
Надвор’е спрыяе прагулкам. У горадзе штохвілінна можна сустрэць чалавека з павадком у руках.
Арцём, які першым сустрэўся мне на шляху, экіпіруе свайго сабаку Вудзі па апошнім слове закона: на вуліцу выводзіць толькі ў намордніку і на павадку. Грэбаваць гэтым правілам афіцыйна могуць толькі гаспадары шчанюкоў ва ўзросце да 3,5 месяца і сабак дэкаратыўных парод ростам да 25 сантыметраў.
— Для сабак асабліва небяспечных парод варта набыць жалезныя наморднікі, а больш прыязным можна і скураныя. Павадок-рулетка спатрэбіцца, каб цалкам кантраляваць перамяшчэнні гадаванца, але моцна не скоўваць яго, — тлумачыць законапаслухмяны ўладальнік сабакі сярэдняга памеру.
Рэйд пачынаем з Партызанскага праспекта, 1 — побач з домам ёсць спецыяльна адведзенае месца для выгулу сабак. Валянціна Філіч, старшы майстар па добраўпарадкаванні ўчастка ЖЭС-2, акцэнтуе ўвагу:
— Выгульваць сабак без намордніка і павадка дазволена на прызначаных для гэтага пляцоўках, якія абгароджаны плотам. Але там таксама ёсць правілы: гаспадар пры сабе павінен мець шуфлік і поліэтыленавы пакет для таго каб прыбраць за сваім гадаванцам.
Парушальніка сустракаем ужо праз некалькі хвілін. Мужчына і яго аўчарка павольна крочаць па Партызанскім праспекце, паварочваюць на вуліцу Нахімава.
— Чаму ваша сабака не ў намордніку? — ветліва цікавіцца Віталь Шаўкалян, участковы інспектар міліцыі Ленінскага РУУС Мінска.
Мужчына такіх пытанняў ужо не палохаецца: штраф плаціць не першы раз. Рэпутацыя ва ўладальніка сабакі не самая лепшая: мясцовыя раз-пораз скардзяцца ў ЖЭС і ўчастковаму інспектару, што яго аўчарка без намордніка і належнага нагляду спакойна разгульвае побач з дзіцячымі пляцоўкамі. Складаем чарговы пратакол.
Рэйды, па словах Валянціны Філіч, праводзяць два разы на тыдзень, раніцай і ўвечары. У асноўным у поле зроку трапляюць невялікія сабачкі — іх часцей за ўсё заводзяць уладальнікі стандартных гарадскіх кватэр. Але бывае, што цесныя пакоі людзі дзеляць з немаленькімі жывёламі. Гаспадары настолькі прызвычайваюцца жыць разам з імі, што і на вуліцы памылкова думаюць: «Гадаванец хатні, нікому шкоды прычыніць не здольны. Навошта скоўваць яму рух і надзяваць абаронную прыладу на пашчу?»
— Мы спакойна ідзём, што вы ад нас хочаце? — здзіўляецца кабета, сціскаючы ў руцэ павадок далмацінца. Не чакаючы адказу, жанчына пачынае тараторыць пра тое, які выдатны яе сабака: добры, ласкавы, клапатлівы, чулы, ветлівы... Але чаму мы павінны верыць ёй на слова? Закон для ўсіх адзін — і для добрых сабак, і для буяных.

Мінуем яшчэ некалькі вуліц — і на вочы трапляецца малады чалавек з лабрадорам. Гэта, напэўна, найбольш вядомая парода сабак — славіцца празмернай згодлівасцю і дабрынёй. Але зноў: а як жа закон? Правілы для ўсіх аднолькавыя. Тым больш ніколі нельга прадбачыць, што нават у самай добрай на выгляд істоты можа быць цяпер на розуме.
— Наморднік прымацаваны да ашыйніка, але на сабаку не надзеты, — тлумачым уладальніку жывёлы. — Тут вельмі люднае месца, дзясяткі людзей ідуць у краму і назад, побач знаходзіцца чыгуначная станцыя і прыдамавыя тэрыторыі, дзе гуляюць дзеці…
Пасля 15-хвіліннай гутаркі ўладальнік сабакі ўсё ж такі пагадзіўся — ён не мае рацыі. Паслухмяна агучыў свае дадзеныя для пратакола, надзеў наморднік на сабаку і пайшоў на прыпынак электрычкі.
Дзмітрый Ясючэня, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РУУС Мінска:
— За выгул хатніх жывёл без павадка або намордніка да грамадзян прымяняецца адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе папярэджання, а таксама штраф ад 1 да 15 базавых велічынь (арт. 15.47 КоАП). Калі ж гадаванец прычыняе шкоду маёмасці або здароўю грамадзян, парушальніку можа пагражаць больш высокі штраф — ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.
Дарэчы, у мінулым годзе толькі ў Мінску аштрафаваны 57 уладальнікаў хатніх жывёл, увогуле яны заплацілі больш за 2000 рублёў. У ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» папярэджваюць: у красавіку падчас вясновага месячніка па ўборцы і навядзенні парадку правядуць рэйды па кантролі за выгулам сабак. За парушэнне правілаў іх уладальнікі могуць атрымаць штраф да 400 рублёў.
ypopko@sb.by