На кручку ў махляроў

Гісторыі, якія хачу расказаць, маюць адзін корань. У аснове іх – наша даверлівасць, здзіўляючая бесклапотнасць, якія і сілкуюць махляроў, розных прайдзісветаў

Гісторыі, якія хачу расказаць, маюць адзін корань. У аснове іх – наша даверлівасць, здзіўляючая бесклапотнасць, якія і сілкуюць махляроў, розных прайдзісветаў.

“Кінула” на  25 мільёнаў

Пачыналася ўсё са звычайнай аб’явы, якую адна бабруйчанка дала ў гарадской газеце наконт пакупкі кватэры. На яе адгукнулася невядомая асоба: маўляў, прадаю кватэру па вуліцы Лынькова. Раён зручны, непадалёк ходзіць тралейбус. Адным словам, спадабаецца адразу: “Давайце грошы – кватэра ў вас у кішэні!” Тая ўзяла і аддала 25 мільёнаў рублёў. Месяц праходзіць, два – ні кватэры, ні грошай... Паўгода чакала даверлівая пакупніца, пакуль нарэшце не звярнулася ў міліцыю. Тая хутка адшукала сляды “прадаўца” жылля... Цяпер гэтая асоба пад следствам. Махлярства інкрымінуецца, тэрмін свеціць немалы. Вось толькі думаеш: чым кіравалася пакупніца кватэры,  аддаючы невядомаму чалавеку  грошы? 

Выпіў чарку, выпіў дзве — і застаўся без кватэры... 

Знаходзяцца спрытнюгі, у тым ліку і з чорных рыелтараў, якія гатовы на ўсё, каб завалодаць чужой маёмасцю. Аб гэтым гаварылася на адной з нядаўніх планёрак у гарвыканкоме. Прыводзіўся такі факт. Невядомыя далі сігнал: спойваюць гаспадара кватэры, адзінокага мужчыну. Той ужо, па сутнасці, не валодае сабой... Ідзе да таго, што невядомыя могуць завалодаць ягоным жыллём. Пакуль пісьмо “хадзіла” па інстанцыях, гаспадара... выпі-салі з кватэры і адправілі на пражыванне ў адну з вёсак Бабруйскага раёна.

Мы абменьваліся думкамі з начальнікам гараддзела міліцыі Алегам Царуком, начальнікам АБЭЗа Віталем Харлапавым. Яны ў курсе гэтай праблемы. Расказвалі, што нядаўна прыхапілі аднаго такога спрытнюгу, які займаўся махлярствам з кватэрамі. Узбуджана крымінальная справа. 

Хто ж гэтыя асобы, якія займаюцца такім недазволеным рамяством? У асноўным гэта людзі, якія нідзе не працуюць, з вышэйшай эканамічнай ці юрыдычнай адукацыяй, якія маюць “сваіх людзей” у юрыдычных службах, рыелтарскіх канторах, — адным словам, з шырокімі сувязямі. 

— Кожнага не ўпільнуеш, — выказваў сваю думку Алег Царук, — некаторыя ўладальнікі кватэр, якія злоўжываюць спіртным, маюць запазычанасць па іх аплаце, самі ідуць на кантакт з такімі асобамі. Тыя заплацяць ім невялікую суму і перасяляюць куды-небудзь у аддаленую вёску: “Дапівайце апошняе...” 

Які вывад напрошваецца? Цяпер свет стаў куды больш жорсткім, нярэдка грошы (ці адсутнасць іх) дыктуюць сваю волю. Тым не менш мы не маем права апускацца ніжэй чалавечай годнасці. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter