Директор докшицкого хозяйства "АгроСитцы" Сергей Лущинский

На палатне жыцця нiтачка абрываецца. А вузельчык застаецца

Сам Гасподзь вярнуў Дзімку дырэктару докшыцкай гаспадаркі «АграСітцы» Сяргею Лушчынскаму, сям'ю якога не абышлі шрамы лёсу
Сам Гасподзь вярнуў Дзімку дырэктару докшыцкай гаспадаркі «АграСітцы» Сяргею Лушчынскаму, сям`ю якога не абышлі шрамы лёсу


Сваiх сыноў кадравы афіцэр Уладзімір ЛУШЧЫНСКІ з маленства прывучаў жыць у згодзе з сумленнем. Ён перажыў Ленінградскую блакаду, пасля чаго закончыў курсы танкістаў у Ніжнім Тагіле і дзевятнаццацігадовым байцом прайшоў франтавымі дарогамі еўрапейскія краіны. У Дзень Перамогі развітаўся са сваім танкам ля Брандэнбургскіх варот у Берліне і вярнуўся працягваць ваенную службу ў роднай Беларусі, адкуль яшчэ да вайны па камсамольскім закліку разам з сябрамі падаўся ў Ленінград вучыцца рабочаму рамяству. Вабіла яго тэхніка. Гэтае захапленне і ў малодшага сына Сяргея. Дыплом інжынера-энергетыка Сяргей Лушчынскі атрымаў у сталічным інстытуце. Працаваў галоў- ным спецыялістам на сельскагаспадарчых прадпрыемствах Міншчыны. Зведаў працу кіраўніка гаспадаркі. Давялося перанесці і нялёгкае выпрабаванне, калі не па сваёй волі апынуўся не толькі беспрацоўным, а і на вуліцы з чатырма маленькімі дзяцьмі і жонкай.

Марына Мікалаеўна, Сяргей Уладзіміравіч і іх футбольны шчасліўчык Дзімка


ТЫПОВЫ катэдж вялікай сям’і Лушчынскіх на новай вуліцы аграгарадка Сітцы ад ранняй вясны да глыбокай восені патанае ў кветках. На дагледжаным роўным газоне можна наладжваць спаборніцтвы па гольфе. Абсалютны парадак і ў доме, дзе гаспадарыць увішная Марына Мікалаеўна з трыма дачушкамі і агульным любімчыкам сям’і — кучаравым Дзімкам, які сёлета стаў шчаслівым першакласнікам. Нават і не здагадваецца гарэзлівы хлопчык пра жыццёвыя шрамы бацькоў. Для кожнага з іх гэты шлюб другі.


Сяргей Уладзіміравіч ажа- ніўся ў хуткім часе пасля заканчэння сталічнага інстытута механізацыі, які потым стаў Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэтам. Нарадзіліся два сыны. Пайшоў кар’ерны рост. Заглушаў боль у працы, нікому не скардзіўся, што сямейнае шчасце неяк мінала яго. Разышліся інтэлігентна. Бацькі, брат Валодзя і меншая сястра Таццяна падтрымлівалі яго. Не забываў пра сыноў, перажываў за іх, дапамагаў. А сам нудзіўся ад адзіноты. 


І раптам як хто яго падмяніў. Звычайна спахмурнелы твар заззяў, вочы заіскрыліся. Паведаміў родным, што хоча пазнаёміць з жанчынай, у якой загінуў муж. Яшчэ не маючая і трыццаці гадоў Марына засталася з гадавалай дачушкай Аляксандрай на руках. Пэўна, лёс распарадзіўся не даць прапасці двум адзіноцтвам. Бацькі падтрымалі выбар сына.


Сямейнай вячэрай адзначылі знаёмства. Вянчаліся ў Далгінаўскай царкве Святой Троіцы. Віншавалі з замужжам родныя Марыны. Маладыя наведваліся да яе бацькоў у прыгожую вёску Крайск, што на Лагойшчыне. Дапамагалі састарэлым Алене Рыгораўне і Мікалаю Яўгенавічу па гаспадарцы, не міналі праваслаўных храмаў, якіх у вёсцы захавалася тры. У адным з іх хрысцілі дачушку Валерыю. Дзядулі і бабулі цешыліся ўнучкамі. Старэйшая на некалькі гадоў Аляксандра дапамагала глядзець сястрычку, у якой душы не чаяў дзед-франтавік Уладзімір Іванавіч. Яны маглі гадзінамі гуляць па дзедавым дворыку ў ціхім куточку Лагойска. 


Але не доўгім было шчасце. Паласнула сэрца Сяргея раптоўная смерць старэйшага сына. Замкнуўся, лічыў сябе вінаватым у трагедыі. Перабіраў мінулае, дакараў, калі б не сышоў з сям’і, такога магло і не здарыцца. Марына не лезла ў душу мужа. Балюча было і ёй. Сяргей намерыўся вярнуцца да былой сям’і, дзе падрастаў малодшы Юра. Марына не пярэчыла, толькі папярэдзіла, што рашэнне будзе канчатковым. Дзяўчынак падыме сама.


Напружанне ў сям’і зашкальвала. Параіла мужу паехаць у санаторый і там нетаропка абдумаць усё. Развітваліся стрымана. Адправіўся на Нарач, а Марына з двума дзецьмі на руках — да сваіх бацькоў у Крайск. Цяжар поўніў іх душы. Рашэнне прыняў Сяргей. Патэлефанаваў жонцы, прапанаваў прыехаць у санаторый, дзе папрасіў прабачэння. Вярталіся дамоў разам.


— Сэрца падказала як паступаць, — прызнаецца Сяргей Лушчынскі. — Мой самы мудры дарадчык. 


— Іскрынка нашых адносін магла згаснуць, — падхоплівае Марына Мікалаеўна. — Але, пэўна, ўсё па волі нябёс.


Колькі ні даводзілася Лушчынскім пераязджаць, як самае святое гаспадыня перавозіць сваю бажніцу, перад якой моліцца за шчасце сям’і, у якой не толькі родныя дзеці.


Неяк Марына Мікалаеўна прапанавала мужу ўзяць у сям’ю прыёмную дачку. Ён здзівіўся, бо і сам пра гэта думаў. Паехалі ў Вілейскі сацыяльны прытулак, адкуль і прывезлі дзяўчынку-другакласніцу, якая адразу Марыну Мікалаеўну мамай назвала. Але вельмі сумавала па сваёй маці, якая адмовілася ад яе. Ужо дзевяць гадоў Алінка ў сям’і Лушчынскіх, і ні разу ніхто з родных яе лёсам не пацікавіўся. Сваю сапраўдную сям’ю яна тут знайшла.


— Нешта сабе адмовім, але дзеці ў нас на першым плане, — запэўнівае Сяргей Уладзіміравіч. — Камп’ютары асвоілі нашы дзяўчынкі. Акрамя вучобы, спорт, мастацкая самадзейнасць — іх стыхія. Ні адзін канцэрт у вёсках, дзе мы жылі, не праходзіў без іх удзелу.


У невялікім утульным доме Лушчынскіх самае дарагое — дзеці. Свае і прыёмныя. Усе аднолькава любыя. Цяпер іх чацвёра. Быў яшчэ хлопчык Дзімка, якога маленькім прывезлі яны з дзіцячага сацыяльнага прытулка. Шмат бяссонных начэй Марына Мікалаеўна правяла каля кволага немаўляці. Выхадзіла. А праз год, толькі Дзімка зрабіў першыя крокі, яго маці адумалася і прыехала за ім. Развітанне перажывала ўся сям’я. Анямела хата без маленькага званочка. 


Вясна ў той год выдалася дружная. Лушчынскія ўправіліся з агародам і, як толькі выпала вольная часіна, адправіліся ў дзіцячы сацыяльны прытулак. Там падказалі, што ў Вілейскім радзільным доме маладая маці адмовілася ад хлопчыка. Нарадзіўся ён у канцы мая, калі па права- слаўным календары адзначаецца дзень святога Дзмітрыя Данскога.


— Сам Гасподзь вярнуў у нашу сям’ю Дзмітрыя. У пялюшках прывезлі яго дамоў, — ўзгадвае Сяргей Уладзіміравіч. — Такі маленькі, худзенькі, з вогненна-залацістымі валосікамі на галоўцы. Аднадушна вырашылі, што імя яго — толькі Дзмітрый. Так у нас шэсць гадоў таму і з’явіўся новы Дзімка. 


— Папоўніў мужчынскую палову...


— Мужычок з моцным характарам. Любіць са мной у аўтамашыне ездзіць па палях, лугах, — ганарыцца Сяргей Уладзі- міравіч. — Яго цікавіць усё. Толькі паспявай расказваць. Ужо другі веласіпед яму купілі. На падлеткавым цяпер ездзіць. Не ўгнацца за ім. Вернецца са школы, пераапранецца і ляціць па аграгарадку. 


— Ён самы меншы ў вашай сям’і. Не песціце хлопчыка?


— Яго ўсе любяць, немагчыма ўтрымацца, каб не паласаваць чым. Адкуль ні едзем, абавязкова штосьці для Дзімкі вязем. Калі кіраваў лагойскай гаспадаркай «Трайпл», даводзілася бываць у замежных камандзіроўках, усім прывозіў падарункі, але Дзімку заўжды самыя незвычайныя. У яго цацак на дзіцячы садок хапіла б.


— Сяргей Уладзіміравіч, чацвёра дзяцей выхоўваеце з Марынай Мікалаеўнай. А яшчэ ёсць сын Юрый. Як вас на ўсіх стае?


— У Юрыя ўжо свая сям’я, маю двухгадовага ўнука Ягорку. Яму працягваць род Лушчынскіх, карані якога вядуць ў мінулае. Род Лушчынскіх на Лагойшчыне некалі быў шляхецкім. Культура высока цанілася. Жонка таксама з мясцовых. Яе родная вёска Крайск некалі была мястэчкам, там захаваліся старадаўнія права- слаўныя цэрквы. Мясцовы святар у адным з храмаў стварыў сапраўдны музей Крайска. Мы з дзецьмі не аднойчы былі ў ім, знаёміліся з экспанатамі. Цяпер няма калі ездзіць, усе заняты справамі. Мы з жонкай працуем у гаспадарцы, усе дзеці вучацца. 


Кіраваць такім вялікім калектывам, як наш, нялёгка, але знаходжу час на сям’ю. Ездзім з дзецьмі і на экскурсіі, і да родных у госці. Раней, калі былі жывыя нашы бацькі, лета дзеці праводзілі ў іх. Мой бацька ў час ленінградскай блакады зведаў голад. Да апошняга дня свайго самай высокай меркай цаніў хлеб і працу на зямлі. Заўжды цікавіўся маімі сялянскімі клопатамі. Наказваў, каб мы дзяцей у пашане да працы выхоўвалі.


Аляксандра ў школе захаплялася экалагічнай тэматыкай. Навуковую працу падрыхтавала і на рэспубліканскім конкурсе стала прызёрам. Атрымлівала Прэзідэнцкую стыпендыю. Паспяхова закончыла сярэднюю школу, вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. У канцы лета сватаць яе ездзілі. Віцебскі юнак будзе зяцем. 


Студэнткай стала і Алінка. Пачала вучыцца на сацыяльнага педагога ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універ- сітэце імя Максіма Танка. Валерыя пайшла ў дзясяты клас, а Дзімка толькі пераступіў школьны парог. Некалькі гадоў таму, калі я ўзначальваў лагойскую гаспадарку «Трайпл-агра», рудзенькага Дзімку ўбачыў вядомы беларускі футбольны трэнер Сяргей Гурэнка і адразу прыкмеціў у ім здольнасці футбаліста. Вельмі жвавы. Фартовым хлопчыкам назваў яго кароль беларускага футбола і нават патрымаўся за рудзенькія кучары Дзімкі, каб мінскаму «Дынама», ён быў тады галоўным трэнерам, фарціла. 


— Ну і як, фарціла?


— Дзевяць перамог запар атрымалі дынамаўцы. Перад кожнай гульнёй прыязджаў Гурэнка да Дзімкі за ўдачай. 


— А з футболам дружыць ваш шчасліўчык?


— Ганяе мяч з сябрамі. Але заяўляе, што хоча быць такім, як я, і працаваць на зямлі. Гэта цешыць. Мой сын Юра, што жыве ў Лагойскім раёне, застаўся працаваць у гаспадарцы «Трайпл-агра», якою я некалі кіраваў.


— Як з Лагойшчыны вы трапілі ў докшыцкія Сітцы?


— Свайго жылля не мелі. Давялося нават нейкі час жыць у бацькоўскім доме жонкі ў Крайску. У Сітцах прапанавалі працу і сучасны новы катэдж. І мы пераехалі ў гэту вялікую прыгожую вёску. Працаваў электрыкам, інжынерам-энергетыкам. У жніўны час даручылі кіраваць збожжатокам. Не аднойчы прыязджаў да нас старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук, які адзначыў высокую арганізацыю працы на збожжасушыльных агрэгатах. Алег Леанідавіч прапанаваў мне ўзначаліць гэту адну з найбольш буйных гаспадарак раёна. Я ўдзячны за такі давер, за клопат пра маю сям’ю. Дзяржава выдзеліла мне льготны крэдыт на газіфікацыю дома, які мы прыватызавалі. Цяпер я спакойны, што маем свой дах над галавой. Адчуваем ад дзяржавы фінансавую падтрымку на выхаванне прыёмных дзяцей. І вельмі важна, што я запатрабаваны.


— Сяргей Уладзіміравіч, а ў чым асаблівасць вашага стылю кіравання?


— Ён просты. Трэба быць стрыманым. Так мяне бацькі выхоўвалі. І паважаць людзей. Хто ж будзе добра працаваць, калі пакрыўдзіш чалавека. Кіраўнік павінен клапаціцца пра агульную справу, але і кожнага не забываць. За лёсы людзей ты ў адказе. 


— З чаго пачалі ў Сітцах дырэктарства?


— З першага дня ўзяўся за дысцыпліну і навядзенне парадку. Акрэсліў дакладна абавязкі кожнага галоўнага спецыяліста. Заатэхнічную службу ўзначаліў высокі прафесіянал Васіль Назараў, якога я запрасіў з Лагойшчыны. Больш за 4 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы ў нас, і вельмі важна правільна вызначыцца са стратэгіяй развіцця галіны. Узмацнілі работу па селекцыі дойнага статка. Вядзём рэканструкцыю на малочна-таварнай ферме «Пліскі», плануем запусціць там даільную залу.


Усюды кіраўніку трэба паспець, прыняць аптымальнае рашэнне. Гаспадарка даволі вялікая. Некалькі гадоў да яе далучылі тры суседнія калектывы. 11 тысяч гектараў зямлі. Дзякуючы энерганасычанай сучаснай тэхніцы ў Сітцах у кароткі тэрмін справіліся са жнівом, намалацілі на паўтары тысячы тон больш збожжа, чым летась. На палове плошчаў, адведзеных для асенняй сяўбы, пасеяны ўжо азімыя. Гаспадарчымі клопатамі напоўнены будні кіраўніка Сяргея Лушчынскага. А вечарамі яго чакаюць дома. 


— Самы прыемны для мяне час, калі ўся сям’я ў зборы. У такія моманты крыху адыходзіш ад працы, дзе столькі клопатаў і праблем. То паліва не хапае, то думаеш, як хутчэй разлічыцца з крэдытамі, што некалі набралі ў Лепельскага малочна-кансервавага камбіната... 


— Сяргей Уладзіміравіч, па адукацыі вы інжынер-энергетык, маеце вопыт кіравання гаспадаркай. Ці абавязкова ведаць сённяшняму кіраўніку аграрнага прадпрыемства ўсе тэхналагічныя тонкасці?


— Адказаць на гэта адназначна цяжка. У асноўных момантах тэхналагічнага працэсу варта разбірацца. А ўвогуле павінна быць каманда не толькі прафесіяналаў, але і аднадумцаў, да чаго я і імкнуся.


— Сённяшні кіраўнік на вёсцы — гэта…


— …і забеспячэнец, і тэхнолаг, і настаўнік, і ўсё, чым жыве вясковы чалавек. Усебакова гарманічна развітая асоба. Сучасны менеджар. Калі не будзеш ва ўсё ўнікаць, поспехаў не даб’ешся.


— Сяргей Уладзіміравіч, лёс вас не песціў. Але, напэўна, было ў жыцці і светлае?


— Калі сыны нараджаліся. Як я радаваўся кожнаму з іх! Але мінулае не перайначыш. Жыццё, як палатно, тчэцца. Часам нейкая нітачка абрываецца, застаецца вузельчык. Вось думаю, як Дзімку выхаваць, каб замяніў мяне ў працы. Наш фартовы хлопчык прагне гэтага.

Уладзiмiр Субат


Докшыцкі раён


Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter