Нават буйныя мегаполісы ганарацца сваімі слаўнымі сынамі. Напрыклад, сем гарадоў аспрэчвалі права першанараджэння вялікага Гамера. Тады ці трэба шмат гаварыць, як уважлівыя да сваіх вядомых землякоў невялікія пасёлкі, якія сотнямі раскіданыя па прасторах Айчыны?!
Да тых, хто рызыкнуў кінуць выклік лёсу, субліміруючы энергію не на мясцовых пляцоўках правінцыяльных магчымасцей, а пашырыўшы іх да сталічнай клінікі, навукова-даследчага інстытута, мастацкай майстэрні, залы філармоніі... Яны не крадуць, не адбіраюць, не выцясняюць, а самасцвярджаюцца цераз сваё і сябе. Чым больш паспяхова яны гэта робяць, тым больш радуюцца ў маленькіх вёсках і пасёлках, узнімаючы над імі сцяг уласнай значнасці. Ну што такое нейкая Дзянісаўка на карце Расіі, калі б там не нарадзіўся Міхайла Ламаносаў?!
А ці не плюсуе Глуск такімі каларытнымі асобамі як паэт Сяргей Грахоўскі, чыё імя носіць сёння адзін з бульвараў. А адна з вуліц — імя заслужанага ўрача БССР Аляксандра Сямёнава. Сярод вядомых землякоў — дзіцячая пісьменніца і перакладчыца Ядвіга Машынская-Гельтман, пісьменнікі Фёдар Янкоўскі і Аркадзь Марціновіч, паэт, адзін з пачынальнікаў беларускай кінематаграфіі Янка Бобрык і яго брат Мікалай, доктар медыцынскіх навук, які стаяў ля вытокаў нацыянальнай хірургічнай анкалогіі. Беларускім Архімедам па праву называлі кандыдата тэхнічных навук, уладальніка многіх замежных узнагарод Мікалая Пігулеўскага, вынаходствамі якога ў розны час цікавіліся ЗША, Канада, Ізраіль, Францыя, Германія...
Нацыянальная культурная складаючая ведае імёны такіх нашых землякоў, як народныя артысты рэспублікі акцёр Цімафей Сяргейчык, кампазітар Валерый Іваноў, мастак Вячаслаў Захарынскі, мастацтвазнаўца і харавы дырыжор Галіна Цмыг. Доўгія гады паспяхова рэдагаваў рэспубліканскую газету “Звязда” заслужаны дзеяч культуры Аркадзь Тоўсцік. Колеры зборнай краіны па гандболу паспяхова абаранялі майстры спорту міжнароднага класа Уладзімір Гольдзін і Вадзім Лісіца. Вядучы навукова-даследчы і праектна-канструктарскі інстытут горнай і хімічнай прамысловасці ААТ “Белхімпрам” узначальвае Анатоль Смычнік. Кафедры ў Беларускім эканамічным універсітэце — доктар навук Іван Акуліч і Валянціна Сімховіч. У Маскве нароўні з куцюр’е Вячаславам Зайцавым ведаюць яго таленавітага вучня, вядомага ў Расіі і за мяжой дызайнера адзення Уладзіміра Зубца.
...Гэты “рэестр” мог быць значна даўжэйшы. Але дзеля лаканічнасці дастаткова толькі сказаць: у гарпасёлку ўжо каля 14 гадоў не страчвае градус папулярнасці такая культуралагічная акцыя, як сустрэчы з вядомымі землякамі. І гэта зусім не местачковы патрыятызм. Бо калі на што і багатыя, дык гэта перш за ўсё на людзей. На тых, пра якіх хочацца гаварыць і ўзгадваць цёпла, па-сямейнаму даверліва.
Сам сабе помнік
Помнікі — гэта не толькі тое, што з граніту, мармуру і іншых матэрыялаў, якія прэтэндуюць на манументальнасць. Яны бываюць і прыроднымі. Так, як гэта атрымалася са Слаўкавіцкай Дубровай, дзе сярод іншых лясных “сабратаў” прапісаўся і доўгажыхар — разлапісты каслічнікавы дуб, якому пад 200 гадоў і які мае паўтараметровы дыяметр.
Ды і наогул давайце прызнаемся сабе: ці так ужо часта сустрэнеш прыгожую дуброву. Вось і становяцца яны быццам бы жывымі помнікамі самі сабе.
Царква пад старымі ліпамі
Пагадзіцеся, 195 гадоў існавання Косма-Даміянаўскай Гарадоцкай царквы — той тэрмін, які нават па самых строгіх гістарычных мерках дае права лічыцца значным культурным помнікам. І па ўзросце, і па намоленасці, і па дойлідскай штучнасці... Бо нават цяжка сабе ўявіць, колькі малітваў, напоўненых любоўю да Усявышняга, надзеяй, просьбай, раскаяннем, удзячнасцю, спадзяваннем, узнеслася з гэтай маленькай, але такой радаснай воку і мілай сэрцу цэркаўкі. Дарэчы, яе з’яўленне таксама не абышлося без памешчыкаў Жылінскіх. Хтосьці з іх клана ў 1814 годзе стаў свайго роду бабкай-павітухай — ініцыятарам будаўніцтва богаўгоднай установы ў гонар перамогі над Напалеонам.
Божа, як маральна выгадна адрозніваліся яны ад тых, хто ў 1940 годзе на хвалі вульгарна зразумелага атэізму больш чым на паўгода забараніў у царкве богаслужэнне. І толькі для таго, каб, пагарджаючы святынямі і пачуццямі вернікаў, адкрыць тут ганчарную майстэрню. Чым не зрушэнне логікі ў нейкую пазамаральную прастору.
Зрушылася яна і ў час Вялікай Айчыннай. Паводле слоў бацькі Аляксандра, вось ужо 65 гадоў царкоўныя франтоны захоўваюць у сабе кулямётныя кулі. Не выключана, што з году ў год іх пакідаюць наўмысна. Магчымы ўрок патрыятызму аказаўся мацнейшым за заклапочанасць “касметычнымі” параметрамі. Гледзячы на свежапафарбаваныя дошкі, “уджаленыя” свінцовымі порцыямі, так і спрабуеш аднавіць карціну лакальнага бою пры вызваленні раёна ў адзін з чэрвеньскіх дзён 1944 года. У час адступлення два фашысцкія кулямётчыкі ператварылі царкву ў агнявую кропку. Але экіпаж танка Т-34 аказаўся не лыкам шыты. Нядоўга пабывала ў якасці дзота сярэдняя частка будынка. Некалькі імгненняў кровапралітнага бою, кулявыя “аўтографы” якога вечнасцю застылі ў “бурштыне” гісторыі.
...На тэрыторыі царквы восем магільных пліт, пад якімі ляжаць свяшчэннікі. У асноўным бачны лічбы па абодва бакі раздзяляльнай рыскі. Паветра тут цудоўнае, ці што? Ці нейкае хараство зыходзіць ад тых, хто жыццё паклаў на алтар служэння Богу і людзям?! Можа, таму над іх магіламі ўдзячна расхінулі свае галіны вялізныя ліпы.
Генеральскі “аўтограф”
Кажуць, чалавек — гэта стыль. Калі справа абстаіць менавіта так, то генерал Іосіф Іпалітавіч Жылінскі даказаў гэта спаўна. Будучы вядомым рускім геадэзістам, а таксама не менш сур’ёзным спецыялістам па асушэнню балот беларускага Палесся, свой і тэарэтычны, і практычны манеўр ён ажыццяўляў не на маскоўскай брукаванцы.
Усе свае дзеянні Жылінскі максімальна наблізіў да эпіцэнтра меліярацыйных падзей. Вось і звязаў пэўны перыяд жыцця з Глушчынай. Больш таго, напачатку 80-х пазамінулага стагоддзя ўзначаліў Заходнюю экспедыцыю для даследавання стану сельскай гаспадаркі. Праект маштабны — тэхнічныя магчымасці дастаткова прымітыўныя. Ды і рабочы матэрыял далёкі ад японскіх параметраў. Неяк не вельмі зацікавіліся “праварукія” ляўшы ідэяй рэгіянальнага пераўтварэння прыроды. Таму тон генеральскіх рэляцый на імя імператара не быў кампліментарным у адрас “каналаармейцаў”.
Гэта што эскізна датычыцца чалавека. У адносінах да стылю лепшая самапрэзентацыя — маёнтак у Завалочыцах. Такі ж грунтоўны, імпазантны, як сам гаспадар. Прычым настолькі, што нават усе наступныя капітальныя рамонты не змаглі змяніць першапачатковыя абрысы класічнага ампіру.
Сёння ў былым маёнтку Жылінскага — дырэкцыя аднайменнага саўгаса, якая вырашае зусім іншыя лакальныя задачы, хаця і ў тым жа аграрным рэчышчы. Дык і час жа іншы. Як-ніяк XXI стагоддзе на двары. А вось “пана Жылінскага” цяпер тут кожны ведае. На тое і асоба, каб фарватар у гісторыі быў шырокі, эксклюзіўны.
Вечная чароўнасць таленту
Гісторыкі і аматары выяўленчага мастацтва дагэтуль шукаюць дату нараджэння нашага вядомага ў Еўропе земляка Аляксандра Тарасевіча — выдатнага майстра-гравёра, чый след у распрацоўцы тэхнікі медэрыту (гравюра на медзі) такі значны.
Заявіў ён пра сябе спачатку пераважна як кніжны графік. Сорак медэрытаў да “Разарыуму” адразу сталі свайго роду мастацкім бестселерам. Рэха поспеху было пачута нават у Германіі. Адгукнуліся Аўсбург, Вільна, многія іншыя культурныя цэнтры. Прыемна ад усведамлення таго, што і сюжэты некаторыя, што ўжо дакладна ўстаноўлена, падказаны тагачасным глускім бытам. Скажам, той жа каляндарны цыкл, дзе паказана сялянская праца на працягу “пікавых” сезонаў з яго подыхам паўсядзённасці, які і сёння рэальна адчуваецца. Ёсць меркаванне мастацтвазнаўцы В.Шматава, што руку Тарасевічу “паставілі” ў Баварыі, дзе ён вучыўся ў славутых у Еўропе Кіліянаў. Падстава для такіх вывадаў — графічная манера, у аснове якой віртуозная, характэрная для згаданай школы тэхніка. Той самай, якая акрамя згаданай кнігі праявілася і ў такіх з іх, як “Шкатулка святога жыцця” Ф.Дрыяцкага, “Тры філасофіі”, “Рацыянальная філасофія”, і іншых. Тут сам выбар ілюстрацыйнага матэрыялу — сведчанне інтэлектуальнага ўзроўню мастака-гравёра. Ды і ў самой творчасці нямала прыкмет, якія сведчаць аб знаёмстве з багажом такіх гігантаў культуры, як Мікеланджэла, Рэмбрант, Брэйгель, Дзюрэр, Босх... Больш таго, спецыялісты ўпэўнена гавораць пра ўласную мастацкую школу, бо пасля смерці мастака ў работах многіх беларускіх графікаў відавочны яго ўплыў. Як-ніяк Тарасевіч — найярчэйшы прадстаўнік беларускага барока.
Але вельмі шкада, што, малюючы іншае і іншых, не пакінуў мастак аўтапартрэта. І гэта пры тым, што з уласцівым яму талентам і мастацкім почыркам перадаў прыкметы свайго часу.
А глуская зямля прадаўжае нараджаць такіх таленавітых мастакоў, як члены гэтага творчага саюза Слава Захарынскі, Генадзь Сурма, Уладзімір Даўшэвіч. У такой пераемнасці бачны сэнс не толькі творчасці, але і жыцця наогул.
Што яна ўбачыла ў Італіі?
Гадоў так восем таму тэмай сваёй дыпломнай работы будучы архітэктар Вольга Балейка, глусчанка па нараджэнню, зрабіла рэканструкцыю Глускай крэпасці XVII стагоддзя. У нашай больш звыклай інтэрпрэтацыі — замка. Пры гэтым галоўную стаўку зрабіла на актыўны пошук аналагаў сярод гістарычных помнікаў іншых краін. І здаровы розум, і інтуіцыя падказвалі ёй: яны абавязкова павінны быць.
Што ж, вынік апраўдаў “тэхналогію” — ён атрымаўся проста бліскучы! Прычым як бы ў двух аспектах. Першы: калі планшэты былі гатовы, у Вольгі ажно дух перахапіла ад здзіўлення — настолькі вытанчаным у сваёй бездакорнасці аказаўся архітэктурны будынак XVII стагоддзя. Другі вынік таксама больш чым уражальны. Выдатна абараніўшы дыплом, выпускніца Беларускай політэхнічнай акадэміі заваявала права ўдзельнічаць у конкурсе маладых архітэктараў у Фларэнцыі.
Ці магла дзяўчына падумаць, што менавіта тут, далёка ад Радзімы, чакае яе галоўнае, адначасова і зямляцкае, і прафесійнае ўзрушэнне. Падчас адной з экскурсій сваімі вачамі ўбачыла знаёмыя пяць пялёсткаў бастыёна, якія нагадвалі нарцыс. Быў і той жа рукатворны роў з пераходным мостам. Тыя ж вартавыя вежы, стройны прыгажун касцёл, які стаў выдатным музеем Сярэднявечча. Розніца адна, але істотная. У іх, італьянцаў, усё гэта захавалася і дзейнічае. Мы ж сваё не збераглі. Засталося толькі пакутлівае аднаўленне па чарцяжах. Але гэта ўжо, як кажуць, іншая гісторыя, іншая тэма. Хаця сумна, канешне, што замест рэальных будынкаў, якія можна было захаваць, задавальняемся вынікамі раскопак сталічнага археолага Ірыны Ганецкай, якія вядуцца ўжо дзесяць гадоў запар.
Хто ён, граф Бандзінэлі?
Версія аб тым, што вёска Калацічы — радзіма аднаго з каларытных прадстаўнікоў беларускай літаратуры другой паловы XIX стагоддзя Альгерда Абуховіча, даўно і паспяхова пацверджана. “Сведкамі” па справе ў розны час праходзілі настаўнік са Слуцка Рыгор Радчанка, літаратуразнаўцы Адам Мальдзіс, Сцяпан Майхровіч і іншыя. Імі ж даказана, што вышэйзгаданы пан бадай ці не адзін з роданачальнікаў нацыянальнай байкі. На карціне мастака Міхаіла Веціка бачым па-чэхаўску інтэлігентны, сімпатычны твар. А галоўнае, разумны. Статус інтэлектуала пацверджаны не толькі арыгінальнымі творамі, але і перакладамі з Гётэ, Шылера, Байрана, Дантэ, Гюго. З рускай класікі ў асноўным Пушкін і Лермантаў, польскі — Міцкевіч. А чаму б і не, калі англійская, французская, італьянская, нямецкая мовы, так бы мовіць, ад зубоў адскокваюць. З імі і Заходняя Еўропа лепш спасцігаецца заўзятым падарожнікам.
Дарэчы, дзесяткі гадоў, да поўнага высвятлення абставін, не было адказу на пытанне: адкуль у выхадца з маленькіх Калаціч двайное гучнае прозвішча: Абуховіч-Бандзінэлі? Тлумачэнне аказалася простым. Другая частка не толькі псеўданім, але і фамільны графскі тытул, прозвішча продкаў. А вось жа глядзі: арыстакрат і дэмакрат шчыра сімпатызаваў простаму народу. Нават у вядомым у Беларусі паўстанні 1863 года “адзначыўся”. Не магла такога эрудыта, паліглота абмінуць настаўніцкая і асветніцкая дзейнасць. Шчыра кажучы, так і хочацца паўтарыць за вядомым паэтам: “Так, былі людзі ў наш час!” Не будзем сціплымі: і зараз яны таксама ёсць. Толькі з паправачнай карэктывай і на гэты час, і на гэтыя ж абставіны. Праз сто гадоў яны ўжо зусім іншыя.