На мяжы краін і эпох

Ашмянскі раён — візітоўка паўночнага захаду нашай краіны, дзе мірна жывуць людзі шматлікіх нацыянальнасцяў і дзе можна пачуць беларускую, польскую і літоўскую мовы. Лічыцца, што Ашмяны з’явіліся прыкладна ў Х—ХII стагоддзях. Горад быў адной з рэзідэнцый вялікіх князёў літоўскіх. Вядомыя гістарычныя месцы з мноствам помнікаў гісторыі і культуры — вёскі Жупраны і Баруны, а таксама сучасны аграгарадок Гальшаны — самае старажытнае мястэчка Ашмянскага краю. Сёння гэта месца паломніцтва турыстаў. Ашмяншчына дала Беларусі, Польшчы і ўсяму свету цэлае суквецце літаратараў, навукоўцаў, мастакоў, рэвалюцыянераў, грамадскіх дзеячаў, якія ўславілі сваімі талентамі не толькі ашмянскую зямлю, але і іншыя краіны і народы.

Ашмянскі раён — візітоўка паўночнага захаду нашай краіны, дзе мірна жывуць людзі шматлікіх нацыянальнасцяў і дзе можна пачуць беларускую, польскую і літоўскую мовы. Лічыцца, што Ашмяны з’явіліся прыкладна ў Х—ХII стагоддзях. Горад быў адной з рэзідэнцый вялікіх князёў літоўскіх. Вядомыя гістарычныя месцы з мноствам помнікаў гісторыі і культуры — вёскі Жупраны і Баруны, а таксама сучасны аграгарадок Гальшаны — самае старажытнае мястэчка Ашмянскага краю. Сёння гэта месца паломніцтва турыстаў. Ашмяншчына дала Беларусі, Польшчы і ўсяму свету цэлае суквецце літаратараў, навукоўцаў, мастакоў, рэвалюцыянераў, грамадскіх дзеячаў, якія ўславілі сваімі талентамі не толькі ашмянскую зямлю, але і іншыя краіны і народы.

Цудадзейная святыня касцёла

Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла — помнік архітэктуры “віленскага барока” і стылю ракако. Галоўнай яго рэліквіяй лічыцца абраз Маці Божай Барунскай (суцяшальніцы засмучаных) невядомага мастака. Першапачаткова абраз належаў праведніку-базыльяніну, месіянеру айцу Бражылісу, які перад смерцю перадаў святыню сваяку Мікалаю Песляку. Доўгі час абраз знаходзіўся ў скрыні. Падчас моцнай хваробы да Песляка ў трызненні з’явілася  Маці Боская, якая папрасіла, каб ён знайшоў ёй іншае месца. Так, абраз трапіў у касцёл, а гаспадар хутка ачуняў ад хваробы. Лічыцца, калі моцна папрасіць ў Маці Божай Барунскай чаго-небудзь, тое абавязкова збудзецца. У народзе называюць больш як 150 цудаў, звязаных з цудадзейнай святыняй. Тысячы паломнікаў кожны год на свята абраза  прыходзяць і прыязджаюць да Маці Божай Барунскай, каб ушанаваць, выказаць падзяку або папрасіць дапамогі.

Iм ганарыцца Беларусь

Францішак Багушэвіч — адна з буйнейшых постацей беларускай літаратуры і грамадскай думкі другой паловы ХIХ стагоддзя. Цесна звязана з жыццём беларускага пісьменніка Францiшка Багушэвіча вёска Жупраны. Тут, на колішнім рыначным пляцы, на тым месцы, дзе, паводле падання, Багушэвіч у 1863 годзе выступаў перад местачкоўцамі, паўстае адліты ў бронзе помнік аднаму з тых, хто зычыў нашаму народу лепшай долі. 22 сакавіка 1970 года да 130-годдзя з дня нараджэння паэта ў мясцовай школе, якая носіць імя Ф.Багушэвіча, быў адкрыты літаратурны музей, прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху  пісьменніка.

Друкарня сярэднявечча

Недалёка ад вёскі Мураваная Ашмянка знаходзяцца сцены будынка друкарні, якая лічыцца адной з галоўных славутасцей дадзенай мясцовасці. Мяркуюць, что друкарню заснаваў вядомы знаўца i аматар коней Крыштаф Дарагастайскi, якi i надрукаваў у ёй сваю знакамiтую кнiжку на польскай мове “Гiпiка, або Кнiга пра коней”. Гэтая друкарня адыграла пэўную ролю ў распаўсюджванні ідэй Рэфармацыі. Даследчыкі лічаць, што тут у 1562 годзе выйшла ў свет “Цэнзура” вядомага прапаведніка Войцеха Салінарыуса.

Рэха мiнyлых стагоддзяў

Гальшанскае гарадзішча займае мыс прыроднага ўзвышша, выцягнутага на ўсход ад вёскі Гальшаны. Яго ўзнікненне звязана з імем легендарнага князя Гольшыса. Сярод знаходак выдзяляюць дзве катэгорыі рэчаў: прадметы ўзбраення і ўпрыгажэнні. У розныя часы тут былі знойдзены наканечнікі стрэл, шпоры, фрагменты даспехаў, рэчы з амуніцыі воіна, металічныя амулеты ў выглядзе ключыка, сякеркі, а таксама прылады працы, фрагменты шклянога посуду, якія адносяцца да ранняга сярэднявечча. Гальшанскае гарадзішча сёння з’яўляецца адной з багатых археалагічных пляцовак, дзе кожнае лета з задавальненнем працуюць не толькі археолагі, але і вучні са школ Ашмянскага раёна.

“Нявесцiн камень”

Культавыя валуны — гэта камяні, якія ў народзе маюць назвы і пра іх існуюць паданні. Валуны з выемкамі, знакамі, надпісамі, малюнкамі. Адзін з iх — “Нявесцiн камень” знаходзiцца  ў вёсцы Агароднікі Навасёлкаўскага сельсавета. Сярод мясцовых жыхароў існуе безліч паданняў пра яго. Кажуць, калі дзяўчына хоча хутчэй выйсці замуж, неабходна абавязкова дакрануцца да валуна, і спадзяванні здзейсняцца. Старажылы ж вёскі сцвярджаюць, што раней гэтаму каменю пакланялася моладзь.
На справе ж валун ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату быў прынесены, як лiчаць вучоныя, 130—150 тысяч год назад ледніком з Аландскіх астравоў, размешчаных у Балтыйскім моры ля берагоў Швецыі. Даўжыня яго дасягае 4,1 метра, вышыня — 2,2, акружнасць — 10 метраў, вага — 74 тоны. Звонку гэты цуд прыроды падобны на прас з гладкай паверхняй.

А па начах яна станавілася д’яблам

Пачатак ХVI стагоддзя ў Ашмянскім павеце быў адзначаны з’яўленнем асабліва лютай банды, якая трымала ў страху ўсю акругу. Але разбойнікаў ніяк не маглі злавіць. Тады вялікі князь Аляксандр даручыў гэтую справу суддзі Ваньковічу, які не ведаў няўдач у разблытванні самых таемных злачынстваў. Але трэба сказаць, што суддзя быў закаханы ў пані Ядвігу Русіноўскую, сватаўся да яе. Ядвіга адказвала Ваньковічу ўзаемнасцю, і ўжо быў прызначаны дзень вяселля. Але яму не наканавана было адбыцца... Калі разбойнікаў схапілі і з  верхавода сарвалі шалом, перад Ваньковічам паўстала... яго нявеста Ядвіга. Перад пакараннем смерцю яна сказала суддзі: “Сумна мне было жыць. Я рыцарам павінна была нарадзіцца. Але, відаць, чорт умяшаўся — мужчынскае сэрца з жаночым целам злучыў”. Ядвіга была павешаная ў кастрычніку 1507 года.  А гэтая гісторыя легла ў аснову спектакля “Ядвіга”, пастаўленага Аляксеем Дударавым на сцэне Купалаўскага тэатра ў Мінску.

Легенды Гальшанскага замка

Гальшанскi замак, якi спачатку быў драўляным, iснаваў з канца ХIII стагоддзя. Да 1525 года iм валодалі князі Гальшанскія, а потым, пасля шлюбу князёўны Гальшанскай з Паўлам Сапегам, замак перайшоў ва ўладанне Сапегаў. Менавiта багацце i ўплыў Паўла Сапегi далi яму магчымасць узвесцi прыгожую рэзiдэнцыю. Мураваны замак быў пабудаваны ў 1-й палове ХVII стагоддзя. У час руска-польскай вайны 1654—1667 гадоў ён быў часткова разбураны, а затым у вайне 1700—1721 гадоў шведскiя i рускiя войскi спрабавалi яго моц сваiмi ядрамi. Унеслi свой “уклад” у цёмную справу знiшчэння помнiка вайна 1812 года i дзве сусветныя вайны.
У замку была вялiкая колькасць пакояў i глыбокiя падвалы. Гэтыя падвалы-лабiрынты сталi асновай для розных вымыслаў, што быццам бы ад замка да касцёла пракладзены падземны ход. Іншыя легенды сведчылi, што ход з замка звязваў яго з Крэўскiм замкам i быў такой велiчыні, што можна было праехаць на чацвёрцы коней. З манастырскай вежай, або, як у народзе яшчэ яе называюць, “вежай прывідаў”, людзі звязваюць безліч легендаў і паданняў. Найбольш вядомае з іх — пра Белую Даму, якую замуравалі ў адну са сцен замка.

Дарагія чытачы!

Каб прыняць удзел у выбары цудаў нашай роднай Беларусі, проста запоўніце анкету і пастаўце адзнаку па сямібальнай шкале кожнаму з прапанаваных сёння цудаў Ашмянскага раёна. Анкеты адпраўляйце на адрас рэдакцыі “Народнай газеты” з прыпіскай на канверце “7 цудаў Беларусі”.
Свае меркаванні аб праекце вы можаце выказаць на сайце рэдакцыі ў Інтэрнэце: www.ng.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter