Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

На карысць Бацькаўшчыны

На VII з’ездзе беларусаў свету ў Мінску перспектыўныя кірункі ўзаемадзеяння разам вызначалі прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі з актывістамі беларускай дыяспары.
Менавіта слова “разам” стала адметным на сёлетнім, ужо сёмым З’едзе беларусаў свету. Такі агульны сход, як вядома, раз на чатыры гады праводзіць Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Імкненне дзяржавы і дыспары да супольнай дзейнасці адзначыў, адказваючы на пытанні журналістаў, Міністр замежных спраў Уладзімір Макей: “Я лічу, што тыя меркаванні, якія прагучалі на з’ездзе, усе былі вельмі канструктыўныя і пазітыўныя. Разам мы павінны ўмацаваць незалежнасць нашай дзяржавы і развіваць нашу краіну. Гаварылі таксама, што дыяспара можа зрабіць свой унёсак у развіццё дзяржавы. Кожны на сваім месцы можа гэта зрабіць: і ў галіне эканомікі, і ў галіне культуры, і ў іншых сферах”.

Голас кожнага дэлегата VII з’езда беларусаў свету быў улічаны
Фота БЕЛТА

У сваім выступленні на з’ездзе Уладзімір Макей адзначаў: дзяржава і дыяспара маюць адзіную мэту — умацаванне незалежнасці і росквіт краіны. Акрэсліў Міністр вельмі важную сёння тэму міру і паразумення: “Беларусь заўсёды выступае за тое, каб усе канфлікты вырашаліся мірнымі, дыпламатычнымі сродкамі. Кіраўнік нашай дзяржавы вылучыў ініцыятыву аб запуску ў рамках АБСЕ новага Хельсінскага працэсу, шырокага дыялогу ў мэтах пераадолення існуючых супярэчнасцяў ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі. Мінск гатовы стаць пляцоўкай для такога дыялогу. Працэс урэгулявання ўкраінскага крызісу паказаў, што мы здольныя выконваць такія складаныя і адказныя задачы”. А дыяспару (беларусаў у свеце, паводле розных дадзеных, налічваецца ад трох да чатырох мільёнаў) назваў дыпламат “мяккай”, аднак магутнай і велізарнай сілай, здольнай адстойваць і прасоўваць інтарэсы Беларусі. Роля беларусаў замежжа, гэтых своеасаблівых паслоў, па яго меркаванні, такая: дапамагчы наводзіць масты паразумення паміж краінамі.

Вельмі станоўча ўспрынялі выступленне Міністра дэлегаты, госці з’езда. Многія адзначалі тое пасля ў сваіх прамовах. Пазітыўныя водгукі чуліся ў гутарках, тых міні-інтэрв’ю, што і мне давалі ўдзельнікі: Іна Снарская з Украіны, Ганна Мазур і Вячаслаў Ігнаценка з Малдовы, Базыль Сегень з Польшчы, Мікалай Логвін ды Ірына Кузняцова з Літвы, Людміла Сінякова з Латвіі, Алег Рудакоў і Людміла Курыловіч з Расіі, Кацярына Фаронда з ЗША…

Пра неабходнасць наладжвання стасункаў казала на з’ездзе і старшыня Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская: “Цяпер тэндэнцыя такая, што ў сувязі з глабалізацыяй мяняюцца роля і месца дыяспары. Тыя краіны, якія выкарыстоўваюць патэнцыял дыяспары, — яны выйграюць. Як прыклад —  Ірландыя, Кітай, Індыя. Мне падаецца, што цяпер і Беларусі дыяспара стала больш патрэбнаю”.

На з’ездзе выступілі намеснік Міністра культуры Васіль Чэрнік, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Марзалюк. Сярод гасцей з’езда былі Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка, намеснік Міністра інфармацыі Алесь Карлюкевіч, кіраўнікі дыпмісій Вялікабрытаніі ды Украіны, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, міністэрстваў адукацыі, эканомікі, замежных спраў, Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы, Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, Рымска-каталіцкага касцёла, Беларускай грэка-каталіцкай царквы, мусульманскай супольнасці Беларусі.

Даклады па асноўнай тэме з’езда “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа — выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця” зрабілі доктар гістарычных навук, супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валянцін Голубеў, кандыдат гістарычных навук, намесніца дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Наталля Гардзіенка, доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства, выкладчык Беластоцкага ўніверсітэта Алег Латышонак. Пасля і кожны з удзельнікаў меў магчымасць выступіць з высокай трыбуны: агучыць набалелае, падзяліцца досведам. Адзін за адным падыходзілі да мікрафона прадстаўнікі беларускіх суполак з Канады, ЗША, Вялікабрытаніі, Польшчы, Малдовы, Украіны, Расіі… Вельмі эмацыйнае і запамінальнае паведамленне было ў прэзідэнта Асацыяцыі беларусаў Эстоніі Ніны Савінавай: “У розных гарадах Эстоніі працуюць беларускія суполкі. Кожная — у сваім кірунку: хто ў фальклорным, хто ў эканамічнай ці турысцкай сферах. Мне ж хочацца сказаць: рада бачыць тут, у Мінску, сяброў-знаёмых, з кім пачыналі займацца беларускімі справамі. Шчасліва пазнаёміцца з маладымі ініцыятыўнымі аднадумцамі”. Пра амаладжэнне беларускага руху і з’яўленне апошнім часам у розных краінах новых суполак супляменнікаў казала, дарэчы, на з’едзе і даследчыца дыяспары Наталля Гардзіенка. Яна падрыхтавала на падставе фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва цікавую выставу, прысвечаную духоўнай спадчыне Францыска Скарыны, якая размясцілася ў фае Міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёхансана Раў. Дарэчы, там і праходзіў з’езд.

Больш дэталёвае абмеркаванне надзённых пытанняў прайшло на другі дзень з’езда. Удзельнікі разышліся па інтарэсах і працавалі ў секцыях.

Беларускія кніжныя навінкі прэзентаваліся на з’ездзе
Фота Кацярыны МЯДЗВЕДСКАЙ

У сёлетнім “вялікім сходзе” (пэўна, пра такі й марыў некалі Янка Купала: “На сход! На Вялікі сход!”, — заклікаў Пясняр у драме “Раскіданае гняздо”) прынялі ўдзел прадстаўнікі з 70 беларускіх арганізацый з 23 краін. Вельмі сяброўская, пазітыўная атмасфера панавала гэтым разам на з’едзе. Здавалася, госці сапраўды былі рады пабачыцца, з імпэтам абмяркоўвалі новыя ініцыятывы, шчыра ўсміхаліся, абменьваліся кантактамі, дамаўляліся аб сумесных праектах. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім наступным чынам ацаніла з’езд: “Я бачу агульны пазітыўны настрой усіх беларусаў працаваць дзеля Бацькаўшчыны. Не проста размаўляць, а знаходзіць нейкія канкрэтныя формы, метады працы. Вельмі добра, што ўсе дэлегаты імкнуцца распавесці пра тое, што, дзе, у якой краіне робіцца”.

Дарэчы. З’езды беларусаў свету праводзяцца з 1993 года рэгулярна: раз на чатыры гады. Арганізатарам традыцыйна выступае Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Старшынёй яго сёлета зноў пераабрана Алена Макоўская. Напрыканцы работы з’езда былі прынятыя выніковыя дакументы, вызначаны кірункі працы на бліжэйшыя чатыры гады. Па дамоўленасці з арганізатарамі, тэксты выступленняў дэлегатаў будуць перададзены ў МЗС Беларусі. Усе прапановы будуць прааналізаваны і абагульнены, а пазней абмеркаваны на пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, які пройдзе сёлета ў верасні — пад час ІІІ Фестывалю мастацтваў беларусаў свету.

Гавораць удзельнікі

Іна Снарская-Дзідык, прадстаўніца аб’яднання беларусаў Палтавы “Агніца”, Украіна


— Мы, беларусы замежжа, як ручаіны, якія ўпадаюць у адну вялікую рэчку: у рэчку нашай Беларусі. І дасягненне кожнага з нас — гэта поспех дзеля росквіту роднай краіны. У мяне, напрыклад, некалькі дзён таму ў бібліятэцы беларускага часопіса “Дзеяслоў” выйшла кніжка “Вогнепаклонніца”. Увайшлі ў яе як выбраныя вершы, так і новыя, а таксама паэма “Рагнеда”. Дарэчы, гадоў 10 таму менавіта газета “Голас Радзімы” вылучала твор на прэмію “Нашчадкі Скарыны”, і ён перамог. Для мяне гэта вельмі важная падзея.

На з’ездзе адчуваецца вельмі добрая тэндэнцыя па аб’яднанні сілаў дзяржавы і дыяспары на карысць роднай Беларусі. І калі мы будзем працаваць разам, то і справы будуць моцныя. А гэта, лічу, галоўная мэта кожнага беларуса.

Базыль Сегень, намеснік старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы


— Вельмі цешыць той факт, што Беларусь выступае сёння гарантам міру і спакою. Пад час сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, што прайшла нядаўна ў Мінску, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка казаў аб ініцыятыве запуску новага Хельсінкскага працэсу. Пра тое гаварыў і Уладзімір Макей. А самы лепшы шлях, як вядома, у вырашэнні канфліктаў — дыялог. І гэта падымае прэстыж краіны ў свеце, што бачна, напрыклад, ва ўзаемаадносінах Беларусі ды Польшчы.

Сёлетні з’езд беларусаў свету праходзіць дружалюбна, спакойна. Усе разумеюць, каб прасіць, трэба і самому штосьці зрабіць для беларускай культуры, беларускасці. З’езд — патрэбная з’ява на карце беларускай нацыі, беларускага народа. Ён дае магчымасць абмяняцца думкамі, вопытам.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 27 (3531), чацвер, 20 ліпеня, 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter