З 27 па 30 кастрычніка у Магілёве пройдзе ХIX Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2016”

На магілёўскую “Анімаёўку” спяшаюцца мульцікі з розных куткоў свету

З 27 па 30 кастрычніка ў Магілёве пройдзе ХIX Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2016”
Калі не ведаеце, як цікава і запамінальна правесці апошнія кастрычніцкія дні — набывайце квіткі на цягнікі і аўтобусы да Магілёва, дзе з 27 па 30 кастрычніка пройдзе ХIX Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2016”. Аматарам мульцікаў абяцаюць паказаць за чатыры дні больш за 380 стужак з 45 краін, у тым ліку з Аўстрыі, Аргенціны, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Ізраіля, Індыі, Ірана, Венесуэлы, Кіпра і іншых.

Міжнароднае журы форуму ўзначаліць заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Леанід Насыраў — той самы, дзякуючы якому на свет з’явіліся “Антошка”, “Дзве вясёлыя гусі”, “Хамяк-маўчун” і іншыя вядомыя савецкія мультфільмы.



У насычанай праграме фестывалю не толькі паказы мульцікаў. Падчас “Анімаёўкі” пройдуць розныя творчыя дзіцячыя конкурсы. Тыя, хто спрабуе сам ствараць мультфільмы, змогуць прыняць удзел у майстар-класах, якія правядуць рэжысёры-аніматары. Тым, каго прыцягваюць лялькі і тэатр, прыйдзецца даспадобы сустрэча з прэзідэнтам Еўрапейскага фестывалю лялечнай анімацыі і дырэктарам тэатра “Лялька таксама чалавек” Марэкам Хадачыньскім з Польшчы. А тых, хто настальгіруе па старых мульціках, задаволяць спецыяльныя паказы стужак з залатой калекцыі “Саюзмультфільма”, прымеркаваныя да 80-годдзя кінастудыі, і з калекцыі Дзяржаўнага фонду кінафільмаў Расіі.

У праграме форуму таксама паказ спектакля музычнага тэатра “Пан Саці”, дэманстрацыя фільмаў Нацыянальнага фестывалю польскай анімацыі “O! PLA” і творчая сустрэча з таленавітым спеваком, акцёрам дубляжу і першым з расійскіх артыстаў, хто выйграў кастынг на агучванне мультфільмаў студыі “Уолт Дыснэй” Валерыем Панковым.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter