На Гродненщине провели обряд первой борозды

Першы выхад у поле заўседы быў святам і суправаджаўся комплексам сімвалічна значымых абрадавых дзеянняў, звычаяў і павер’яў. Нашы продкі гаварылі: «Калі з любоўю пакласці зерне ў раллю, то і колас вырасце з любоўю да цябе, вялікі і наліўны», расказвае пра традыцыю вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч. Сёння праца механізавана, але прыгожы старадаўні абрад захаваўся ў сельгаскааператыве «Свіслач» Гродзенскага раёна, яго правяли сёння.

Абрад першай баразны чатыры гады таму адрадзіў народны фальклорны гурт «Жывіца» Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці, а сёння дзеянні ведаюць і ўдзельнікі аматарскай творчасці Свіслацкага цэнтра культуры. Да яго далучылася моладзь і падлеткі.


– Араты ўставаў на золку, надзяваў чыстую кашулю і, акрапіўшы сваіх валоў ці коней крынічнай вадою, адпраўляўся з сахою ў поле. Браў з сабою хлеб, ваду, нярэдка соль і яйкі, – расказвае Наталля Рамановіч. – Заўсёды лічылася важным момантам стварыць у полі той асаблівы настрой, які будзе суправаджаць і дапамагаць земляробам у іх нялёгкай працы, таму на свята завітаў і тэатр народнай песні «Матуліна песня» Жытамлянскага дома фальклора. Нават выпеклі «жавароначкаў» – спецыяльнае абрадавае печыва.



Старадаўні абрад для сучасных хлебаробаў – даніна павагі да традыцый, святам сяброўства і гасціннасці. Ну і, вядома ж, надзея на шчодрасць зямлі, багаты ўраджай, што ў значнай ступені залежыць і ад прыроды. 

Адкрыў урачыстую частку старшыня СВК «Свіслач» Васіль Густыр, які адзначыў, што спрадвеку ў сялян былі асаблівыя адносіны да пачатку палявых работ. Яны ўкладвалі ў кожнае дзеянне глыбокі сэнс. І правядзенне абраду павінна настроіць кожнага працаўніка на асаблівы стан душы: зямля прыносіць свае плады толькі тым, хто адносіцца да яе з любоўю і павагай.



Благаславенне на добрыя справы і ўраджай прагучала з вуснаў настаяцеля Крыжаўздзвіжанскага храма вёскі Свіслач іерэя Андрэя (Русака). Пасля малебна свяшчэннаслужыцель акрапіў святой вадой збожжа, поле, тэхніку і механізатараў.

…Шырока крочачы з сявенькамі-лубамі ў руках ішлі старшыня СВК Васіль Густыр і галоўны аграном Сяргей Саўчык, кідаючы ў зямлю адборнае зерне, што, без сумнення, прарасце добрым ураджаем. А затым эстафету пераняла моладзь, і адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі Юрый Шашура вывеў у поле магутны трактар Fendt 724 з сеялкай HORSCH Pronto DC, здольнай засяваць паласу са значна большай шырынёй, чым размах чалавечай рукі.



Тэхніка пайшла працаваць на палеткі, адлічваючы першыя гектары, засеяныя яравым клінам. Нездарма кажуць у народзе, што веснавы дзень год корміць.

Фота Наталлі Рамановіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter