
Яшчэ на ўсходзе сонца ў дзень свята Купалля трэба было ўмыцца расой — гэта добра ўплывала на здароўе. Жанчыны абавязкова абыходзілі вёску з песнямі, гэтак яны стваралі абярэг ад усяго дрэннага, прываблівалі добрае надвор’е і багаты ўраджай. Асаблівую прыгажосць і сілу набывалі «спевы ў перахлёст» бліжэй да вечара, калі жанчыны ішлі ў поле збіраць лекавыя зёлкі, а маладыя дзяўчаты — кветкі. Спявачкі з некалькіх вёсак пачыналі так званым канонам: спачатку першы гурт жанчын гучна і зычна запявае першую страфу песні, напрыканцы якой другі гурт, што знаходзіцца ў суседняй вёсцы, паўтарае гэту страфу спачатку, затым падхоплівае трэці. Прыгожыя, меладычныя купальскія спевы проста плылі па наваколлі. Хлопцы і мужчыны тым часам распальвалі вогнішча. Адну з дзяўчат выбіралі Купалінкай, плялі ёй самы прыгожы вянок і касу з кветак і зеляніны. Як сведчыць павер’е, чым даўжэйшая каса, тым лепшае будзе жыццё.
Моладзь забаўлялася купальскімі гульнямі, карагодамі, варажбой, пляла вянкі і пускала іх па вадзе. Дзяўчаты з хлопцамі абдымаліся і каціліся з гары. Лічылася, калі пара кацілася далёка, то іх сумеснае жыццё будзе доўгае і шчаслівае. Скакалі над вогнішчам, пускалі з гары ў ваду запаленыя колы, шукалі папараць-кветку... Усё гэта адбывалася адначасова з гучнымі спевамі і вясёлымі танцамі. Іх на Полаччыне безліч. Толькі ў вёсцы Багатырская ведаюць больш за 30 купальскіх песень і столькі ж побытавых танцаў.
Завяршалася купальскае свята «бараной»: калі ўсе ўдзельнікі адначасова спявалі купальскія песні, але кожны сваю, з рознымі матывамі. Дзіўны, гучны, непаўторны хор лунаў над навакольнымі вёскамі і ляцеў аж да сонца. Лічыцца, там, дзе чутна «барана», будзе і добры ўраджай, і моцнае здароўе.