— Адзін з самых цікавых экспанатаў — тэлевізар, зроблены ў 1955 годзе. Петрусю Броўку яго падарыў Союз пісьменнікаў да 50-гадовага юбілею. Гэту рэч знайшлі на дачы паэта ў Ждановічах у 2017-м.

Прыцягваюць увагу наведвальнікаў рэчы, прывезеныя са згарэлага дома пісьменніка на Ушаччыне. На жаль, пасля пажару засталіся толькі манішка і тканы рукамі маці пояс. Гэтыя экспанаты пераносяць наведвальнікаў музея ў бесклапотнае дзяцінства славутага пісьменніка. Шмат прадстаўлена ў экспазіцыі чамаданаў Петруся Броўкі. Вядома, што паэт вельмі любіў падарожнічаць і наведаў больш за 30 краін свету. У той жа час Броўка быў вельмі гасцінным. Шмат людзей пабывала ў яго доме. Часта заходзіў да паэта і Пётр Машэраў. У кватэры пісьменніка быў тэлефон, які звязваў яго з Домам Урада.
На жаль, юбілей Лiтаратурнага музея Петруся Броўкi з-за пандэміі не атрымаецца адсвяткаваць масава. Але яго супрацоўнікі знайшлі спосаб як — скарыстаўшы магчымасці новых тэхналогій. Запусцілі віртуальны праект, дзякуючы якому людзі з розных краін могуць прачытаць верш Броўкі на роднай мове, размясцілі ў сацыяльных сетках інфармацыю пра дзейнасць музея, яго супрацоўнікоў, творчасць пісьменніка. А восенню плануецца правесці канферэнцыю, прысвечаную Петрусю Броўку.