На крылах захопленасці

Уладзімір Кісялёў адзначыў свой 80-гадовы юбілей

Вядомы даследчык, краязнавец і літаратар Уладзімір Кісялёў адзначыў свой 80-гадовы юбілей

Без мінулага няма будучыні. Гэтую выснову Уладзімір Мікалаевіч Кісялёў не толькі падтрымлівае на словах. Яе слушнасць ён ужо многія гады даказвае канкрэтнымі справамі, хоць сваёй базавай адукацыяй не звязаны з гістарычнай навукай. Інжынер-электратранспартнік, кандыдат эканамічных навук... А ў даследчыкі гісторыі роднага краю яго прывяло звычайнае захапленне. Чалавека цікаўнага, чалавека нераўнадушнага, чалавека, які хоча сам як мага больш даведацца пра нашу мінуўшчыну і перадаць гэтыя веды нашчадкам.

На Уздзеншчыне, радзіме Уладзіміра Кісялёва, нядаўна прайшла вечарына ўшанавання літаратара. У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, дзе праходзіла мерапрыемства, былі выстаўлены яго кнігі, якіх набралася ўжо каля дзясятка. Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Яўген Шкель, іх аўтар засяродзіўся больш на вывучэнні Наднямоння, а гэта ж і ёсць пераважна Уздзеншчына. Хаця ўдзячныя даследчыку і жыхары іншых панямонскіх мясцін, пра якія напісана нямала цікавых старонак у яго працах. А гэта найперш Капыльскі, Стаўбцоўскі раёны.

Нястомны падарожнік, цікавы апавядальнік, энтузіяст і працалюб — гэта далёка не поўны пералік эпітэтаў, што прагучалі ў той вечар у адрас юбіляра і якіх ён сапраўды варты за сваю шматгранную дзейнасць. Першая кніжка Уладзіміра Кісялёва «На истоках неманских» пабачыла свет у 1985 годзе, а гадамі пазней выйшла дапоўненае выданне «Пуцявінамі Наднямоння», якое аўтар лічыць галоўным зборнікам сваіх даследаванняў.

Між іншым, развіваючы тэму роднага краю, Кісялёў адкрыў для беларусаў імёны знакамітых асоб свайго часу — прафесара электраграфіі і магнетызму Якуба Наркевіча-Ёдкі, багаслова Уладзіміра Завітневіча, ваяводы кіеўскага Адама Кісяля і іншых. Апроч кніг, у творчым багажы даследчыка шмат асобных прац і аб ураджэнцах Уздзеншчыны, якія пакінулі значны след у навуцы, літаратуры, культуры.

Юбіляра віншавалі ў гэты дзень і дзякавалі за магчымасць годна пачуваць сябе ў аўры яго высокіх ведаў, прыхільнасці, дабрыні і спагады пісьменніца Лідзія Арабей, мастак Уладзімір Ткачоў, гісторык-краязнавец Анатоль Валахановіч, рэдактары і выдаўцы Зінаіда Малейка і Віктар Хурсік, былы і сённяшні дырэктары Уздзенскага музея Анатоль Папко і Тамара Лухверчык, прадпрымальнік Анатоль Сташэўскі і іншыя.

А ў ліку пажаданняў юбіляру было і запаветнае — радаваць землякоў і ўсіх беларусаў новымі кніжкамі пра нашу Бацькаўшчыну, яе славутых сыноў і дачок.

На здымку: Уладзімір Кісялёў (справа) з сябрамі і паплечнікамі Лідзіяй Арабей і Анатолем Валахановічам.

Фота: Мiкалай КАРОЛЬ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter