Историк: как освобождали Беларусь от фашистской нечисти

На Гомельскім напрамку

(Працяг. Пачатак у № 80, 83

75 гадоў таму Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Жорсткія кровапралітныя баі ішлі за кожны горад, кожную пя­дзю зямлі. Сведчанне чаму — абеліскі і брацкія магілы на цэнтральных плошчах гарадоў і вёсак.



Пра тое, як ішлі баі за Беларусь, што папярэднічала доўгачаканаму дню вызвалення, наша размова з загадчыкам аддзела ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАН доктарам гістарычных навук, прафесарам Аляксеем Літвіным.

— Паважаны Аляксей Міхайлавіч! Восенню 1943 г. савецкія войскі ўпарта атакавалі, наносілі ўрон ворагу, вызвалялі родную зямлю. Якія бітвы ў гэты час на нашай зямлі былі вызначальнымі?

— Войскі правага крыла Калінінскага фронту 6—10 кастрычніка правялі Невельскую наступальную аперацыю, у выніку якой у першы дзень быў вызвалены Невель, а затым войскі фронту прасунуліся яшчэ на 25—30 км, перарваўшы сувязь паміж групамі армій «Поўнач» і «Цэнтр». Паміж імі ўтварыўся разрыў у 20 км. 20 кастрычніка Калінінскі фронт перайменаваны ў 1-ы Прыбалтыйскі, а Прыбалтыйскі — у 2-і Прыбалтыйскі фронт. Войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту з 1 па 21 лістапада вялі наступленне на Віцебска-Полацкім напрамку, уклініліся правым крылом на 45—55 км і глыбока ахапілі гарадоцкую і віцебскую групоўкі нямецкіх войск. На працягу лістапада 1943 г. часці і злучэнні фронту атрымалі папаўненне і вялі падрыхтоўку да Гарадоцкай аперацыі, якая была праведзена 13—31 снежня 1943 г., у выніку якой войскі фронту прасунуліся на 60 км, ліквідавалі гарадоцкі выступ, вызвалілі 1220 населеных пунктаў, у тым ліку Гарадок. Праціўнік страціў забітымі больш за 65 тыс. салдат і афіцэраў, 3300 гітлераўцаў былі захоплены ў палон. Значнымі былі таксама і страты савецкіх войск. Падчас Невельскай і Гарадоцкай аперацый (кастрычнік—снежань 1943 г.) яны склалі 168 902 чалавекі, у тым ліку 43 551 — незваротна.

— 21 верасня 1943 г. у аператыўнай зводцы Савінфармбюро з’явілася паведамленне аб Гомельскім напрамку. Савецкія войскі фарсіравалі Днепр і Сож, вызвалілі Камарын, Церахоўку, Ветку, Добруш, Навабеліцу, Лоеў. І пачалі баі за абласны цэнтр, якія ўвайшлі ў гісторыю як Гомельска-Рэчыцкая аперацыя. 26 лістапада Гомель быў вызвалены. У свабодны горад прыбылі ЦК КП (б) і Урад Беларусі...

— Трэба адзначыць, што больш паспяховымі былі аперацыі, якія ажыццяўляліся ў гэты час войскамі Цэнтральнага і Калінінскага франтоў. Войскі Цэнтральнага фронту бліскуча правялі Чарнігаўска-Прыпяцкую аперацыю (26 жніўня—30 верасня 1943 г.), у выніку якой прасунуліся на 300 км, выйшлі да Дняпра, Прыпяці і Сожа і захапілі плацдарм на гэтых рэках.

Савецкія танкі на вуліцах вызваленай Рэчыцы.
mlyn.by

Адначасова з дзеяннямі на Віцебскім, Аршанскім і Магілёўскім напрамках, выкарыстоўваючы раней захопленыя плацдармы на Сожы і Дняпры, Цэнтральны фронт, які быў узмоцнены 3, 50 і 63-й арміямі, разгарнуў наступленне на Гомельска-Бабруйскім кірунку. Наступленне пачалося 15 кастрычніка на левым крыле Цэнтральнага фронту сіламі 61-й і 65-й армій уздоўж Дняпра ў кірунку Рэчыца—Жлобін — у тыл нямецкай групоўкі. 16 кастрычніка яны фарсіравалі Днепр, 17 кастрычніка вызвалілі гарпасёлак Лоеў і захапілі плацдарм на правым беразе шырынёй каля 40 і глыбінёй каля 20 км. Лоеўскі плацдарм меў вялікае стратэгічнае значэнне і адыграў важную ролю ў правядзенні далейшых наступальных аперацый на Калінкавіцкім і Рэчыцкім кірунках. 20 кастрычніка 1943 г. Цэнтральны фронт перайменаваны ў Беларускі фронт.

10 лістапада 1943 г. пасля кароткатэрміновай падрыхтоўкі войскі Беларускага фронту (камандуючы — генерал арміі К.К. Ракасоўскі) пачалі Гомельска-Рэчыцкую аперацыю (10—30 лістапада 1943 г.). У параўнанні з папярэднімі яна была лепш падрыхтавана і бліскуча праведзена. «Перад нашым Беларускім фронтам, — успамінаў пазней маршал К.К. Ракасоўскі, — дзейнічалі нямецка-фашысцкія войскі групы армій «Цэнтр» (4, 9 і 2-я арміі), якія выконвалі заданне гітлераўскага камандавання: не дапусціць прарыву Усходняга вала. Мы ўжо пераканаліся ў моцы гэтага рубяжа. У лоб узяць цяжка. Тут патрэбны смелы манеўр і ўменне падмануць праціўніка. Мы маглі ісці на рызыку, паказваючы канцэнтрацыю сіл на адным участку фронту, у той час калі рыхтавалі ўдар зусім у другім напрамку. Мы так і зрабілі. 11-я армія І.І. Фядзюнінскага разам з войскамі У.Я. Калпакчы безупынна атакавалі праціўніка паўночней Гомеля, прыкоўваючы яго ўвагу да гэтага ўчастка. А асноўны ўдар намі быў падрыхтаваны з лоеўскага плацдарма».

Войскі фронту прарвалі абарону праціўніка шырынёй 100 км і прасунуліся на захад на 130 км. У выніку аперацыі 18 лістапада была вызвалена Рэчыца, а 25 лістапада — Гомель. 

Масква салютуе перамогам Беларускага фронту

— Першы значны поспех Беларускага фронту — Калінкавіцка-Мазырская аперацыя, падчас якой ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў былі вызвалены Мазыр і Калінкавічы. У Маскве ў гонар гэтай падзеі быў дадзены артылерыйскі салют. 

У канцы лютага Беларускі фронт правёў Рагачоўска-Жлобінскую наступальную аперацыю. Немцаў адкінулі за Днепр, захапілі плацдарм на яго правым беразе. Але войскі не змаглі развіць поспех, прасунуцца далей на Бабруйск—Мінск не атрымалася. Чаму?

— У перыяд з 8 студзеня па 8 лютага 1944 г. войскамі левага крыла фронту была праведзена Калінкавіцка-Мазырская наступальная аперацыя, у выніку якой савецкія войскі адкінулі праціўніка на 60 км і вызвалілі Мазыр, Калінкавічы, Азарычы, Лельчыцы. І, нарэшце, 21—26 лютага 1944-га часткай сіл фронту была праведзена Рагачоўска-Жлобінская наступальная аперацыя, у выніку якой 24 лютага вызвалены Рагачоў, войскі фронту захапілі плацдарм на правым беразе Дняпра і выйшлі на подступы да Жлобіна.

Так развівалася Гомельска-Рэчыцкая аперацыя.
nashkraj.info

У лютым—сакавіку войскі фронту ўзаемадзейнічалі з войскамі Заходняга фронту ў наступленні пад Віцебскам, дзе прарвалі абарону праціўніка і палепшылі свае пазіцыі. Толькі ў другой палове красавіка 1944 г. войскі франтоў, якія наступалі ў напрамку Беларусі, атрымалі загад аб пераходзе да абароны. 

За валам не адсядзеліся

— Аператыўная паўза, якая ўзнікла на Беларускім фронце, доўжылася да ліпеня 1944-га. Немцы выкарыстоўвалі яе для падрыхтоўкі да абароны, будавалі доты і дзоты, стваралі так званы Усходні вал. Наколькі моцнай была гэтая сістэма ўмацаванняў?

— Вярхоўнае ваеннае камандаванне Германіі, адчуваючы небяспеку для нямецка-фашысцкіх войск, усяляк імкнулася спыніць наступленне Чырвонай Арміі і захаваць за сабой важнейшыя эканамічныя раёны на ўсход ад Дняпра. З гэтай мэтай было паскорана будаўніцтва так званага Усходняга вала — стратэгічнага абароннага рубяжа па лініі рака Нарва—Віцебск—Орша—рэкі Сож—Днепр—Малочная—усходняе ўзбярэжжа Крымскага паўвострава. З дапамогай яго гітлераўскае кіраўніцтва разлічвала спыніць наступленне савецкіх войск і стварыць умовы для будучага контрнаступлення. Але, як вядома, гэтыя намаганні аказаліся безвыніковымі: рашучы наступ Чырвонай Арміі на гэтых рубяжах спыніць не ўдалося. Вал быў прарваны і кінуты немцамі пры адступленні.

valk@sb.by

(Працяг будзе)
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter