На хвалі роднай культуры

Беларусы замежжа, якія ўдзельнічалі ў выставе “СМІ ў Беларусі-2017”, адзначыліся ў прамым эфіры радыё “Минская волна”


Вядучая Т. Вяцкая (у цэнтры) і госці яе “Открытой студии” 

Вядучая праграмы “Открытая студия” Тамара Вяцкая распытвала гасцей пра іх уражанні ад сустрэчы з Радзімай, жыццё-быццё ў краінах, дзе яны жывуць. Эфірны час — 35 хвілін — адпрацавалі зладжана, па двое, паспяваючы паведаміць слухачам галоўнае. Карэспандэнтка газеты Саюза беларусаў Латвіі “Прамень” Іна Олесава расказала, што ў беларускай дыяспары Латвіі каля 70 тысяч чалавек. У краіне працуюць 15 беларускіх суполак, і кожная з іх атрымлівае газету. А Людміла Сінякова з Даўгаўпілса лічыць, што жыццё горада ўвогуле немагчыма ўявіць без беларусаў: “Нас там амаль сем тысяч, і гэта самая актыўная дыяспара. На святах нашых заўсёды шмат народу. Гавораць: беларусы ўсё робяць якасна і пазітыўна”. Раней у адной з мясцовых газет выходзіў інфалісток “Беларус Латгаліі”, а цяпер супляменнікі з таварыства “Уздым” выдаюць газету “Уздым”. Ёсць у суполкі й свой сайт, які рэдагуе Людміла Пятроўна.

Наступная пара выступоўцаў была з эстонскай Нарвы: старшыня суполкі “Сябры” Людміла Аннус і яе намеснік, а таксама й муж Віктар Байкачоў. Расказалі пра даўнія сувязі з Барысавам, горадам-пабрацімам Нарвы. Штогод прыязджаюць да іх розныя музычныя калектывы: летась, напрыклад, пабываў гурт “Траецкія музыкі”. “Развіваем культурныя стасункі, наладжваем і турыстычныя, — казаў Віктар Васільевіч. — Тройчы мы прывозілі тураўтобусы з нарвіцянамі на экскурсіі ў Мінск, Хатынь, Барысаў, Нясвіж. А сёлета ў ліпені-жніўні збіраемся праехаць па маршруце Брэст—Белавежская пушча—Гродна”.
Пра вялікае мерапрыемства да 100-х угодкаў народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі, што пройдзе ў верасні ў Таліне, паведамілі Ніна Пээрна і Кетлін Пукк. “Пімен Панчанка нарадзіўся ў Эстоніі, — нагадала Ніна Пээрна. — Мы ўжо запрасілі на свята супрацоўнікаў з музея пісьменніка, што дзейнічае пры адной з мінскіх школ”. А Кетлін Пукк дзялілася ўражаннямі ад наведвання Маладзечна, прызналася: вельмі спадабаліся прысмакі, якімі частавалі, экскурсія па політэхнічным каледжы. Цікава было пазнаёміцца і з сакрэтамі выпечкі хлеба.

У студыі “Минской волны” выступіла і расійска-ўкраінская пара: карэспандэнт газеты “Тюменская область сегодня” Яўгенія Суворава і дацэнт кафедры журналістыкі Палтаўскага дзяржпедуніверсітэта Глеб Кудрашоў. Яўгенія — не беларуска, аднак некалькіх год працуе ў тэматыцы беларуска-расійскага супрацоўніцтва. У Беларусі — упершыню, прызнаецца: хацела развянчаць міф пра “чысціню мінскіх вуліц” — не ўдалося. “Мінск сапраўды вельмі прыгожы і чысты горад. І паперкі нідзе не знойдзеш. Я шукала! — усміхаецца Яўгенія. — У Цюмені кажуць: наш горад — лепшы на Зямлі. Не магу не пагадзіцца: ён мне родны. Аднак побач я б паставіла Мінск”.

А Глеб Кудрашоў здзіўляў Тамару Вяцкую і ўсіх слухачоў пералікам нітачак, што злучаюць Мінск і Палтаву. Родам з Палтавы, напрыклад, першы рэктар Беларускага дзяржуніверсітэта Уладзімір Пічэта, як і настаўнік музыкі легендарнага песняра Уладзіміра Мулявіна Аляксандр Наўроцкі. Крэўна паядналіся ў родзе самога Глеба тры брацкія славянскія народы: “Бабуля родам з-пад Заслаўя, з вёскі Захарычы, дзядуля — з Мікалаева, з татавага боку бацькі — з Саратава”. Закончыў Глеб выступленне вершаванымі радкамі: “Ты ў летапісаў зазірні лісткі/ І дум народных асягні глыбіні./ Убачыш зноў: ідуць цераз вякі/ Як сёстры — Беларусь і Украіна”.

Завяршалі размову намесніца старшыні СБЛ Латвіі Алёна Лазарава і адна з актывістак арганізацыі Алёна Міцкевіч. Пра тое, што беларуская культурная хваля ахоплівае ўсю Латвію на працягу сямі апошніх год, расказвала Алёна Міцкевіч. Дні беларускай культуры праходзяць ад берагоў Балтыкі да Латгаліі. Алёна Лазарава гаварыла пра конкурс даследчых работ “Беларусы Латвии: прошлое и настоящее”, а таксама пра нядаўняе падпісанне дамовы паміж СБЛ ды Беларускім дзяржаўным педуніверсітэтам імя Максіма Танка.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 19 (3523), чацвер, 25 мая, 2017 у PDF

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter