На радзіму — у госці

Са Львова ў Мінск прыехалі на экспанаванне слуцкія паясы  

Са Львова ў Мінск прыехалі на экспанаванне слуцкія паясы

Колькі б мы ні расказвалі пра вядомыя на ўвесь свет слуцкія паясы, колькі б ні захапляліся іх прыгажосцю і вытанчанасцю, аднак сёння беларусам няма чым пахваліцца. У музейных калекцыях нашай краіны набярэцца не больш як трыццаць слуцкіх паясоў, і тое — большасць фрагментаў.

Летась Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў адраджэнне тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў. Была прынята і адпаведная праграма. Вядома, тэхналогія вырабу паясоў была настолькі складанай, што на яе вывучэнне ішло сем і больш гадоў. Так што пакуль разгадаюць спецыялісты сакрэты нацыянальных скарбаў, пройдзе нямала часу. А так хочацца палюбавацца тканымі шэдэўрамі, якія з’яўляюцца сапраўдным гонарам краіны, ужо сёння! Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь знайшоў выхад з гэтай сітуацыі яшчэ пяць гадоў таму.

— Паколькі ўласных цэльных паясоў у музеі няма, з 2008 года мы па ініцыятыве генеральнага дырэктара Уладзіміра Пракапцова ажыццяўляем праект па экспанаванні слуцкіх паясоў з калекцый замежных музеяў, — расказвае начальнік аддзела старажытнага беларускага мастацтва музея Алена Карпенка. — Выстаўляліся ўжо ў Мінску паясы з Расіі, Літвы. Сёлета да нас завіталі тканыя госці з Украіны.

Чатыры паясы розных манафактур канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя прадаставіў Львоўскі гістарычны музей. Два з іх, дакладна вядома, выраблены на Слуцкай мануфактуры. Доказ таму — ткацкая марка з месцам вытворчасці і імем майстра “Въ грдъ Слуцкъ. Лео Мажарски” на аблямоўцы.

— Гэта суцэльныя паясы вельмі высокай якасці, з выдатнай каларыстычнай гамай і багатай арнаментыкай, — расказвае Алена Уладзіленаўна. — Адносяцца да часу, калі мануфактуру ў Слуцку з 1781 па 1807 год арандаваў Лявон Маджарскі, сын Яна Маджарскага, якога запрасіў са Станіслава Міхал Казімір Радзівіл па прозвішчы Рыбанька, надумаўшы наладзіць уласную вытворчасць паясоў. Лявон змяніў іх арнаментыку, увёў складаныя чатырохпалосныя паясы (адзін з такіх прадстаўлены на выставе), якія можна было складваць і насіць на розныя выпадкі жыцця.

Вядома, на Слуцкай мануфактуры вырабляліся як больш дэмакратычныя паясы, вытканыя толькі з шаўковых нітак, так і вельмі дарагія, на ўсю даўжыню (3—4 метры) затканыя залатымі і срэбнымі ніткамі.

— Слуцкія паясы, прывезеныя са Львова, з’яўляюцца досыць дарагімі. Праўда, пераважаюць у іх срэбныя ніткі, а не залатыя. Затое вельмі багата і дэкаратыўна ўпрыгожаныя махры. Можна добра разгледзець уплеценыя ў іх залатыя ніткі, — паказвае на паясы з вытанчанымі расліннымі матывамі Алена Карпенка.

Яшчэ адзін пояс, прадастаўлены Львоўскім гістарычным музеем, вытканы на фабрыцы Францішка Маслоўскага ў Кракаве — пра гэта сведчыць пазнака на рагу пояса. У яго аснове — традыцыі слуцкай мануфактуры.

Чацвёрты пояс не мае ніякіх марак, але выкананы таксама па лепшых узорах твораў Лявона Маджарскага. Гэта так званыя тыпы слуцкага пояса. Іх рабілі ў Польшчы, Украіне, французскім Ліёне. Яны ў асноўным выкарыстоўвалі малюнкі беларускіх паясоў. А вось тэхналогія ткацтва на кожнай мануфактуры была асаблівай.

— Калі б усе паясы былі з пазнакамі, было б нашмат прасцей вызначыць, да якой мануфактуры яны адносяцца, — гаворыць Алена Карпенка. — Калі пазнак няма, прыходзіцца даследаваць арнаментыку, тэхналогію ткацтва. Польскія калегі вельмі добра прасунуліся ў гэтым плане. Яны лічаць ніткі, вывучаюць перапляценні на квадратным сантыметры пояса, і кажуць, што слуцкія паясы маюць адметныя асаблівасці, якія дазваляюць адрозніць іх ад паясоў, вырабленых на іншых мануфактурах. Яны — сапраўды шэдэўр, лічаць замежныя спецыялісты.

Выстава слуцкіх паясоў са збору Львоўскага гістарычнага музея будзе доўжыцца ў Нацыянальным мастацкім музеі цэлы год. Так што ў беларусаў ёсць досыць часу, каб атрымаць асалоду ад гэтых шэдэўраў нашай дзівоснай спадчыны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter