На новы лад

Напярэдадні Дня работнікаў культуры міністр Барыс Святлоў падняў некалькі актуальных тэм... 

Напярэдадні Дня работнікаў культуры міністр Барыс Святлоў падняў некалькі актуальных тэм

Пра скарачэнне кадраў у галіне

Міністр называе гэтую сітуацыю іншым словам — «аптымізацыя». Ды і размова ідзе не столькі пра людзей, колькі пра штатныя адзінкі. Маўляў, з часам галіна пашырылася да неверагодных памераў, асабліва кіруючы апарат. Вось яго ў першую чаргу і «пачысцяць». Тым жа, хто стварае каштоўнасці, гэта значыць творцам, наогул не трэба турбавацца.

Дарэчы, апарат Мінкульта ўжо аптымізавалі на 25 працэнтаў, гэта 27 чалавек. Найбольш «пацярпела» ўпраўленне кінамастацтва. Што датычыць скарачэнняў у рэгіёнах, то там рашэнне будуць прымаць абласныя структуры.

Пра заробкі

Яны ў галіне, сапраўды, невысокія. Заробкі творцаў складаюць 62 працэнты ад сярэднерэспубліканскіх. Самыя высокія — у тэатральна-відовішчных арганізацыях. У Вялікім у сярэднім атрымліваюць па пяць мільёнаў, крыху менш у Купалаўскім. Самыя нізкія (каля чатырох мільёнаў) — у работ­нікаў музеяў. Але Барыс Уладзіміравіч сцвярджае, што пасля аптымізацыі галіны заробкі ўзрастуць.

Пра самаакупнасць мерапрыемстваў

Некалькі гадоў таму гэтага патрабаваў Прэзідэнт. Барыс Святлоў адзначыў станоўчую тэндэнцыю. Пры спрыяльных умовах за тры гады магчыма скараціць фінансаванне розных фестываляў да мінімуму. Дарэчы, «Славянскі базар у Віцебску» ўжо сёння сам зарабляе (пазабюджэтныя сродкі, грошы ад продажу білетаў) амаль 50 працэнтаў ад расходаў.

Пра змену фармату 

Барыс Святлоў лічыць, што амаль усе з 60 існуючых міжнародных фестываляў патрабуюць «перазагрузкі». Многія ствараліся некалькі дзесяцігоддзяў таму, а значыць, састарэлі. Увядзенне новага фармату можа даць ім новае жыццё. Гэта датычыць у тым ліку і «Лістапада», які сёлета адзначыць свой дваццацігадовы юбілей. «Ён павінен захаваць сваё прызначэнне:  знаёміць у першую чаргу з лепшымі фільмамі краін былога Саюза, а таксама замежнымі навінкамі. Але трэба гэта рабіць ужо па-іншаму».

Пра музей Вялікай Айчыннай вайны

Новы будынак расчыніць свае дзверы 3 ліпеня 2014 года. Канцэпцыя размяшчэння экспанатаў яшчэ да канца не распрацавана. Але дакладна вядома, што цэнтральная зала (яна ж самая вялікая) будзе называцца «Дарога вайны». Астатнія памяшканні плануецца як бы «нанізаць» на яе. Дарэчы, будаўнікі ўжо вызвалілі чатыры залы. Зараз яны рыхтуюцца да запаўнення. Частка экспазіцый ужо сфарміравана на плошчах старога будынка.

Пра мову

«Для мяне ёсць бабуліна мова — беларуская і матуліна — руская. Яны абедзве для мяне родныя», — гаворыць Барыс Святлоў. Між іншым яшчэ папярэдні міністр культуры Павел Латушка абяцаў, што справаводства галіны пяройдзе на беларускую мову. Так і адбылося. Нават лісты і загады Барыс Уладзіміравіч піша па-беларуску.

Пра асабісты густ

Пра свае сучасныя музычныя перавагі міністр гаворыць неахвотна. Маўляў, не хоча некаторым даваць аванс ці кагосьці пакрыўдзіць. Назваў толькі адзін гурт — «J:МОРС». Таксама з задавальненнем амаль усе вечары апошняга тыдня правёў у сталічнай філармоніі на фестывалі Башмета. Класічная музыка Барысу Святлову бліжэй.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter