Беларусь улетку ператвараецца ў сапраўдную фестывальную мекку

На любы густ

І ўсё ж такі, як моцна спорт збліжае людзей. Мяркую пра гэта на прыкладзе Алімпійскіх гульняў у Рыа. Які эмацыйны ўсплёск, якія сімпатычныя твары: і ў тых, хто выступае на Гульнях, і ў тых, хто хвалюецца за спартсменаў. Сапраўды, о спорт, ты — свет!

Безумоўна, мы хваляваліся за нашых алімпійцаў, жадалі ім перамог. Але не менш захапляліся і дасягненнямі іншых спартсменаў. Тых, хто паказваў бясспрэчнае майстэрства, хто дэманстраваў нястрымнае імкненне да поспеху. Гэта як выступленні любімых акцёраў, музычных выканаўцаў — не важна, да якіх краін яны належаць. Талент, абаянне — інтэрнацыянальныя.


Дарэчы, пра спевакоў, а дакладней — пра фестывалі. Так ужо аб’ектыўна складваецца, што Беларусь улетку ператвараецца ў сапраўдную фестывальную мекку. І галоўная ў гэтым шэрагу падзея — міжнародны музычны фестываль “Славянскі базар у Віцебску”. Старажылы фэсту, усе як адзін, сёння прызнаюцца: чвэрць стагоддзя назад ніхто з іх і ўявіць не мог, што ціхія фестывальныя радасці з часам ператворацца ў вялікую музычна-тэатральную тэрыторыю мастацтва самай высокай пробы. За чвэрць стагоддзя “Славянскі базар” не проста мігнуў паспешлівым спалохам у фестывальнай ночы постсавецкай прасторы, але і істотна пашырыў свае межы. На гасціннай віцебскай зямлі ўжо пабывалі артысты з 70 (!) дзяржаў — і  гэта, гавораць у аргкамітэце “Славянкі”, далёка не мяжа. Як магнітам Віцебск прыцягвае да сябе таленты і паклоннікаў з розных куткоў зямлі. У цяперашні Год культуры геаграфія “Славянкі” ўразіла размахам: да нас прыехалі госці не толькі з суседніх еўрапейскіх краін — з іншых кантынентаў. Такая цікавасць да фестывалю, безумоўна, радуе і ўражвае.

Але ж ёсць яшчэ фестываль “Александрыя збірае сяброў”, які прысвечаны традыцыйнаму народнаму святу “Купалле” і яго сучаснай інтэрпрэтацыі. Сёння гэтае свята з размахам і выдумкай адзначаецца ў беларускіх гарадах, пасёлках і вёсках, але больш за ўсё гасцей збіраецца менавіта ў Александрыі Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Ці яшчэ прыклады. Тое, што смех падаўжае жыццё, сёння ўжо навукова пацверджаны факт. Але аўцюкоўцы, жыхары суседніх вёсак Вялікія і Малыя Аўцюкі, што ў Калінкавіцкім раёне на Гомельшчыне, пра гэта даўно ведалі, нават не ўдаючыся ў навуковыя даследаванні. Само жыццё даказвала: там, дзе людзі жывуць з усмешкай, з добрым настроем на заўтрашні дзень — там і справы ідуць спарней, і людзі жывуць лепш, дружней. І, натуральна, даўжэй. Здаўна ведалі аўцюкоўцы гэты закон жыцця, але — а гэта ў характары палешукоў — да пары да часу ў сакрэце трымалі: а раптам ліхі чалавек трапіцца? Датуль, пакуль у іх край журналісцкая сцежка не завяла тады яшчэ маладога пісьменніка Уладзіміра Ліпскага, які па справах апынуўся ў Аўцюках. Некалькі дзён правёў ён у той памятнай камандзіроўцы, пра жыццё аўцюкоўцаў матэрыял збіраючы. Са старшынямі калгасаў гутарыў, начаваў у аўцюкоўскіх хатах, да жыцця вяскоўцаў прыглядаўся. А жылося, трэба сказаць, у тыя постперабудоўныя гады ой як цяжка. Асабліва ў вёсцы — пра тое, што можна жыць так заможна, як сёння, людзі тады і не марылі нават. Але неяк лягчэй за іншых любыя нягоды пераносілі — з жартам, з гумарам! Назіральны Ліпскі, сам паляшук, запісваючы іх жарты і анекдоты, зразумеў, што за простым жыццёвым, часам няхай нават і грубаватым гумарком аўцюкоўцаў тоіцца нешта большае. І прапанаваў: “Дарагія мае землякі, а ці не падзяліцца нам вашым сакрэтам жыцця з усімі добрымі людзьмі Беларусі? Ці не наладзіць нам усебеларускі фестываль нашага, народнага гумару?”

Пры падтрымцы Міністэрства культуры і мясцовых органаў улады арганізавалі аўцю-коўцы ў 1995 годзе Усебеларускі фестываль народнага гумару. Ужо на першым жа Аўцюкоўскім фестывалі ганаровымі гасцямі былі іх калегі па гумары габраўцы з Балгарыі і дэлегацыі з Літвы, Украіны! А нядаўна адбыўся, стаўшы ўжо традыцыйным, восьмы Рэспубліканскі фестываль народнага гумару “Аўцюкі-2016”. Чытайце пра яго матэрыял “І смех там быў, былі і жарты”.

“Вішнёвы фестываль”, што прапісаўся ў невялікім беларускім горадзе Глыбокае, можна назваць даволі маладым. Сёлета ён прайшоў толькі ў чацвёрты раз. Аднак і гэтае вясёлае, яркае свята, прысвечанае кісла-салодкай ягадзе, набыло мноства сяброў, заняло годнае месца ў ліку фестываляў, якія праводзяцца ў Віцебскай вобласці. Словам, больш фестываляў — цікавых, вясёлых, з гумарам. Яны абавязкова дапамогуць зрабіць наша жыццё больш разнастайным, духоўна багацейшым.

Віктар ХАРКОЎ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter