят — так званыя пазнавальныя знакі. З малымі гусянятамі найбольш клопатаў. Трэба сачыць, і каб цёпленька ім было, і каб лапкі не намачылі. Бо намочыць гусяня лапкі — прападзе. Да месяца з ім трэба насіцца як з малым дзіцём.
Затое пасля, па словах беладубровенскіх гаспадынь, клопатаў значна памяншаецца. Усё, што патрэбна гусаку, — трава ды вада. Нездарма ж у песні спяваецца:
Вы ідзіце, мае гусі,
Пашчыпайце там травіцы,
Пашчыпайце там травіцы
Ды папійце вадзіцы.

Пачастунак за пажаданне

Жанчын, якія “сварацца” на свяце, міраць астатнія ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці і пасля гэтага ідуць да прысутных з прыгатаванымі стравамі з гусей і даюць пакаштаваць жадаючым: ножка — таму, хто хоча хутка бегаць, крыло — таму, хто хоча лётаць... Частуюць, праўда, не за проста так. За кожны кавалачак гусяціны — пажаданне гаспадыні.
— А каб жа вы ўсе былі здаровенькімі! — атрымліваю румяны кавалачак гусяціны.
А смаката ж! Яно і нядзіўна. Гатавалася гусь па старадаўнім рэцэпце. І не на якой там газавай пліце — а ў сапраўднай беларускай печы.
— Смачна прыгатаваць гусь не складана, — расказвае Тамара Каханоўская. — Адварваеш рыс, грэчку, смажыш моркву з цыбуляй, змешваеш, дабаўляеш спецыі і начыняеш гэтым гусь. Зашываеш тушку, кладзеш у чыгунок — і ў печ. Я звычайна пакідаю на ноч. А раніцай змазваю птушку маянэзам і на пару хвілін адпраўляю ў газавую пліту — каб падрумянілася.
 Адной такой гуссю можна сытна накарміць чалавек дзесяць.
— Вельмі каштоўны таксама гусіны тлушч. Кладзеш лыжку тлушчу ў бульбу — не трэба ні мяса, нічога. А які смак і водар! — расказвае Таццяна Яраш. — Я яшчэ вельмі люблю гусіную тушонку. З двух гусей у мяне атрымоўваецца сем літровых слоікаў тушонкі.
Дзяленне гусі з’яўляецца галоўным момантам свята. А пасля пачынаюцца песні, танцы, карагоды... Вяскоўцы гудуць, нібы тыя гусі гагочуць, — весела і шчыра, як і сто — дзвесце гадоў таму

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter