На Нарачы ў суботу

У Мядзелі завіхурыць свята возера Нарач «Лазурнае люстэрка»

Прыходзьце і прыязджайце! Прылятайце і прыплывайце!

Менавіта так запрашае сваіх гасцей адметная імпрэза, што ладзіцца ў Нарачанскім краі. 27 ліпеня ў Мядзелі завіхурыць свята возера «Лазурнае люстэрка».

Яго арганізатары — Мінскі абласны выканаўчы камітэт і Мядзельскі райвыканкам — пастараліся зрабіць так, каб здзівіць самых патрабавальных і спрактыкаваных. Надзвычай багатая фальклорная скарбонка Мядзельшчыны. Яна шчодра адкрыецца на свяце — сваё майстэрства пакажуць самабытныя аматарскія мастацкія калектывы. Будзе магчымасць нават пачуць выступленне валыншчыкаў і асвоіць азы сярэдневяковых танцаў. У гэтым краі з пакалення ў пакаленне перадаюцца сакрэты старадаўніх рамёстваў — калі ласка, можна навучыцца ім у час шматлікіх майстар-класаў.

Азёрны край — любімае месца адпачынку беларусаў. Кожны госць свята атрымае магчымасць пагуляць у пляжны валейбол, прыняць удзел у захапляльных спартыўных спаборніцтвах на вадзе. Крэатыву дадасць выступленне аквабайкераў, а дзяцей чакаюць атракцыёны на любы густ. А хочаце даведацца, што такое водна-пеннае шоу? Тады, калі ласка, у суботу на Нарач.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter