На карысць Бацькаўшчыны

26 лютага 1932 года выйшаў першы нумар газеты “Лiтаратура i мастацтва”. 26 лютага 2007-га (акурат праз 75 гадоў!) у сталiчным Доме прэсы прайшла сустрэча з калектывам рэдакцыi “ЛiМа” прадстаўнiкоў мiнiстэрстваў i ведамстваў, творчых саюзаў i СМI, былых лiмаўцаў i сяброў выдання. Пра газету ўчарашнюю i сённяшнюю распавядае рэдактар штотыднёвiка “Лiтаратура i мастацтва” пiсьменнiк Анатоль КАЗЛОЎ.

— Анатоль Сяргеевiч, пад газетнай вокладкай юбiлейнага нумара прыхаваны надзвычай арыгiнальны сюрпрыз...
— Маеце на ўвазе факсiмiльную копiю самага першага нумара газеты?  Калi мы з калегамi збiралi i рыхтавалi матэрыялы для юбiлейнага выпуску “ЛiМа”, мiжволi адзначалi, з якой цiкавасцю ўспрымаюцца старыя пажоўклыя старонкi. На iх — летапiс характэрных з’яў эпохi, жыццяпiс краiны, адлюстраванне гiсторыi айчыннай культуры, роднай лiтаратуры, творчых працэсаў, лёсу нашай iнтэлiгенцыi, штрыхi да партрэтаў знакавых для Беларусi людзей. Урэшце вырашылi падзялiцца сваёй захопленасцю з чытачамi, змясцiўшы на сённяшнiх старонках сярод шматлiкiх iншых публiкацый i адбiтак “ЛiМа” за 26 лютага 1932 года. Гэта ўжо рарытэт, у пэўным сэнсе помнiк гiсторыi i культуры. Тут i цытаты з газеты розных перыядаў ХХ стагоддзя, i колiшнi эпiзод, звязаны з узнагароджаннем штотыднёвiка “Лiтаратура i мастацтва” ордэнам Дружбы народаў, i артыкул пра плённае супрацоўнiцтва з “ЛiМам” легендарнага паэта Янкi Купалы, i яскравы фотасюжэт — Пётр Машэраў з беларускiмi пiсьменнiкамi на возеры Нарач, i кранальны абразок з гiсторыi закладкi Вялiкага тэатра оперы i балета, якi сёння зноў — у будаўнiчых рыштаваннях...
— А хто ваш чытач?
— Нас чытаюць самыя розныя людзi: простыя вяскоўцы i акадэмiкi, студэнты-гуманiтарыi i афiцэры, правiнцыйныя настаўнiкi i члены ўрада, рабочыя i хатнiя гаспадынi. Ведаю нямала людзей, для якiх “ЛiМ” — сямейная газета, бо, не iмкнучыся падмянiць функцыi iншых спецыялiзаваных выданняў, мы рупiмся зацiкавiць i навукоўцаў, i школьнiкаў, i тых, каму хочацца пачытаць для немаўляцi мiлагучны беларускi вершык цi арыгiнальную загадку. А новая айчынная паэзiя i проза, безумоўна, выклiкаюць цiкавасць у кожнага неабыякавага чытача.  Можна запытацца: чаму ж на нашай першай старонцы пазначана: “Газета творчай iнтэлiгенцыi Беларусi”? Таму што насамрэч так было i ёсць. А наша нацыянальная iнтэлiгенцыя нiколi не адмяжоўвалася ад прадстаўнiкоў iншых сацыяльных груп, i наадварот. Беларусь, калi хочаце, можна лiчыць краiнай, дзе самая большая колькасць актыўных чытачоў. I тое, што наша кiраўнiцтва надае сёння прыярытэтнае значэнне адукацыi, культуры, навуцы, падтрымлiвае мастацкую творчасць, нацыянальную лiтаратуру, развiццё роднай мовы i кнiжнай справы, дазваляе гаварыць пра беларусаў як пра iнтэлiгентны народ у самым глыбокiм сэнсе гэтага слова, i пра Беларусь — як пра краiну iнтэлiгенцыi.
— Анатоль Сяргеевiч, “ЛiМ”, якi нарадзiўся ў драматычныя 1930-я гады, перажыў сталiншчыну, пасляваенную адлiгу, часы застою, перабудову i цяпер у маладой суверэннай беларускай дзяржаве адлюстроўвае i асэнсоўвае падзеi новай эпохi, зноў называюць своеасаблiвай творчай лабараторыяй для маладых лiтаратараў...
— Так, “ЛiМ” быў ёю i застаецца. Тут спрадвек атрымлiваюць пуцёўку ў творчае жыццё практычна ўсе нашы паэты i празаiкi. Калiсьцi лiмаўскiмi дэбютантамi былi, напрыклад, нашы класiкi Iван Шамякiн, Васiль Быкаў, Iван Мележ... Следам iшлi новыя пакаленнi: падтрыманыя на старонках газеты, яны рабiлiся аўтарамi часопiсаў, з часам выдавалi зборнiкi, а цяпер ужо самi благаслаўляюць дэбюты маладых. Пры гэтым сучасныя класiкi, прызнаныя лiтаратары лiчаць за гонар друкавацца ў сваёй роднай газеце. Праз лiтаратуру, праз усе свае рознажанравыя публiкацыi “ЛiМ” вядзе размову пра чалавека i яго ўнутраны свет — у самым шырокiм сэнсе.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter