«Хорошки» представят страну на Днях культуры Беларуси в Омане

На мове танца

Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі», бясспрэчна, з'яўляецца брэндам краіны. На працягу існавання калектыву, а летась ён адзначыў 45-годдзе, яго ўдзельнікі пад кіраўніцтвам народнай артысткі Валянціны Гаявой адкрывалі свету беларускую культуру. «Харошкам» апладзіравалі ў Германіі, Індзіі, Італіі, Сірыі, ЗША, Фінляндыі, Японіі і многіх іншых краінах.


Напэўна сарвуць авацыі танцоры і ў Амане, дзе выступяць 4 сакавіка ў межах Дзён культуры Беларусі. «Харошкі» выйдуць на сцэну галоўнай канцэртнай пляцоўкі гэтай краіны — Каралеўскага опернага тэатра Маската. Як правіла, на ёй выступаюць сусветныя выканаўцы самага высокага ўзроўню. Удастоіліся такога гонару і нашы артысты. Яны пакажуць у Амане лепшыя нумары з залатога фонду ансамбля, заснаваныя на багатым фальклорным матэрыяле і беларускай гісторыі.

Як паведамілі ў калектыве, гледачоў чакае сустрэча з сапраўднай беларускай зімой — снежнай і халоднай, але вельмі прыгожай парой года. Пакажуць «Харошкі» і асаблівасці працы і побыту беларускага народа: сяўбу жыта, збор ураджаю, весялосць і танцы з нагоды завяршэння палявых работ.

Унікальны харэаграфічны спектакль «Сакалінае паляванне» з праграмы «Полацкі сшытак» перанясе жыхароў Амана ў «замкавую эпоху» беларускай гісторыі, пазнаёміць са стара­даўнімі звычаямі заручын. А музычны нумар «Усходняя фантазія» ў выкананні аркестравай групы ансамбля стане для іх сапраўдным сюрпрызам.

Прадстаўляць нацыянальнае мастацтва Беларусі ў Амане для ансамбля «Харошкі» — вялікі гонар і радасць, лічаць артысты. Гэта выдатная магчымасць паказаць унікальнасць і самабытнасць беларускага народа, яго традыцыі і найбагацейшыя духоўныя каштоўнасці.

mila@sb.by


Фота з асабістага архіва.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter