Прадстаўнік Беларусі на дзіцячым “Еўрабачанні-2016” адправіцца на Мальту ўжо ў гэтую нядзелю

На музычны востраў

Прадстаўнік Беларусі на дзіцячым “Еўрабачанні-2016” адправіцца на Мальту ўжо ў гэтую нядзелю.

Трынаццацігадовы мінчанін Саша Мінёнак разам са сваёй творчай групай вязе ў Валету не толькі добра падрыхтаваны нумар і адрэпеціраваную песню “Музыка маіх перамог”, але і чамаданы, поўныя цікавай промапрадукцыі, у тым ліку дызайнерскі інфармацыйны буклет з дыскам, фірменныя паштоўкі і плакаты для слухачоў і канкурсантаў. Мяркуецца, што перад фіналам юныя выканаўцы добра перазнаёмяцца, а таму падарункі на памяць ад аднаго другому будуць якраз да месца.

Наступны еўратыдзень і для Сашы, і для іншых удзельнікаў дзіцячага “Еўрабачання” з шаснаццаці краін абяцае быць вельмі насычаны. Арганізатары конкурсу, які пройдзе сёлета пад дэвізам “Ахопліваць”, распрацавалі канцэпцыю, у аснове якой ляжыць ідэя фестывальнага тыдня. У праграме ўдзел канкурсантаў у цырымоніі адкрыцця, інтэрв’ю для СМІ, здымкі візітоўкі, запіс агульнай песні, цікавыя і пазнавальныя экскурсіі. У сераду, 16 лістапада, наш канкурсант правядзе першую індывідуальную рэпетыцыю на сцэне The Mediterranean Conference Centre, а ў нядзелю, 20-га лістапада, разам з іншымі юнымі артыстамі прыме ўдзел у фінале конкурсу, вынікі якога, будзем верыць, нас прыемна парадуюць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter