На мове мастацтва. I сэрца

Рэспублiканскi тэатр беларускай драматургii выступiў ў Беластоку

На мове мастацтва. I сэрца размаўлялi беларускiя артысты з польскiмi землякамi

У гэты вечар у драматычным тэатры iмя Аляксандра Венгеркi ў Беластоку размаўлялi па-беларуску. На сцэне, у зале, у фае перад пачаткам спектакля. З выступлення на галоўнай сцэне Падляскага ваяводства распачаў арганiзаваныя пад эгiдай Культурнага цэнтра Беларусi ў Польшчы трохдзённыя гастролi Рэспублiканскi тэатр беларускай драматургii.

Падзея сабрала прадстаўнiкоў этнiчных беларусаў, якiх у Беластоку i яго ваколiцах, па афiцыйных звестках, налiчваецца каля 50 тысяч. Людзi збiралiся ля ўвахода, прагульвалiся памiж радамi, цёпла вiталiся, распытвалi пра навiны. Адчувалася, што для iх гэта не проста культпаход у тэатр, але i добрая нагода сустрэцца, пагаварыць, адчуць сябе часткай беларускай супольнасцi, пабыць сярод суайчыннiкаў.

Тое ж самае можна было назiраць i ў два наступныя вечары ў суседнiх з Беластокам Гайнаўцы i Бельску-Падляскiм. «Чарнобыльскую малiтву» ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Валерыя Анiсенкi публiка прымала з захапленнем, рэагавала на рэплiкi герояў, адзначала апладысментамi навелы, якiя кранаюць душу, а напрыканцы праводзiла гасцей сапраўднымi авацыямi.

Перад польскiмi беларусамi тэатр Валерыя Анiсенкi выступаў упершыню. Дагэтуль, як прыгадаў дырэктар i мастацкi кiраўнiк, ладзiлi спектаклi ў Люблiне — некалькi разоў прымалi ўдзел у мiжнародным фестывалi «Канфрантацыя».

— I там таксама прымаюць прыязна, — кажа Валерый Данiлавiч. – I ўсё ж суайчыннiкi – асаблiвая публiка, памiж залай i сцэнай узнiкае асобая сугучнасць. Прывяду для прыкладу выступленне ў Гайнаўцы, дзе большасць гледачоў складалi навучэнцы беларускага лiцэя. Калi ўбачыў, як яны дружна iдуць на спектакль, прызнаюся, захваляваўся. Тэма «Чарнобыльскай малiтвы» больш блiзкая сярэдняму пакаленню. Вырашыў перад пачаткам звярнуцца да моладзi, патлумачыць, што разлiчваем на ўдумлiвых, чуйных гледачоў. У вынiку ўсё атрымалася як найлепш. Авацыi, кветкi для артыстаў… А потым на сцэну выйшаў малады чалавек, лiцэiст, i пранiкнёна падзякаваў за выступленне.

Трохдзённыя гастролi па польскiм прыгранiччы для тэатра прайшлi паспяхова, нягледзячы на тое, што выступала трупа без сваёй зоркi – Iгара Сiгава. Вядучы артыст тэатра беларускай драматургii ў тыя днi знаходзiўся – нi мала нi многа – у Галiвудзе, на ўрачыстай цырымонii ўручэння прэмii «Оскар». А прывяла яго да ўдзелу ў галоўнай кiнематаграфiчнай падзеi года тая ж самая «Чарнобыльская малiтва». Дакладней кажучы, адна з яе навел –«Дзверы», па якой зняла кароткаметражную мастацкую стужку iрландскi рэжысёр Хуанiта Уiлсан.

Адным з плённых вынiкаў гэтых гастроляў стала папярэдняя дамоўленасць з дырэктарам беластоцкага тэатра iмя А.Венгеркi Пятром Дамброўскiм. Валерый Анiсенка запрасiў калегу ў Мiнск для больш блiзкага знаёмства з тэатрам беларускай драматургii i для перамоў аб перспектывах супрацоўнiцтва.

— Напэўна, мы знойдзем магчымасць прапанаваць польскаму рэжысёру ажыццявiць пастаноўку на нашай сцэне i, наадварот, паставiць беларускую п’есу ў Беластоку, — дзелiцца задумкамi Валерый Данiлавiч. – Шчыра ўдзячны Культурнаму цэнтру Беларусi ў Польшчы i яго кiраўнiку Аляксандру Карачуну за арганiзацыю гэтай паездкi, што дала магчымасць яшчэ раз прадставiць беларускае мастацтва за мяжой, а таксама iмпульс новым партнёрскiм сувязям у галiне культуры.

У сваю чаргу для Культурнага цэнтра Беларусi гастролi Рэспублiканскага тэатра сталi новай вехай у справе папулярызацыi айчыннага мастацтва. Тэатральныя гастролi ладзiлiся яго супрацоў-нiкамi не ўпершыню, але менавiта гэтыя сталi, як гаворыцца, добрым пачаткам вялiкай справы. У цэлым жа каляндар мерапрыемстваў, што праходзяць пад эгiдай цэнтра ў суседняй краiне, багаты i разнапланавы. Ужо на пачатку года ў залах Культурнага цэнтра прайшлi выстаўкi графiчных работ Сяргея Стэльмашонка, фотаздымкаў Андрэя Гарбацкага, прафесара, доктара гiстарычных навук, якi выкладае ў Брэсцкiм дзяржаўным унiверсiтэце i адначасова супрацоўнiчае з унiверсiтэтам г. Беластока. Музей у Бельску-Падляскiм прыняў выстаўку жывапiсу маладых мастакоў з Беларусi Васiля Пешкуна, Ганны Селiвончык, Таццяны Грыневiч i Iрыны Дударавай. Фотавыстаўка гродзенскага фотамайстра Аляксандра Ласмiнскага «Мiрскi замак» зараз экспануецца ў Орлi. Па запрашэнню Культурнага цэнтра з пачатку года двойчы ў Варшаве выступаў народны калектыў з Гродна «Гараднiца».

Не менш багатыя i планы на блiжэйшую перспектыву.

— Напрыканцы сакавiка адкрыецца выстаўка мастацкiх прац Мiкалая Бушчыка ў Гданьску, пройдзе сустрэча пiсьменнiкаў Беларусi з беларускiмi пiсьменнiкамi Польшчы, якiя ўваходзяць у лiтаратурнае аб’яднанне «Белавежа», — гаворыць Аляксандр Карачун. — У красавiку завяршаецца Агульнапольскi конкурс «Пазнай Беларусь», якi ўжо другi год запар праводзiцца пад ганаровым патранатам Надзвычайнага i Паўнамоцнага Пасла Рэспублiкi Беларусь ў Рэспублiцы Польшчы Вiктара Гайсёнка i арганiзуецца Культурным цэнтрам. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў адбу-дзецца ў драматычным тэатры iмя А.Венгеркi i будзе суправаджацца вялiкiм канцэртам, у якiм прымуць удзел калектывы з Беларусi i Польшчы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter