284 маладыя спецыялiсты па надзвычайных сiтуацыях папоўнiлi рады МНС: «Р» даведалася, што рухае тымi, хто смела рызыкуе жыццём дзеля выратавання iншых

На працу — з агнём у вачах!

«З самага дзяцiнства бачыла, як тата ноччу па званку крадком апранае форму, цалуе маму ў шчаку i знiкае. Калi вернецца, канешне, не казаў. Не ведаў сам». Прыклад мужнасцi i гераiзму ў Валерыi Казлоўскай быў перад вачыма заўсёды. Дзiцем яна вырашыла: будзе як тата. Ён — начальнiк Салiгорскага гаррайаддзела па надзвычайных сiтуацыях. Сваё слова Валерыя трымае да гэтага часу. А зараз — пра будучую службу. Прафесiя пажарнага-ратавальнiка больш чым праца. Гэта разумеюць калi не ўсе, то многiя. Днямі Унiверсiтэт МНС выпусцiў 284 чалавекi, з iх звыш 140 атрымалi доўгачаканыя лейтэнанцкiя пагоны. Што рухае тымi, хто смела рызыкуе жыццём дзеля выратавання часам незнаёмых людзей, даведалася карэспандэнт «Р».

Не менш цiкавым за вучобу атрымлiваецца выпускны курсантаў. Iснуе мноства цiкавых традыцый.

Гэты шлях не з лёгкiх — лейтматывам гучыць ад вопытных пажарных-ратавальнiкаў. Але папярэджанне пра нялёгкую працу не перашкодзiлi Мiкiту Палубцу паступiць ва Унiверсiтэт грамадзянскай абароны МНС i працягваць дынастыю. Дзядуля Мiкiты працаваў кiроўцам пажарнага аўтамабiля, бацька — намеснiк начальнiка Навукова-даследчага iнстытута пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС.

— Вядома, адчуваю вялiкi гонар за сына, — у размове са мной з ледзь прыкметнай усмешкай адзначае Сяргей Палубец. — Калi ўпершыню загаварылi пра Унiверсiтэт грамадзянскай абароны МНС, я адразу папярэдзiў: «Сын, будзе нялёгка». Вынiк нашых размоў бачыце самi: Мiкiта — курсант, без мiнуты малады спецыялiст падраздзялення МНС.

Падчас цырымонii маладыя афiцэры развiталiся са сцягам Унiверсiтэта грамадзянскай абароны МНС.

Самым складаным i адначасова цiкавым у вучобе малады чалавек называе профiльную падрыхтоўку пажарных-ратавальнiкаў. А як жа жыццё ў казарме? Да яе хлопец звыклы: скончыў Мiнскае гарадское кадэцкае вучылiшча № 1 iмя Фрунзэ (зараз лiцэй МУС). Курс маладога байца — сапраўднае выпрабаванне на фiзiчную i псiхалагiчную моц курсантаў. Заняткi летам пад адкрытым сонцам складана вынесцi i даросламу мужчыну. А тут учарашнiя школьнiкi, зусiм яшчэ дзяўчынкi i хлапчукi. Гэта становiцца вызначальным момантам: альбо ўкараняешся ў жаданнi застацца ў прафесii, альбо не вытрымлiваеш спецыфiкi будучай працы. Так здарылася i з выпускнiцай Валерыяй Казлоўскай.

— Да мужчыны ў форме я прывыкла з дзяцiнства, — жартуе наша гераiня i дадае: — Напэўна, таму выйшла замуж за выпускнiка Унiверсiтэта МНС. Гэта мужныя людзi, на сто працэнтаў гатовыя абаранiць сваю сям'ю. На выбар прафесii, вядома, паўплываў прыклад бацькi. З малога ўзросту ведала: буду як ён. У галаве думка: я ў цэнтры падзей, на пажары ратую чалавека, выводжу з палаючага задымленага памяшкання. Быў момант, калi сумнявалася ў выбары, — падчас курса маладога байца. Але потым пераадолела няўпэўненасць у сабе, узварухнулiся гонар i адказнасць. Якi ж я курсант, калi не спраўлюся?! Цяпер дакладна ведаю: гэта прафесiя — мая.


Пасля выпуску дзяўчаты-афіцэры ў асноўным працуюць iнспектарамi нагляду i прафiлактыкi. У непасрэднай лiквiдацыi надзвычайных сiтуацый не ўдзельнiчаюць. Хоць падрыхтоўка ва ўнiверсiтэце вучыць i гэтаму. Валерыя прызнаецца: трохi засмучана, што будзе ў тыле. Але затое з размеркаваннем усё атрымалася добра: будзе працаваць разам з мужам у Гродзенскiм райаддзеле па надзвычайных сiтуацыях. Бацька дзяўчыны перакананы: калi спатрэбiцца, дачка зойдзе ў падпалены будынак без ваганняў.

— Па вопыце скажу: нашы дзяўчаты i жанчыны не адстаюць ад мужчын. Гатовы не толькi працаваць з дакументацыяй, але i выехаць на лiквiдацыю НС. I калi не ўдзельнiчаюць непасрэдна ў аперацыi па лiквiдацыi НС, то будуць вельмi блiзка да гэтага, — адзначыў бацька Валерыi Уладзiмiр Ефанкоў.

Не менш цiкавы за вучобу атрымлiваецца i выпускны курсантаў. Iснуе некалькi традыцый.

— Пасля здачы апошняга дзяржэкзамену першы i другi курсы маюць права падысцi i з дазволу чацвёртага адарваць курсоўку — спецыяльныя палосы каля локця. Колькасць палос — у адпаведнасцi з годам вучобы. На курсоўцы загадзя пiшуць пажаданнi. А пасля трафей прышываюць сабе, — пасвячае ў цiкавыя традыцыi ўстановы Мiкiта Палубец. — Ёсць абрад i на выпуск. Старэйшыя курсанты кладуць пад пагоны грашовыя купюры, на якiх таксама пiшуць пажаданнi. Як толькi афiцыйная частка заканчваецца, да выпускнiкоў падбягаюць усе жадаючыя, i хто першы паспее павiншаваць лейтэнанта з прысваеннем звання, забiрае прыз з-пад пагона. Ахвотнiкаў да памятнай купюры настолькi шмат, што я за ўвесь час вучобы нi разу не паспеў забраць трафей у лейтэнанта. Затое сваю купюру ўжо падрыхтаваў, пажадаў курсантам добрай службы i далейшага кар'ернага росту.

Дынастыі сям'i Сяргея i Мiкiты Палубцаў i сям'i Валерыi Казлоўскай (прозвiшча па мужу) i Уладзiмiра Ефанкова. Фота Таццяны ЯНКОВАЙ

Падчас цырымонii выпуску курсантаў павiншаваў мiнiстр МНС Вадзiм Сiняўскi. Ён адзначыў:

— Зусiм хутка рабяты паступяць на службу ў нашы падраздзяленнi, дзе зоймуць ключавыя пасады ў галiнах папярэджання, прафiлактыкi i лiквiдацыi надзвычайных сiтуацый i не пакiнуць у бядзе тых, каму патрэбна дапамога. Гэта варта многага. Яны адвучылiся чатыры гады, атрымалi добрую адукацыю, таму абсалютна гатовы да такой важнай мiсii. Сёння на выпускным прысутнiчаюць i бацькi, па якiх вiдаць, што яны ганарацца сваiмi дзецьмi, бо тыя сталi сапраўднымi афiцэрамi i ўжо заўтра будуць добрасумленна выконваць пастаўленыя перад iмi задачы.

tychko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter