На паклон да Купалы

Дэлегацыя Саюза пісьменнікаў пабывала на маладзечанскай зямлі

Знаёмства з Міншчынай групы членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, якое пачалося на мінулым тыдні са Слуцкага і Салігорскага раёнаў, прадоўжылася на маладзечанскай зямлі

Сёлета гэты працавіты і спеўны горад не быў абмінуты ўвагай улад, сродкаў масавай інфармацыі, а потым і гасцей, якія ў канцы верасня зехаліся сюды, каб адсвяткаваць рэспуб­ліканскі хлебаробскі фестываль «Дажын­кі-2011».

А дагэтуль тут жа, у Мала­дзечне, прайшло чарговае нацыянальнае свята паэзіі і песні. Гэтая падзея таксама штогод пакідае яркую старонку ў гісторыі нацыянальнай культуры, сведчыць аб глыбокай павазе маладзечанцаў да матчынага слова, роднай мелодыі і беларускай песні. І, бясспрэчна, тутэйшая зямля нараджае ўсё новых талена­вітых людзей, сваіх герояў ва ўсіх галінах вытворчасці, грамадскага жыцця, культуры, дастойных кніг сучасных аўтараў.

Вось чаму шлях пісьмен-ніцкага доследу Маладзечанскага краю пралягаў найперш праз купалаву калыску — Вязынку, малую радзіму Песняра. Менавіта ў купальскую ноч 7 ліпеня 1882 года тут з’явіўся на свет і пражыў першыя свае 11 месяцаў Ясь Луцэвіч, пакуль яго бацькі не пакінулі гэты куток у пошуках лепшай долі.

З паклону Янку Купалу, з магчымасці яшчэ раз натхніцца энергетыкай, духам зямлі, паэтычнай сілай народа, якую ўвабраў і ўвасобіў Пясняр, і пачалася вандроўка літаратараў па раёне.

Непадалёку адсюль яшчэ адна памятная літаратурная мясціна — вёска Ракуцёў­шчына, дзе роўна сто гадоў назад, улетку 1911 года, адпачываў малады Максім Багдановіч, 120-годдзе з дня нараджэння якога рыхтуецца адзначыць Беларусь.

І ўжо ў нашы часы побач з былым ракуцёўскім фальваркам вырас сучасны, малады і прыгожы пасёлак Чысць. Усе, хто тут пабываў, кажуць, што ён спаўна апраўдвае сваю назву. Усюды чысціня, парадак, сучасны ўзровень добраўпарадкавання аб’ектаў і тэрыторіі. Сёлета ў пасёлку ўведзены ў строй выдатны Дом культуры. Будаўнікам спатрэбілася ўсяго сем месяцаў, каб гэты храм талентаў і адпачынку заззяў цяперашнім цудам. І зразумела, чаму ў ім мнагалюдна, чаму шануецца кожная дэталь інтэр’ера, ахоўваецца яго прыцягальная аўра.

Такое ж непаўторнае ўражанне пакінула ў пісьменніцкай суполкі і наведванне мясцовага дзіцячага садка № 2, які быў літаральна праз дзень у рэспубліканскім конкурсе прызнаны лепшай дашкольнай установай краіны.

Што і казаць пра тое, як памаладзеў, абнавіўся сёлета да свята «Дажынак» сам Маладзечна! Падчас сустрэчы з пісьменнікамі намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Шчэцька назваў многія новыя адрасы сацыяльных пераўтварэнняў як у горадзе, так і ў вёсках раёна. Усё зробленае высока ацэнена пісьменніцкім згуртаваннем, бо кожны аб’ект, пабудаваны да свята, будзе доўгія гады служыць людзям і ў святы, і ў будні, рабіць іх жыццё больш камфортным, прыгожым, дабрабытным.

Узяць той жа спартыўна-забаўляльны комплекс, дзе прадугледжваецца аказваць дзясяткі відаў паслуг, ці абноўлены гарадскі парк, летні амфітэатр, адрамантаваныя дамы, двары, вуліцы.

Маладзечна аддзячыла пісьменніцкі тур і шэрагам цікавых, творчых сустрэч. Цёплым прыёмам з выкананнем паланэзаў Міхала Клеафаса Агінскага былі сустрэты майстры мастацкага слова ў тутэйшым музычным вучылішчы, якое носіць яго ж імя. Дырэктар установы Рыгор Сарока пашкадаваў толькі, што на такія душэўныя гутаркі ў гасцей выпала няшмат часу, і прапанаваў наладзіць у будучым асобную сустрэчу з калектывам. А гэта сведчанне таго, што людзі маюць патрэбу ў пастаянных зносінах з ахоўнікамі беларускасці, з жывым літаратурным беларускім словам.

Зрэшты, такімі ж памкненнямі жывуць і самі літаратары. Ім тварыць, ім чэрпаць творчы жывасіл у людскіх варунках. А як мы памятаем, на апошняй сустрэчы з пісьменнікамі Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка параўнаў кнігу з іконай.

— Гэтае вобразнае і трапнае параўнанне да многага абавязвае нас, закліканых пісаць гісторыю сучаснасці, — дзяліўся сваімі думкамі і ўражаннямі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. — А дзе яшчэ паэту ці празаіку чэрпаць натхненне, знаходзіць тэмы і герояў для сваіх будучых твораў, як не падчас паездак па краіне, сустрэч з чытачамі. Нефармальныя чалавечыя кантакты дарагога каштуюць, яны духоўна ўзбагачаюць пісьменніка, надаюць яму сіл у творчасці. А седзячы ў кабінеце, не пазнаеш жыццё ва ўсіх яго фарбах, не адкрыеш для сябе і чытачоў дастойных, цікавых людзей, на якія так багата беларуская зямля.

Сваім меркаваннем на гэты конт мы папрасілі падзяліцца пісьменніка-франтавіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Алеся Савіцкага. Што такія паездкі даюць яму, сталаму чалавеку, літаратару з багатым творчым багажом, вялікім вопытам?

— Ведаеце, у Дзень Перамогі я іншы раз надзяваю не парадны піджак з узнагародамі, а спартыўную куртку і іду пешшу ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі. Іду, можна сказаць, па людскім калідоры, што выстрайваецца ўздоўж праспекта Незалежнасці. І калі ты праходзіш побач з людзьмі, якія шчыра і пранікнёна святкуюць гэтае вялікае свята, ты ўпітваеш усю гэтую мацнейшую энергетыку, ты становішся іншым чалавекам.

Так і тут, у сустрэчах цябе напаўняе моцная хваля эмоцый, уражанняў. Такія паездкі творчаму чалавеку проста неабходны, як зарадка акумулятару. Яны патрэбны нават для таго, каб пачуць новае слова, каб заглянуць у тую ж Купалаву хатку, падсілкавацца духоўнай веліччу Купалы, Багдановіча ці хаця б паглядзець на нашы прыгожыя краявіды.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter