Мода на зносіны з дзікімі жывёламі ў гарадскіх умовах крок за крокам становіцца трэндам

На прыём да янота

Мода на зносіны з дзікімі жывёламі ў гарадскіх умовах крок за крокам становіцца трэндам



У Мінску адзін за адным з’яўляюцца кантактныя заапаркі. На праспекце Дзяржынскага ў гандлёвым цэнтры “Тытан”, зусім нядаўна — на Прытыцкага ў гандлёва-забаўляльным цэнтры “Цівалі”, і на Сурганава ў гандлёвым цэнтры “Еўропа”. Яшчэ адзін адрас сустрэчы са звяркамі з’явіцца ў сярэдзіне лістапада ў мікрараёне Каменная Горка. Так што замежная мода на зносіны з дзікімі жывёламі ў гарадскіх умовах крок за крокам становіцца трэндам і ў нас. Вось толькі рэакцыя на гэта розная. Адны знаходзяцца ў поўным захапленні: маўляў, нарэшце можна пакарміць з рук насуху і зрабіць сэлфі з янотам, а галоўнае — жывёлы гатовыя прыняць на сябе ролю лекараў для дзетак з інваліднасцю. Другія ж хмурацца: а як адчуваюць сябе браты нашы меншыя ў такіх умовах?

Галоўная вынаходка кантактных заапаркаў ва ўсім свеце — бясплатная пэт–тэрапія. Псіхолагі, ды ўсё часцей і медыкі, упэўнена заяўляюць: дзе­цям з сур’ёзнымі дыягназамі яўна на карысць зносіны з любым звярком, асабліва калі той і сам не супраць пайсці на кантакт. Гэтую “фішку” раскручваюць і ў нас. Як яна працуе? Прадстаўнікі “Краіны Яноціі”, арганізатары сеткі кантактных заапаркаў, падзяліліся падрабязнасцямі: пробныя індывідуальныя заняткі з малымі, якія маюць інваліднасць, ужо былі. А цяпер усё больш зваротаў ад дзіця­чых дамоў — хочуць, каб выхаванцы пабачылі янотаў, насух ды іншых мілых звяркоў. Самыя зацікаўленыя ў пэт–тэрапіі — тыя ўстановы, дзе малыя з асаблівасцямі развіцця. Нядаўна звяркі прымалі першую групу з 15 маленькіх пацыентаў з мінскай дапаможнай школы–інтэрната №7 (сярод яе падапечных дзеці з сіндромам Даўна). Чакаюць прапаноў і ад дабрачынных арганізацый. Куратары праекта ўпэўнены, што ў першую чаргу такая навацыя дапаможа дзецям з павышанай трывожнасцю, псіхічнымі захворваннямі... Таму ў любы час і зусім бясплатна малышы з любым відам інваліднасці могуць наведаць кантактны заапарк.

Вольга Пасіяк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter