Як зменіцца Мінскі чыгуначны вакзал да Еўрагульняў-2019

На класнай станцыі сыду

Праз два гады наша краіна прыме II Еўрапейскія гульні. Трэба паспець прывесці ў належны стан спартыўныя аб'екты і іншую інфраструктуру. Прыедуць тысячы гасцей: да наплыву турыстаў рыхтуецца і вакзал станцыі Мінск-Пасажырскі. «Р» даведалася, якія тут прымаюцца дадатковыя меры бяспекі, і пра навінкі для камфорту пасажыраў.

Эскалатары добрасумленна адпрацавалі амаль 17 гадоў. Знасіліся і патрабуюць замены

Каля 11 тысяч удзельнікаў ужо акрэдытавана на Еўрагульні-2019, яшчэ каля 4 тысяч гасцей — афіцыйныя асобы, валанцёры і журналісты. Да таго ж чакаем турыстаў і балельшчыкаў. Першае, што многія з іх убачаць, — гэта чыгуначны вакзал станцыі Мінск-Пасажырскі. За доўгія гады ён не раз мяняў аблічча, апошні раз — у пачатку новага тысячагоддзя. Як візітная картка краіны трансфармуецца зараз, даведаемся на месцы.

Пачынаем з эскалатараў — імі карыстаецца кожны пасажыр з цяжкімі чамаданамі. Некаторы час рухомыя лесвіцы, што звязваюць цокальны паверх з першым, не працавалі — ішла мадэрнізацыя абсталявання. Гараджане і госці да нязручнасцей аднесліся з паразуменнем.

— Эскалатары добрасумленна адпрацавалі амаль 17 гадоў. Знасіліся і патрабуюць замены, — тлумачыць галоўны інжынер станцыі Пётр Сержан. — З васьмі эскалатараў заменім шэсць. Праект рэалізуем паэтапна, для камфорту пасажыраў. Завершым да красавіка 2018 года.

Перад паездкай тыя, хто купіў праязны білет у інтэрнэце, на вакзале могуць тут жа яго раздрукаваць. Для гэтага працуюць тэрміналы самаабслугоўвання. Спрабуем: на сэнсарным экране ўводзім 14-значны код білета, пару секунд — гатова. Навінка, безумоўна, будзе запатрабаваная. Дарэчы, паслугай куплі білета пры дапамозе электроннай рэгістрацыі на цягнікі ў першым паўгоддзі гэтага года скарысталася на 28,6% пасажыраў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. На 9,9% стала больш тых, хто набыў білет праз інтэрнэт.

Падчас невялікага экскурсу заўважаю — такія тэрміналы і на самай справе карыстаюцца папулярнасцю. Нямала пасажыраў вакзала звяртаюцца і па дапамогу даведачных тэрміналаў. Тут можна паглядзець расклад цягнікоў у патрэбным напрамку і на любую дату, даведацца маршруты гарадскога транспарту. Пытанні можна бясплатна адрасаваць напрамую супрацоўніку вакзала. Для гэтага ўвялі паслугу «відэазванок». Сувязь са спецыялістам — 24 гадзіны ў суткі.

Нязменнае месца прыцягнення ўсіх пасажыраў вакзала — вялікае электроннае табло ў фае. З нядаўніх часоў гэты традыцыйны атрыбут таксама «пасяліўся» ў інтэрнэце.

— Заходзьце на сайт БЧ, справа ўверсе ўбачыце кнопку «анлайн-табло». Там яго размясцілі для эканоміі часу людзей. Можна загадзя, яшчэ па дарозе на вакзал, даведацца шлях і перон вашага цягніка, — заўважае начальнік станцыі Мінск-Пасажырскі Віктар Нізохін.

Зараз гэты сэрвіс у доследнай эксплуатацыі, але спецыялісты ўпэўненыя, што навінка прыжывецца і стане папулярнай. У любым выпадку адміністрацыя заўсёды прыслухоўваецца да заўваг пасажыраў: разглядае ўсе пажаданні і прапановы, праводзіць рэгулярныя анкетаванні — усё, каб павысіць якасць абслугоўвання на вакзале.

Дарэчы, прапускная здольнасць самай вялікай чыгуначнай станцыі краіны — у сярэднім 151 цягнік у суткі. За 24 гадзіны праз мінскі вакзал праходзіць 32 тысячы пасажыраў, без уліку выпадковых наведвальнікаў. Плынь вялікая. У ёй, безумоўна, ёсць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Інфраструктура і для іх прыстасаваная: вакзальны комплекс абсталяваны сучаснымі пандусамі, ліфтамі. Для асаблівых пасажыраў ёсць спецыяльныя кнопкі: націскаеш — і спецыя-лісты прыходзяць на дапамогу.

— Да Еўрагульняў-2019 плануецца закупка новай пад’ёмнай прылады, якая дазволіць пасажырам з абмежаванымі магчымасцямі без перашкод трапляць у вагон. Пасля пасадкі мы абавязкова інфармуем станцыю прыбыцця — яны павінны сустрэць чалавека, — начальнік станцыі імкнецца стварыць усе ўмовы для безбар’ернага асяроддзя.

Дарэчы, у выпадку, калі на вакзале ў замежных турыстаў з‘явяцца пытанні, усё вырашальна: супрацоўнікі прайшлі навучальныя курсы, ведаюць англійскую мову на базавым узроўні — для кароткай размовы гэтага цалкам дастаткова. Перад маштабнымі спартыўнымі спаборніцтвамі іх зноў пасадзяць за парты для папаўнення слоўнікавага запасу.

Дзеля эксперыменту заходжу ў залу павышанай камфортнасці сэрвіс-цэнтра «Клуб-СВ» і на хвіліну прадстаўляюся замежным госцем — падыходжу да адміністратара і пачынаю размову: «Hello! Could you help me?» Прыгожая дзяўчына не губляецца, адказвае адразу. Смела можна заяўляць пра высокую кваліфікацыю супрацоўнікаў: у дадатак да англійскай яны гавораць на нямецкай і іспанскай мовах.

У дапамогу гасцям — сучасныя турыстычныя цэнтры, што размешчаны ў холе і ля галоўнага ўваходу на вакзал. Яны раскажуць, як дабрацца да мясцовых славутасцей, месцаў адпачынку, кафэ, гасцініц.

Мінскі чыгуначны вакзал не баіцца перамен. Нядаўна ён стаў новай зонай свабоднага доступу ў інтэрнэт — тэхналогію Wi-Fi пратэсціравалі і запусцілі. Алгарытм запуску просты, а таблічкі з яго апісаннем, у тым ліку і на англійскай мове, трапляюцца на ўсіх сценах станцыі. На чарзе іншыя выгоды: забяспечыць касавыя залы сучаснымі кандыцыянерамі, мадэрнізаваць сістэмы пажарнай сігналізацыі і відэаназірання, абсталяваць дыспетчарскі пункт кантролю і кіравання грузапад’ёмнымі ўстаноўкамі.

Безумоўна, усе гэтыя навінкі ўкараняюцца не толькі да Еўрагульняў і для іх удзельнікаў — галоўны чыгуначны вакзал краіны ўдасканальваюць для камфорту і нашых пасажыраў.

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter