У новым слоўнiку беларускай мовы будзе больш за 245 тысяч слоў

На карысць роднага слова

Уявiце сабе — у новым тлумачальным слоўнiку беларускай мовы, над якiм працуе Iнстытут мовазнаўства iмя Якуба Коласа НАН Беларусi, будзе больш за 245 тысяч слоў! I гэта яшчэ не ўсё багацце нашай мовы. Пра гэта паведамiў дырэктар iнстытута Iгар Капылоў на прэс–канферэнцыi «Роднае слова на прасторах Беларусi», якая адбылася нядаўна ў прэс–цэнтры Дома прэсы. Iнiцыятарам форуму выступiла рэдакцыя часопiса «Роднае слова» — аўтарытэтнага выдання, якому спаўняецца 30 год. У 1988 годзе выйшаў першы нумар гэтага прафесiйнага часопiса для настаўнiкаў–фiлолагаў. Лёс выдання — добрая нагода пагаварыць i пра тое, чаму прысвечаная ягоная плённая праца, i пра людзей, дзякуючы якiм яна адбываецца. Добрым словам згадалi акадэмiка, лiтаратуразнаўцу Мiхася Мушынскага, якi, на жаль, сышоў з жыцця зусiм нядаўна. Нiхто лепш за яго не ведаў творчасцi Якуба Коласа, Максiма Гарэцкага, Мiхася Зарэцкага ды iншых беларускiх пiсьменнiкаў. Ён — аўтар больш за 300 навуковых прац. Мне давялося рабiць з Мiхасём Iосiфавiчам iнтэрв’ю для «СБ» пра збор твораў Коласа, якi ён рыхтаваў. Даследчык распавёў, як прыйшлося зверыць усе iснуючыя варыянты рукапiсаў i публiкацый, таму што лiчыў галоўным захаваць як мага дакладней аўтарскую волю.

Фота НАН Беларусі

Якуб Колас быў вялiкiм шаноўцам беларускай мовы. Сённяшнiя навукоўцы працягваюць яго справу i робяць усё магчымае, каб развiвалася родная мова — так сцвярджае член–карэспандэнт НАН Беларусi, прафесар Аляксандр Каваленя:

— Паглядзiце, колькi за апошнiя гады мы выдалi цудоўных навуковых праектаў! Ад 37–томнага гiстарычнага слоўнiка беларускай мовы да выдання «Гiсторыя беларускай дзяржаўнасцi».

Праца на карысць нацыянальнай культуры павiнна яднаць усiх. Уладзiмiр Гнiламёдаў, акадэмiк, пiсьменнiк, нагадаў словы англiйскага паэта Джона Дона, якiя сталi назвай рамана Хемiнгуэя: «Калi недзе звонiць звон, ён звонiць па табе». Калi недзе знiкае мова, гэта адбiваецца на багаццi культуры ўсяго свету. Бо кожная мова — частка сусветнай духоўнай структуры.

Казалi прысутныя i пра недахопы ў папулярызацыi мовы. Сумна, што мова знiкае з некаторых раённых выданняў. Аляксандр Каваленя падняў яшчэ адну вострую праблему: трэба сачыць за чысцiнёй мовы. Сёння яна, асаблiва з дапамогай iнтэрнэту, актыўна засмечваецца запазычанымi словамi.

Дырэктар Iнстытута лiтаратуразнаўства iмя Янкi Купалы Iван Саверчанка адзначыў, што праца на карысць мовы, спакойная, планамерная, вядзецца ўвесь час: нядаўна падрыхтаваныя новыя падручнiкi. Прадстаўнiк Мiнiстэрства адукацыi Iрына Булаўкiна ўдакладнiла: за год сумарны наклад беларускамоўных падручнiкаў склаў 1 млн 548 тыс. асобнiкаў.

Але цi заўсёды слушнае размеркаванне тых падручнiкаў на друк? — спытаў галоўны рэдактар часопiса «Беларуская мова i лiтаратура» Алесь Бельскi. Можа быць, замест прыватных структур такiя замовы лепш аддаваць у якасцi фiнансавай падтрымкi таму ж часопiсу «Роднае слова», якi мае адпаведную лiцэнзiю?

Рэдактар часопiса Зоя Падлiпская заклiкала ўсiх падтрымаць выданне. Прынамсi, ужо ёсць дамова пра сумесныя праекты з грамадскiм аб’яднаннем «Белая Русь».

— Нацыянальная мова — важнейшы атрыбут дзяржаўнасцi i незалежнасцi краiны, — нагадала Зоя Падлiпская. — 2018 год аб’яўлены Годам малой радзiмы — самы час задумацца пра вечныя каштоўнасцi.

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter